«Вясна»: у Беларусі за «тэрарызм» ужо асуджаны 71 чалавек. Хронікі рэпрэсій, 15 студзеня

З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі на сёння, 15 студзеня.

1_1097.png

Асуджаныя за «тэрарызм» у Беларусі: ад жанчын да замежнікаў

У Беларусі за «акты тэрарызму» і замаху на іх асудзілі 71 чалавека. Паводле арт. 289 Крымінальнага кодэксу судзілі анарха-партызан, фігурантаў «справы Аўтуховіча», рэйкавых партызан, фігурантаў «справы Мачулішч», «справы Гайдукевіча», «справы АГСБ» і іншых.

У тым ліку паводле «тэрарыстычнага артыкула» да смяротнага пакарання асудзілі нямецкага лекара Рыка Крыгера, а пасля памілавалі і вызвалілі ў межах абмену. З 71 асуджанага паводле палітычных матываў налічваецца восем жанчын, сем — замежных грамадзян, дзевяць — асуджаных завочна.

Галоўны энергетык, майстар свідравой, настаўнікі: Рэчыца адзначылася самымі маштабнымі рэпрэсіямі за «падпіскі»

Адразу тры суды па адміністрацыйным артыкуле за «распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць» прайшлі 15 студзеня ў Рэчыцы, піша Флагшток.

У прыватнасці, за падпіскі на незалежныя медыя, абвешчаныя ў Беларусі «экстрэмісцкімі», судзілі Андрэя Старушэнку. Ён быў гітарыстам легендарнага метал-гурта EVTHANAZIA A. D, а ў апошнія гады музыка працуе галоўным энергетыкам Рэчыцкага метызнага завода, мае грамату райвыканкама за шматгадовую добрасумленную працу. Цяпер паводле звестак крыніцы, звязанай з заводам, Старушэнка афіцыйна знаходзіцца ў адпачынку.

Таксама ў раскладзе суда — працэс над Яўгенам Трукшанінам, які згадваецца на канале ВА «Беларуснафта» як інжынер па свідраванні і майстар свідравой СУБР.

Трэцяя абвінавачаная -- Марыя Ражко, яна ўжо трапляла пад рэпрэсіі ў 2023 годзе разам з мужам, мяркуючы па здзеклівай публікацыі на неафіцыйным канале рэчыцкіх сілавікоў.

А напярэдадні судзілі галоўнага механіка таго ж метызнага завода Івана Дзенісенку і двух мясцовых настаўнікаў. Адна з іх, Святлана Сашэнка, раней уваходзіла ў склад выбарчай камісіі. У цэлым за апошні час у Рэчыцы за «падпіскі» асудзілі ўжо чацвярых настаўнікаў.

Расклад судоў паказвае, што за мінулы год і пачатак новага года самыя масавыя суды за «экстрэмізм» праходзяць менавіта ў Рэчыцы. Магчыма, гэта звязана з тым, што ў сакавіку 2024 года быў прызначаны новы начальнік мясцовага РАУС — ім стаў падпалкоўнік Віктар Пракапенка, які да гэтага служыў у крымінальным вышуку УУС Гомельскага аблвыканкама.

Ужо больш за месяц працягваюць судзіць лесніка са Свіслачы — яму пагражае да 12 гадоў калоніі за каментары ў Тэлеграме

Вітольду Шалкевічу 44 гады. Ён родам з буйнога мястэчка Поразава Свіслацкага раёна. У мужчыны ёсць жонка і дзве непаўналетнія дачкі.

Вітольда затрымалі ў жніўні 2023 года проста на працы. Спачатку прысудзілі арышт за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Пасля губазікаўцы знялі з ім відэа і перавялі з СІЗА. Паводле праўладных тэлеграм-каналаў, Шалкевіч пакінуў некалькі тысяч каментароў у розных чатах.

Суд над Вітольдам распачаўся 9 снежня ў Гродзенскім абласным судзе. Яго абвінавачваюць у «абразе Лукашэнкі» (ч. 1 і ч. 2 арт. 368 КК), «арганізацыі або ўдзеле ў дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК), «здзеку з дзяржаўных сімвалаў» (арт. 370 КК), «абразе суддзі» (арт. 391 КК), «абразе прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК) і «распальванні варожасці» (ч. 1 і ч. 3 арт. 130 КК).

Справу разглядае суддзя Руслан Гурын.

Агляд сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў 2024 годзе

Аўтарытэтнымі міжнароднымі арганізацыямі выяўленыя грубыя парушэнні правоў чалавека і злачынствы супраць чалавецтва, здзейсненыя ўладамі Беларусі;

Праваабарончаму цэнтру «Вясна» на канец 2024 года вядома пра 6 550 асуджаных да розных відаў пакарання паводле палітычна матываваных абвінавачанняў, 1 380 з іх — жанчыны;

Летась з рознымі відамі рэпрэсій, звязанымі з крымінальным ці адміністрацыйным пераследам (арыштамі, допытамі, ператрусамі) сутыкнуліся не менш за 8 895 чалавек;

Больш за 10 палітвязняў утрымліваюць у рэжыме інкамунікада. Чацвёра палітвязняў памерлі ў калоніях і СІЗА;

Улады Беларусі па-ранейшаму здзяйсняюць катаванні і ўжываюць забароненае абыходжанне ў дачыненні да іншадумцаў і прадстаўнікоў апазіцыі.

Справаздача цалкам тут.