Калі б мухі маглі чытаць дзяржаўную прэсу, яны б дохлі ад нуды

Галоўны спажывальнік кантэнту «саўбелкі» і праграм Азаронка патрабуе «праўды» ад сваіх прапагандыстаў. Але каб без «крытыканства».

_telebasznja___minsk___telebaczanne__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg

Хоць Аляксандр Лукашэнка любіць замалявацца захавальнікам міру, у думках ён увесь час ваюе. Гэта перманентная, экзістэнцыяльная вайна з палітычнымі ворагамі, тымі, хто замахваецца на святое — яго, Лукашэнкі, уладу. На ваяўнічы лад кіраўнік настройвае і падначаленыя рэжыму СМІ.

На «Форуме медыйнай супольнасці Беларусі» (супольнасць, зразумела, выключна лаяльная) 28 траўня ў Магілёве Лукашэнка называў журналістаў «абаронцамі, байцамі, ваярамі», інфармацыю — зброяй, карацей, сыпаў мілітарысцкай лексікай. Яго карціна свету такая: Беларусь знаходзіцца «пад прыцэлам агрэсіўнай прапаганды», а інфармацыйная вайна — гэта «прэлюдыя да гарачай фазы супрацьстаяння», піша Аляксандр Класкоўскі на «Позірку».

Медыяполе зачышчана, але кіраўнік неспакойны

На фоне ўласных заклікаў змагацца з фэйкамі кіраўнік зноў артыкуляваў любімую страшылку: маўляў, выціснутым за мяжу палітычным апанентам «заходнія дзеячы грошы даюць на зброю, узброеную барацьбу, на захоп хоць бы кавалачка зямлі на тэрыторыі Беларусі. Гэта ім трэба. Амерыканцам перш за ўсё. Нават не еўрапейцам».

Дарэчы, не дзіўна, што пры такім спецыфічным, канспіралагічным мысленні правадыра рэжым абрынуў такую моц на зрыў выбараў у, здавалася б, маргінальную Каардынацыйную раду (КР). А раптам Павел Латушка захопіць Маларыту або Кобрын, абвесціць КР сапраўднай уладай і пакліча на падмогу натаўцаў, якія нібыта ўжо капаюць зямлю капытамі?

Лукашэнка пахваліў работнікаў дзяржСМІ за перамогі на інфармацыйным фронце. Так, медыя рэжыму цяпер фармальна пануюць унутры краіны. Незалежныя СМІ юрыдычна ліквідаваныя, 35 іх супрацоўнікаў — за кратамі. Лукашэнка назваў іх «здраднікамі». У разуменні кіраўніка рэжыму здраднікі — тыя, хто не «топіць» за яго бясконцае кіраванне.


Глядзіце таксама

У дадатак улады прыкладаюць каласальныя намаганні, каб заглушыць голас выціснутых у эміграцыю недзяржаўных медыя. На іх навешаны цэтлік «экстрэмісцкіх фарміраванняў», чытаць іх у Беларусі — справа рызыкоўная. Непажаданыя сайты блакуюцца.

І ўсё роўна, як бачым, на душы ў кіраўніка неспакойна. На форуме ў Магілёве ён падкрэсліў: «Мы не расслабляемся. Больш за тое, максімальна сканцэнтраваныя на пагрозах. Прычыны вядомыя. І калі я бачу, што хтосьці самазаспакоіўся, я часта нагадваю: не самазаспакойвацца, у адваротным выпадку атрымаем тое, то атрымлівалі».

Інакш кажучы, шок 2020 года так і не прайшоў. Можна прагназаваць, што такая жорсткая, практычна таталітарная палітыка ўладаў у медыясферы будзе працягвацца да канца эпохі Лукашэнкі. І ўжо, вядома, ніякіх паслабленняў ён не дазволіць у сувязі з надыходзячымі прэзідэнцкімі выбарамі 2025 года.

Пракляты Інтэрнэт не заглушыш

Такім чынам, медыяполе ўнутры краіны зачышчана як у плане юрыдычным (хоць якая тут законнасць!), так і ў плане фізічным (журналісты — у турме ці эміграцыі). Праўда, пракляты Інтэрнэт не заглушыш, хоць у крытычныя моманты рэжым і гэта спрабуе.

На форуме Лукашэнка зазвычай грэбліва назваў Інтэрнэт «сметніцай», паскардзіўся, што ад яго «нікуды не падзецца», але прызнаў, што «гэта і найвялікшае дасягненне. І нам трэба навучыцца карыстацца інтэрнэтам».

Адчуваецца, што ён застаецца афлайнавым чалавекам, атрымлівае інфу ў раздрукоўках. І гэта для падначаленых зручна ў плане маніпулявання. У тым ліку — часцяком надзьмутымі лічбамі папулярнасці дзяржСМІ на розных платформах.

Калі ж браць незалежную сацыялогію, то, паводле даных праведзенага ў лістападзе 2023 года даследавання «Chatham House», сярод гараджан-беларусаў гледачамі дзяржСМІ з'яўляюцца 38%, аўдыторыя недзяржаўных СМІ складае 16%, яшчэ 23% выкарыстоўваюць абодва тыпы крыніц.

Гэта значыць, у суме 39% рэспандэнтаў рызыкнулі прызнацца, што спажываюць «экстрэмісцкі» кантэнт. На самой справе гэтая доля можа быць значна большай. Самі даследчыкі прызнаюць: фактар страху можа моцна адбівацца на лічбах.


Глядзіце таксама

Аўтары апытання таксама адзначаюць: «На працягу паўтара года практычна адсутнічае дынаміка ў стаўленні беларусаў да ваенных дзеянняў. Да прыкладу, калі ў чэрвені 2022 года дзеянні расійскай арміі падтрымлівалі 33%, то ў лістападзе 2023 года — 36%».

