«Ён не зломлены» — святар Генрых Акалатовіч будзе абскарджваць прысуд. Хронікі рэпрэсій, 14 студзеня
Асуджаны да 11 гадоў калоніі 64-гадовы ксёндз Генрых Акалатовіч не пагадзіўся з прысудам і мае намер яго абскардзіць. Але з улікам умоў, якія склаліся ў Беларусі, святар згодны на падпісанне прашэння аб памілаванні. З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі на сёння, 14 студзеня.
«Ён не зломлены». Як успрыняў прысуд у 11 гадоў калоніі палітзняволены святар Генрых Акалатовіч
Як паведамляе @katolik_life, ксёндз безумоўна, не пагадзіўся з прысудам і мае намер яго абскардзіць — ён не лічыць сябе ў чым-небудзь вінаватым, у судзе ён таксама віну не прызнаў.
Але з улікам умоў, якія склаліся ў Беларусі, святар згодны на падпісанне прашэння аб памілаванні, калі гэта прапануюць. 64-гадовы ксёндз мае цяжкія хваробы і правёў за кратамі ўжо больш за год.
Тым не менш, ён трымаецца добра, захоўвае бадзёрасць духу і нават жартуе над сваім прысудам — параўноўвае яго з тымі, якія выносілі пры камуністычным рэжыме.
«Па-ранейшаму просіць аб малітве і паўтарае, што спадзяецца толькі на Бога і давярае Яму сваё жыццё».
Нагадаем, палітзняволенага ксяндза 30 снежня асудзілі на 11 гадоў калоніі за «здраду дзяржаве».
У Баранавічах судзяць яшчэ шэсць людзей за пратэсты 2020 года
Учора і сёння Баранавіцкі суд разглядае справу супраць яшчэ 6 людзей. Іх абвінавачваюць паводле арт. 342 КК (грубае групавое парушэнне парадку). Гэта ўжо 8-я група жыхароў Баранавічаў, якую паводле гэтага артыкула судзяць за пратэсты, якія праходзілі ў жніўні 2020 года ў горадзе.
Гэтым разам судзяць: Крэнтоўская Ганна, Клышка Ігар, Ясевіч Атон, Сергель Валянцін, Васілька Яўген, Жук Максім. Ролю суддзі выконвае Іна Паўлоўская.
Брэсцкія праваабаронцы знайшлі ў інтэрнэце ўсяго аднаго Атона Ясевіча з Баранавічаў. Мяркуючы па дакументах Гродзенскага медуніверсітэта, малады чалавек вучыўся на лячэбным факультэце, летам 2024 скончыў трэці курс.
Нагадаем, раней у Баранавічах асудзілі 55 чалавек паводле арт.342 КК за пратэсты жніўня 2020 года. Усім ставілася ў віну тое, што «выкрыквалі лозунгі, дэманстравалі бел-чырвона-белыя палотны, перашкаджалі руху транспарту і функцыянаванню прадпрыемстваў і арганізацый».
Ужо больш за месяц двух беларусаў у закрытым рэжыме працягваюць судзіць за спробу падрыву чыгункі пад Стоўбцамі
У Мінскім абласным судзе з 12 снежня судзілі двух беларусаў — Паўла Вабішчэвіча і Андрэя Зіненку — па абвінавачванні ў «замахе на акт тэрарызму» і «здрадзе дзяржаве». Паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса ім пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі.
У прапагандысцкім фільме восенню 2023 года сцвярджалася, што іх затрымалі за спробу паставіць на чыгунцы ў Стаўбцоўскім раёне выбуховую прыладу, «якая мусіла б спрацаваць па камандзе куратара з СБУ». Прапагандысты распавялі, што Вабішчэвіч трапіў пад увагу сілавікоў, калі даносчык паведаміў у чат-бот КДБ, што на вакзале ў Оршы ён фатаграфаваў чыгуначныя пуці і саставы.
Андрэй Зіненка ў фільме быў паказаны са слядамі збіцця на твары. Справу ў закрытым рэжыме разглядае Сяргей Епіхаў.
У «экстрэмісцкі» спіс трапілі чарговыя кнігі, краўндфандынгавы праект «Gronka», а таксама песня пра Лукашэнку
Гаворка пра:
- Telegram-каналы і чаты «Священный Белавуд», «BIEŁARUSKI ČAT»;
- Instagram старонкі «belkrainec», «intermarium_belsat», «venger1991», dylevskiis», olga_zazik», kedyshkosergei», «golosbelarus», «bykaciarynka», «fuckdictator», «shalyginblr», «ded_salik»;
- Сайт і сацсеткі платформы «Gronka»;
- Сайт і сацсеткі ініцыятыў «Галасы праз межы», а таксама «Народныя навіны Віцебска | Народные новости Витебска»;
- YouTube-канал «За усами»;
- Песня «ИЛЬИЧ feat А.Г. Лукашенко – Дайте газу!»;
- Кнігі «Нарыс гiсторыi Беларусi (1795 - 2002)», «Тайны белорусской истории»;
- Старонка ў Facebook «# ЖывеБеларусь!»;
- Старонкі ва «Укантакце» «Litwiny», «Герои Беларуси 2020»;
- Viber-чат «ГАИ Ельск»;
- Старонкі ў «Х» «Правакатар», «Алесь», «Наша Маша», «Буслик has left the буслянку», «придворный советник Ушба»;
- TikTok-старонкі «bessmertnii7291», «belarus.prо», «sciapan.garadokski», «yauhenlatan», «pozirk_online», а таксама TikTok-публікацыі «Лукашенко про удушение Беларуси», «Лукашенко хочет стать миллионером».
