«Разрыў непазбежны, але хочацца заставацца на адной хвалі». Як прапаганда падзяляе беларусаў
Стагоддзе таму ў беларусаў былі папулярнымі словы «эміграцыя» і «іміграцыя». Сёння больш на слыху іх сінонімы: «тыя, хто з'ехалі» і «тыя, хто засталіся».
Вельмі балюча назіраць за тым, як расце разрыў паміж беларусамі, якія з'ехалі і засталіся. Зразумела, у нас цяпер розныя краіны, розныя праблемы і радасці, часта розныя тэмы для абмеркавання. Але цяжэй за ўсё бачыць тое, як паміж намі расце непаразуменне, якое з усіх сіл разагравае прапаганда.
Высокія цэны і забастоўкі
Раней, у 2021-2022 гадах, мы з маім сябрам (зусім не «ябацькам») увесь час на адной хвалі абмяркоўвалі тое, якая жэсць дзеецца ў Беларусі. Сябар скардзіўся на тое, што яго, магчыма, скароцяць, хоць ён займаў далёка не апошнюю пазіцыю ў сваёй дзяржструктуры.
Тады ён жыва цікавіўся, як я ўладкоўваўся спачатку ва Украіне, а потым і ў Польшчы, пытаўся, як у нас ідуць справы з прадуктамі, «а то ў нас тут кажуць, што ў вас праблемы з грэчкай і соллю», і потым мы разам смяяліся з гэтага, піша Дзяніс Рублёў для «Plan B».
Цяпер ён скідвае мне ролікі, дзе дзяўчына расказвае пра высокія цэны ў Польшчы, піша пра тое, што фермеры блакуюць рух вуліц у Варшаве.
Але самае страшнае (для мяне), што цяпер ён з недаверам ставіцца да таго, што я яму адказваю: і цэны бываюць розныя — нешта танней, а нешта даражэй, і фермеры блакуюць дарогі, таму што на іх трымаюцца сельская гаспадарка і харчовы рынак далёка не толькі Польшчы. І што блакуюць — таму што змагаюцца за свае правы, і гэта не бязмежжа, а дэмакратыя, са сваімі перавагамі і выдаткамі.
Няма працы
Яшчэ адзін добры знаёмы, лекар у мінскай лякарні, раней з горыччу гаварыў, што яго знаёмых-дактароў цяпер больш у Польшчы, чым у Беларусі, расказваў пра іх заробкі і шкадаваў, што з шэрагу аб'ектыўных прычын сам не можа пераехаць.
Цяпер ён задаволены, што купіў тур у Венгрыю і «без праблем атрымаў "шэнген" на два тыдні». А яшчэ жонка яго сябра, які пераехаў у Польшчу, рэзка засталася без працы і цяпер не можа яе знайсці. «У вас жа з гэтым вялікія праблемы», — сцвярджальна сказаў ён.
Што я мог яму адказаць? Вядома, знайсці працу ў чужой краіне заўсёды складаней, чым у сваёй — тут і мова, і легалізацыя, а ў Польшчы яшчэ і велізарная канкурэнцыя з-за ўкраінскіх і беларускіх бежанцаў.
Тады я не стаў яго пераконваць — можа, і дарма. Але цяпер, пракручваючы ў галаве тую размову, я б, напэўна, расказаў два прыклады.
Першы — гэта знаёмы, які займаў далёка не апошнюю кіруючую пасаду ў адной з буйных беларускіх тэлекам-кампаній. Ён пераехаў у Польшчу з жонкай і двума дзецьмі незадоўга да пачатку поўнамаштабнай вайны, але не толькі праз боязь пераследу, а таму што разумеў, што ў той краіне ў яго дзяцей не будзе будучыні. Пераехаў, уладкаваўся рабочым на будоўлю, стаў паралельна развіваць сямейны бізнэс і ні разу не скардзіўся і не шкадаваў аб тым, што зрабіў.
Другі знаёмы паспеў з'ехаць да магчымага арышту і адкрыў у Варшаве невялікі бізнэс. Ён расказаў, што гэта было вельмі цяжка: іншая краіна, іншыя законы і мова.
Але пры гэтым ён знаходзіў велізарны плюс у сваім пераездзе — гэта быў шанец ажыццявіць тое, чаго ён не мог зрабіць у Беларусі з-за жорсткага заканадаўства і асцярогі, што яго будуць «кашмарыць» з нагоды і без. У Польшчы, нягледзячы на ўсе цяжкасці, яму было лягчэй вырашыцца, і ён рады, што гэта зрабіў.
Чаму ж так адбываецца?
Адразу абмоўлюся: я не збіраюся ідэалізаваць Польшчу. Усюды, у любой краіне, акрамя плюсаў ёсць мноства мінусаў, якія ты можаш адчуць не адразу. Заўсёды камфортней жыць у краіне, дзе ты нарадзіўся, вырас, усё ведаеш і разумееш (асабліва калі ты адчуваеш сябе ў бяспецы).
Але ў Беларусі прапаганда свядома робіць з Польшчы недружалюбную краіну, дзе ўсё вельмі-вельмі дрэнна. Ты можаш не глядзець тэлевізар, не слухаць радыё, але на працы, у гасцях, на шашлыках, ды дзе заўгодна, цябе будуць атачаць людзі, якія гэтаму вераць. Пройдзе некалькі гадоў, і асновы любога чалавека пахіснуцца — вада камень точыць.
Для чаго імкнецца прапаганда? Па-першае, аўтарытарнаму рэжыму заўсёды патрэбны вораг, які вінаваты ў тым, што адбываецца ў краіне, — у санкцыях, цэнах, якія растуць, закрытых межах і заблакаваным порнхабе.
Па-другое, працоўная міграцыя ўсё больш набірае абароты. Бягуць і абітурыенты, якія не жадаюць працяглых адпрацовак незразумела дзе, і ўрачы, і айцішнікі, і рабочыя «МАЗа». Паводле апошніх звестак, дэфіцыт кадраў у Беларусі перавысіў 150 тысяч чалавек, а колькасць беларусаў у Польшчы ўжо дакладна большая за 300 тысяч.
Вось і стараецца прапаганда, якая жыве на падаткі тых, хто яшчэ не з'ехаў. А беларусы ў Беларусі і па-за яе межамі становяцца ўсё далей адно ад аднаго.
Так, зразумела, гэта натуральны працэс, і з часам разрыў будзе станавіцца ўсё большым. Але мне б вельмі хацелася, каб пры гэтым усе мы заставаліся на адной хвалі, разумелі адно аднаго і верылі адно аднаму гэтак жа, як гэта было ў 2020-м. Хоць бы дзеля таго, каб у блізкай або далёкай перспектыве ў нас засталося жаданне сустрэць адно аднаго і шчыра абняцца.