Дзяніс Івашын даслаў з-за кратаў новы верш. Хронікі рэпрэсій, 13 студзеня
З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі на сёння, 13 студзеня.
Палітзняволены аўтар «Новага Часу» Дзяніс Івашын напачатку студзеня даслаў бацькам верш. Пра гэта паведаміла жонка журналіста Вольга Івашына. «Назоў гэтага вершу ў той ці іншай форме ўжываецца ў Бібліі 365 разоў (на кожны дзень году), імаверна, каб дакладна дайшло да чытачоў. І наш ваяр раіць тое самае ў сваім новым лірычна-філязоўскім творы», — напісала яна.
Ня бойся!
Калі ня маеш прагі жыць,
Знайдзі душы сваёй цяпельца.
Прымусь цяпло яго дарыць,
Запаліць агнём ахвярным сэрца.
Калі губляеш агмень веры,
Падзякуй Богу, што жывеш.
Што не бяздушнаю хімерай,
А чалавекам ёсьць, бязь меж.
Калі бяруць у аблогу страхі,
На вечнае жыцьцё — не забывай.
Няма там бабілёнскіх гмахаў.
Усё тленнае — не трапляе ў рай.
Калі адольваюць сумневы,
Якім ты шляхам маеш йсьці,
Дарогай Праўды, Ісьціны й Веры —
Прастуй, сьцьвярджайся й жыві!
Будзьце ўважлівыя — затрыманні на межах Беларусі працягваюцца
BYSOL мае інфармацыю пра як мінімум за 8 арыштаў на мяжы пры вяртанні беларусаў на радзіму на святы — пра гэта паведамляе Андрэй Стрыжак @stryzhak.
Вядома, што частку людзей на мяжы дапытваюць, іх тэлефоны правяраюць, на некаторых наўпрост у аўтобусе надзяваюць кайданкі, а за іншымі прыходзяць праз некалькі дзён.
Таму варта сур'ёзна ацэньваць рызыкі перад паездкай у Беларусь і не забываць пра правілы бяспекі — не захоўваце фота з акцый пратэсту, каб не нашкодзіць сабе і іншым удзельнікам пратэстаў. Акрамя таго, уважліва праглядзіце падпіскі ў сваіх усіх сацсетках на наяўнасць «экстрэмісцкіх» старонак, а таксама «лайкаў» і каментароў на іх.
Аператыўна-аналітычны цэнтр Беларусі ануляваў дамен petitions.bу
Пра гэта паведамілі прадстаўнікі праекту:
«Дамен petitions.bу больш не належыць нам і можа быць выкарыстаны трэцімі асобамі, у тым ліку структурамі, якія могуць выкарыстоўваць яго ў злачынных мэтах, у тым ліку для збору вашых даных. Будзьце ўважлівыя: доступ на сайт petitions.bу НЕ бяспечны, калі яго паспрабуюць аднавіць ці выкарыстоўваць ад нашага імя.
Наш бягучы асноўны дамен — e-petitions.by, працягвае працаваць. Гэта наш афіцыйны сайт на дадзены момант.
У бліжэйшы час мы плануем набыць новы дамен за межамі зоны .BY і зрабіць яго асноўным, каб засцерагчы вашу працу з нашымі інструментамі і сэрвісамі. Мы паведамім аб новым дамене, як толькі ён будзе актываваны».
Amnesty International патрабуе ад уладаў Беларусі вызваліць праваабаронцу Насту Лойку і спыніць рэпрэсіі
Беларускія ўлады, адзначана ў дакуменце, пераследуюць Лойку «па сфабрыкаваных абвінавачаннях за яе праваабарончую дзейнасць», піша @pozirkonline.
На фоне паведамленняў аб катаваннях і жорсткім абыходжанні з праваабаронцай «яе бяспека і дабрабыт выклікаюць сур'ёзныя засцярогі», канстатуе Amnesty International.
«Наста Лойка павінна неадкладна выйсці на волю!» — гаворыцца ў заяве арганізацыі.
Нагадаем, у чэрвені 2023-га году ў Мінскім гарадскім судзе палітзняволенай прызначылі 7 гадоў калоніі за падрыхтоўку даклада «Пераслед анархістаў, антыфашыстаў, левых і сацыяльных актывістаў у Беларусі» (2017-жнівень 2018 года). У ім нібыта даецца крытычная ацэнка дзейнасці супрацоўнікаў міліцыі. Суд праходзіў у закрытым рэжыме, таму падрабязнасці і пазіцыя самой Насты невядомыя.
Расійскага журналіста ў Беларусі абвясцілі ў вышук па абвінавачанні ў «садзейнічанні экстрэмізму»
УУС Гомельскай вобласці абвясціла ў вышук расійскага журналіста-расследавальніка і вядучага праграмы «Можам растлумачыць» Іллю Даўлятчына па абвінавачанні ў «садзейнічанні экстрэмісцкай» дзейнасці (ч. 2 арт. 361 КК), піша @mozhemobyasnit. Пасля гэтага расіянін аўтаматычна трапіў у базу вышуку ў Расіі згодна з правіламі Саюзнай дзяржавы.