У Хойніках за «экстрэмізм» судзілі вядомага ў горадзе прадпрымальніка
У Хойніках 9 студзеня адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы ў дачыненні да Уладзіслава Дубікоўскага. Мужчыну абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).
Працэс узначальваў суддзя Станіслаў Іванюценка.
Уладзіслаў Дубікоўскі — вядомы ў Хойніках прадпрымальнік, заснавальнік таварыства з абмежаванай адказнасцю «СПЕЦСлавія». Гэтае прадпрыемства займаецца вырабам працоўнага спецадзення. Вядома, што Дубікоўскі ўваходзіў у склад Рады ў развіцці прадпрымальніцтва пры Хойніцкім райвыканкаме, паведамляе Гомельская Вясна.
У Наваполацку за «несанкцыянаванае пікетаванне» асудзілі Дзмітрыя Аношку
Яго справу 13 студзеня разбірала суддзя Зінаіда Балаболава, піша @vicspring.
Дзмітрый — вядомая ў горадзе асоба. «ІТ, актор, спартовец 40+», — піша ён пра сябе ў сацыяльных сетках.
Мужчына з'яўляецца спартоўцам-аматарам, практыкуе бег на розныя дыстанцыі і фігурнае катанне, папулярызуе здаровы лад жыцця, здымаецца ў фільмах, піша блог пра свае падарожжы.
Палітвязня Міхаіла Лабаня, асуджанага да 4 гадоў калоніі, зноў будуць судзіць
Міхаіл — гаспадар ювелірнай майстэрні «Самародак», які займаўся вырабам упрыгожанняў для ўдзельнікаў рэканструктарскіх суполак, вывучаў гісторыю Сярэднявечча. Яго абвінавацілі ў «паклёпе ў дачыненні да Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 367 КК), «абразе Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК) і «абразе прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК).
У траўні 2022 года суддзя Віталь Лапко асудзіў палітвязня да 4 гадоў калоніі і штрафу ў памеры 100 базавых велічынь. Тэрмін Міхаіл адбываў у івацэвіцкай калоніі № 22. Але ў траўні 2024 года яму ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым у Магілёў.
Цяпер стала вядома, што 29 студзеня ў Віцебскім абласным судзе Міхаіла будуць судзіць за данаты паводле арт. 361-2 КК (фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання). Справу будзе разглядаць суддзя Аляксандр Абашын.
У Калінкавіцкім раёне за «экстрэмізм» асудзілі «бездакорнага» лесніка
11 студзеня ў Калінкавічах адбыўся судовы працэс у дачыненні да жыхара адной з вёсак раёну Пятра Іовіна, якога абвінавацілі ў «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч. 2 арт. 19.11 КаАП). Працэс узначальвала суддзя Святлана Кугейка.
Вынік судовага пасяджэння высвятляецца, паведамляе Гомельская вясна.
Пётр больш за 10 гадоў працаваў лесніком у Крукавіцкім лясніцтве Калінкавіцкага лясгасу. Прычым, для кіраўніцтва, лясніцтва і лясгаса ён, відавочна, быў у ліку найлепшых супрацоўнікаў — у верасні 2023 года мужчына быў узнагароджаны нагрудным знакам адрознення Міністэрства лясной гаспадаркі «10 гадоў бездакорнай службы ў Дзяржаўнай лясной ахове Рэспублікі Беларусь».
У Рэчыцы за «экстрэмізм» будуць судзіць музыку найстарэйшага метал-гурта Беларусі
15 студзеня ў судзе Рэчыцкага раёна плануецца разглядаць справу ў дачыненні да вядомага музыкі Андрэя Старушэнкі. Яму інкрымінавана ч. 2 арт. 19. 11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў), паведамляе Гомельская Вясна. Працэс будзе ўзначальваць суддзя Юліяна Лунцэвіч.
Андрэй Старушэнка — гітарыст і адзін з кіраўнікоў найстарэйшага метал-гурта Беларусі EVTHANAZIA. Пасля свайго адраджэння гурт выпусціў шэраг кліпаў на свае сінглы на беларускай мове. Таксама Андрэй арганізоўваў у Рэчыцы шматлікія фестывалі цяжкай музыкі.
Працуе мужчына галоўным энергетыкам Рэчыцкага метызнага завода — аднаго з горадаўтваральных прадпрыемстваў. У 2021 годзе ён быў узнагароджаны ганаровай граматай Рэчыцкага райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў «за шматгадовую добрасумленную працу, значны ўнёсак у развіццё метызнай вытворчасці і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці завода».
Закрылася група «Навіны Віцебска» — самая шматлікая віцебская суполка ў Facebook
Заснавальніца і адміністратарка групы Таццяна Мацвеева напісала, што не можа наўпрост паведаміць прычыны закрыцця пабліка, які праіснаваў тры з паловай гады. Але падкрэслівае, што робіць гэта па незалежных ад яе прычынах. Яна вырашыла, што пакуль праца групы прыпынена на месяц, але далейшыя перспектывы застаюцца няяснымі.
Паведамленне пра закрыццё групы было апублікавана на наступны дзень пасля таго, як перастаў адкрывацца сайт «Народныя Навіны Віцебска». Гэты інфармацыйны рэсурс быў заснаваны ў 2008 годзе, але сёлета 13 студзеня стала вядома, што яго прызналі «экстрэмісцкай інфармацыйный прадукцыяй». Адпаведнае рашэнне 10 студзеня прыняў суд Кастрычніцкага раёна Віцебска. Цяпер сайт і яго сацсеткі не адкрываюцца.