Агрэсія не такая ўжо і малая. З іншага боку, варта ўлічваць, што гэта пасіўныя заўзятары: за ўдзел беларусаў у вайне — толькі 1%. І ў любым выпадку гэта моцна адрозніваецца ад настрояў расійскага грамадства.

А ў кантэксце нашай тэмы важна тое, што, нягледзячы на магутную пракрамлёўскую прапаганду, колькасць тых, хто падтрымлівае напад на Украіну, практычна не расце.

Рэгіянальная прэса: мухі дохнуць ад нуды

Лукашэнка гаварыў пра абарону інфармацыйнага суверэнітэту, нацэліў на «фармаванне нацыянальнага інфармацыйнага стылю вяшчання з павелічэннем долі вытворчасці ўласнага якаснага, канкурэнтаздольнага прадукту».

Але інфармацыйны суверэнітэт ён разумее так: адсячы суграмадзян ад незалежных СМІ, якія працуюць з-за мяжы, адгарадзіць ад Захаду. Улады шырока адчынілі браму «рускаму свету» і яго агалцелай прапагандзе. Які тут нацыянальны прадукт, калі працягваецца русіфікацыя, калі СМІ рэжыму перапяваюць маскоўскія наратывы, калі слова «свядомыя» кіраўнік прамаўляе грэбліва?

Ёсць ва ўладаў і яшчэ адна няўвязачка. Лукашэнка на форуме не раз заводзіў гаворку, што ў СМІ павінна быць і крытыка, пастаноўка праблем: «Ніколі не патрабаваў фільтраваць інфармацыю, ствараючы ў СМІ "паралельныя светы" ўсеагульнага дабрабыту і замоўчваючы вострыя тэмы. Мой падыход вы ведаеце: людзі павінны бачыць і ведаць праўду».

Але, па-першае, мы добра ведаем, што менавіта за праўду пра пратэсты 2020 года незалежную прэсу ў краіне выразалі пад корань.


Глядзіце таксама

Па-другое, сам кіраўнік раз за разам агаворваецца: «Без крытыканства. Нам крытыканства не трэба < ... > А так, па-дзелавому, каб быў эфект». Увогуле, «нам нужны подобрее Щедрины и такие Гоголи, чтобы нас не трогали».

Зразумела, што рэдактар дзяржвыдання палічыць за лепшае не рызыкаваць. Ну, можна там п'янога вадаправодчыка прапесочыць, а каго-небудзь з вялікіх гузоў пашчыпаць, бязладдзе дзяржаўнага маштабу выкрыць — ну, не, дудкі, дурняў няма галаву падстаўляць.

Асабліва бяззубыя раённыя выданні. Яны — пад пятой мясцовых вертыкальшчыкаў, паныла іх праслаўляюць. Лукашэнка на форуме зрабіў паказушны жэст: загадаў, каб у «прэзідэнцкі агляд СМІ» ўключалі больш матэрыялаў рэгіянальнай прэсы. Але ці доўга кіраўнік вытрымае такое меню? Там жа кантэнт такі, што, калі б мухі маглі чытаць, яны б дохлі ад нуды.

Многія беларусы проста ўключылі рэжым самазахавання

Увогуле, гэтыя хвалёныя байцы ідэалагічнага фронту смелыя, толькі калі трэба выліць цэбар бруду на ворагаў рэжыму. А вось функцыю кантролю за ўладамі, як у дэмакратычных краінах, прэса рэжыму Лукашэнкі, як і іншых падобных рэжымаў, выконваць па вызначэнні не можа.

І лічбы ахопу прапагандай, якімі падначаленыя цешылі слых правадыра на медыяфоруме, могуць аказацца ў многіх сэнсах зманлівымі.

Сацыёлагі «Беларускай аналітычнай майстэрні» паводле вынікаў апытання, праведзенага ў ліпені мінулага года, канстатавалі: «Узровень даверу беларусаў да беларускіх афіцыйных СМІ нельга лічыць высокім. Цалкам ім давярае не больш за чвэрць насельніцтва. Прынамсі чвэрць цалкам не давярае». У той жа час «у той ці іншай меры незалежным беларускім СМІ давярае больш за палову насельніцтва Беларусі».

Пры гэтым аўтары даследавання таксама падкрэсліваюць, што на яго вынікі можа ўплываць фактар страху (самі разумееце, у які бок).


Глядзіце таксама

У савецкі час дзясяткі мільёнаў грамадзян спраўна выпісвалі «Праўду» і іншыя казённыя выданні, глядзелі праграму «Время». Заходнія «галасы» глушыліся. Але калі сістэма аказалася ў крызісе, грамадства, якое шмат гадоў замбавалі, заварушылася, забурліла, чэргі выстройваліся па перабудоўныя выданні.

Уся ідэалогія пайшла прахам. Людзі спальвалі партбілеты, на паўсвабодных выбарах галасавалі за дэмакратычных кандыдатаў. Партыйныя функцыянеры не вырашаліся совацца на мітынгі: аўтарытэт КПСС, якая напышліва кіравала сем дзесяцігоддзяў, споўз да нуля. І ніхто не кінуўся абараняць Саюз, калі ў Белавежскай пушчы яму падпісалі прысуд.

Так што і «дасягненні» рэжыму Лукашэнкі ў плане прамывання мазгоў не варта перабольшваць. Проста многія беларусы цяпер уключылі рэжым самазахавання, і гэта разумная тактыка. А ў гадзіну «Ч» можа аказацца, што асцярогі правадыра наконт «тых, хто схаваліся пад ліштвой» былі зусім не беспадстаўнымі.