Прычынай для крымінальнай справы стаў удзел журналіста ў ток-шоу «План:Б» тэлеканала «Белсат», які ў Беларусі прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем», а ў Расіі — «непажаданай арганізацыяй».
Адвакаты Даўлятчына апавясцілі Інтэрпол аб палітычным характары пераследу.
Мінчука, які адказваў за бяспеку пасажыраў у аэрапорце «Мінск», будуць судзіць за палітыку
Анатолю Крупіну 65 гадоў. Паводле інфармацыі «Белпола», у 1993-2015 гадах мужчына працаваў у аэрапорце «Мінск-2» інспектарам службы бяспекі.
У 2016 годзе ён згадваўся як начальнік змены авіяцыйнай бяспекі і рэжыму — тады ў аэрапорце затрымалі грамадзянку Расіі за няўдалы жарт пра траціл у багажы. Сітуацыю каментаваў менавіта Крупін.
У сацсетках апошні допіс мужчыны датуецца чэрвенем 2024 года, піша (https://nashaniva.com/359262) «Наша Ніва».
28 студзеня Анатоля Крупіна пачнуць судзіць у Мінскім гарадскім судзе за «распальванне варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК). Працэс будзе весці суддзя Аляксандр Рудэнка.
Следчы камітэт зноў пагражае беларусам, якія ўдзельнічаюць у акцыях салідарнасці за мяжой
Ведамства нібыта атрымала інфармацыю аб планах, «накіраваных на спробу дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь на міжнароднай арэне і распальвання сацыяльнай варожасці, з дапамогай нешматлікіх вулічных акцый, якія імітуюць падтрымку радыкальных рухаў»:
Адным з «экстрэмісцкіх перформансаў» стане флэшмоб з умоўнай назвай «Лукашэнка ў Шродэр», арганізаваны «Народнымі амбасадамі».
Акрамя таго, Следчы камітэт абураецца правядзеннем 26 студзеня ў Варшаве фестываля «Беларусы годныя лепшага». Паводле ведамства, ягоная мэта — «стварэнне негатыўнага іміджу вакол выбарчай кампаніі ў Беларусі, абвастрэнне сацыяльна-палітычнай абстаноўкі і знешняе ўздзеянне на прававыя інстытуты».
Сцвярджаецца, што «вядзецца актыўная работа па выяўленні і ідэнтыфікацыі ўдзельнікаў запланаваных акцый за мяжой. Іх дзейнасць дакументуецца для прыняцця рашэння аб прыцягненні фігурантаў да крымінальнай адказнасці, у тым ліку ў парадку спецвытворчасці».
За салідарнасць з палітвязнямі на гэтым тыдні пачнуць судзіць 60-гадовую Наталлю Ладуцька
Жанчыну затрымалі 23 студзеня 2024 году падчас масавага рэйду КДБ за дапамогу палітвязням. Наталлі прад'явілі абвінавачванне паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
Суд над ёй распачнецца 16 студзеня ў Мінскім абласным судзе. Справу будзе разглядаць суддзя Уладзімір Арэшка.
Палітвязня Аляксандра Дарагакупца асудзілі да 5,5 гадоў калоніі за данаты
Брэсцкі абласны суд 10 студзеня абвясціў прысуд 44-гадоваму жыхару Іванава Аляксандру Дарагакупцу. Суддзя Андрэй Сіз прызначыў палітвязню пяць гадоў і шэсць месяцаў пазбаўлення волі, а таксама штраф памерам 50 000 базавых велічыняў (2,1 мільён рублёў), паведаміла Генпракуратура.
Таксама паведамляецца, што мужчына падчас расследавання пералічыў дзіцячым дамам 600 тысяч даляраў.
Аляксандра абвінавацілі ў пералічэнні «экстрэмісцкім фармаванням», у тым ліку «Палку Каліноўскага», грашовых сродкаў і крыптавалюты ў суме не менш за 11 тысяч рублёў паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса.
Прыпыніла вяшчанне радыёпраграма, праз якую сваякі віншавалі зняволеных
Напярэдадні выбараў праграма віншаванняў на Бабруйскім радыё «Zefir FM», якой перыядычна карысталіся сваякі асуджаных, якія адбываюць тэрмін у ПК-2, рэзка сышла «ў адпачынак».
У жніўні мінулага года праваабаронцы паведамлялі пра сітуацыю, калі вядучаму праграмы віншаванняў «Шалом» Міхаілу Гуціну начальства прыгразіла адхіленнем ад эфіру, калі ён не спыніць зачытваць віншаванні зняволеным. Радыёвядучага прымусілі запісаць відэазварот «у стылі ГУБАЗіК», у якім ён усё аспрэчваў, называючы недзяржаўныя СМІ «экстрэмісцкімі».
Цяпер, з мінулай пятніцы на старонцы радыёстанцыі ў сацсетках вісіць паведамленне аб нявыхадзе праграмы «з тэхнічных прычын». Аднак, як удалося даведацца MAYDAY TEAM, праграма не будзе выходзіць у эфір, як мінімум, да 1 лютага, і тэхнічныя прычыны -- гэта толькі падстава.