Спрабавалі абвінавіць Крыгера, а зганьбілі сябе. Гісторыя «нямецкага тэрарыста» ў шматлікіх пытаннях

Беларускія сілавікі маглі б знайсці нешта супольнае з Хансам Крысціянам Андэрсанам (не ў крыўду вялікаму пісьменніку). Працаваць у эпічных жанрах у іх атрымліваецца не горш за датчаніна. Гісторыі пра атручаную пацукамі ваду, джып ля ўкраінскай мяжы, 900 тысяч долараў пад канапай Сяргея Ціханоўскага ўвайшлі ў залаты фонд казак эпохі развітага лукашызму. Да іх можа дадацца і справа грамадзяніна Нямеччыны Рыхарда Крыгера. І фінал у яе мог стаць трагічным

Рыхард Крыгер у судзе. Фота: SB.BY

Рыхард Крыгер у судзе. Фота: SB.BY

Аднойчы беларускі суд ужо паставіў пад сценку «тэрарыстаў», у выраку для якіх сумняваліся нават пацярпелыя. Прапаганда так і не прымусіла ўсю краіну паверыць у вінаватасць Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава ў выбухах каля стэлы «Мінск — горад-герой» і ў сталічным метро. Казка пра асуджанага да смяротнага пакарання Рыхарда Крыгера мае такі ж патэнцыял: занадта ўжо вялікія пытанні да сюжэту. 

А дзе былі памежнікі?

Прапусцім завязку з нібыта вярбоўкай Крыгера супрацоўнікамі СБУ пасля звароту ў чат-бот Палка Каліноўскага. 

Крыгер нібыта пацвердзіў гатоўнасць да супрацы з СБУ (дарэчы, а чаму СБУ, калі такія аперацыі звычайна выконвае Галоўнае ўпраўленне выведкі (ГУР) Міністэрства абароны Украіны, якому якраз падпарадкоўваецца Полк Каліноўскага?) 20 верасня, а 2 кастрычніка прыляцеў у Беларусь транзітам праз Азербайджан. С сабою нібыта ўзяў два тэлефоны і беспілотнік (ці не малаваты для гэтага заплечнік, улічваючы, што там яшчэ мусяць быць іншыя асабістыя рэчы?). Добры набор, на якім трэба спыніцца асобна. 

Прайшлі тыя часы, калі над Оперным тэатрам дроны беларускіх недзяржаўных медыя спакойна здымалі свята стагоддзя абвяшчэння незалежнасці БНР. У 2024-м фізічным асобам забаронена мець БПЛА — толькі індывідуальным прадпрымальнікам і арганізацыям, якія выкарыстоўваюць іх з прадпрымальніцкімі альбо прафесійнымі мэтамі. Адпаведны ўказ Лукашэнкі набыў моц сёлета, 28 сакавіка. 

Той жа дакумент, апублікаваны яшчэ летась 25 верасня, забараняе фізічным асобам увозіць у Беларусь беспілотнікі. І калі нормы наконт захоўвання дронаў набылі моц толькі праз паўгода, то шлагбаўм для ўвозу апусціўся адразу пасля афіцыйнага апублікавання. 

Зразумелі? То-бок 2 кастрычніка 2023-га ўвоз БПЛА на тэрыторыю Беларусі ўжо быў незаконным. Як жа беларускія памежнікі здолелі прапусціць Крыгера? Выходзіць, Лукашэнка ім ужо не ўказ? Ох, і раз’юшыліся, мабыць, з гэтага факту ў Палацы Незалежнасці! 

Рыхард Крыгер паказвае месца, адкуль вёў здымку ў Асіповічах. Фота: SB.BY

Рыхард Крыгер паказвае месца, адкуль вёў здымку ў Асіповічах. Фота: SB.BY

Навошта «маскіроўка»?

Першым «заданнем» Крыгера была выведка. «Куратар» з СБУ быццам бы загадаў яму з’ездзіць у Асіповічы, там сфатаграфаваць тэрыторыю вайсковай часткі, сховішчы, а таксама «Іскандэры». Да гэтага «афіцэр» настойліва раіў немцу купіць ваенную форму, каб не выдзяляцца: маўляў, багата людзей там так ходзіць. Добрая маскіроўка, няма чаго сказаць!

Логіка ў такой парадзе, безумоўна, была б. Асіповічы, як, напрыклад, і Барысаў, — горад з вялікай колькасцю ваенных частак і вайскоўцаў, побач таксама вялікі палігон. Не ўсе афіцэры і кантрактнікі ходзяць у афіцыйна зацверджанай форме. Часта людзі, якія тыднямі жывуць на палявых выхадах альбо ідуць абслугоўваць вайсковую тэхніку, могуць з’явіцца ў горадзе ў працоўнай форме, мульцікаме і іншых варыяцыях, купленых на ўласныя грошы. 

Аднак, як вынікае з паведамленняў прапагандыстаў, Крыгер купіў сабе толькі ваенную куртку. Недастаткова, каб сысці за афіцэра ці кантрактніка: як мінімум не дастае галаўнога ўбора (кепкі ці шапкі), у якім вайсковец на вуліцы ходзіць пастаянна. Нямецкі ж «тэрарыст» свеціць сваёй лысінай. А чаму ж куратары не параілі пагаліцца? Колькі ж намаганняў трэба прыкласці, каб знайсці ў беларускім войску чалавека з такой барадой! 

За ваеннага нямецкі госць наўрад ці сышоў бы, затое яго маглі б прыняць за цывільнага, апранутага ў стылі мілітары: у гарадах з вялікай вайсковай прысутнасцю такіх, вядома, хапае. Аднак раіць гэта замежніку? Крыгер ці не стаў першым немцам у Асіповічах пасля адступлення групы арміяў «Цэнтр» у 1944-м. Беларускай ці рускай мовы мужчына не ведае. Ідзе каля ваеннай часткі ў сваёй куртцы — у яго пытаюцца: — «Ты хто такі?» — «Вас іст дас?» — «Кіслы квас!» Выдатная маскіроўка!

Паводле версіі следства, Крыгер фатаграфіі зрабіў. Для гэтага мужчына  нібыта ўскараскаўся на нейкую ўзвышанасць, якую сам назваў халмом. Адтуль ён і здымаў частку на тэлефон. Заўважце, не на дрон, які правёз у Беларусь. Вядома пры здымцы ваеннага аб’екту БПЛА б заўважылі, а аператара шукалі б — Крыгер ці яго «куратары» гэта разумелі. А навошта ўвогуле браць коптэр з сабою, калі выкарыстоўваць яго небяспечна? Каб прыцягнуць дадатковую ўвагу?

Увагу не прыцягнуў, фотасесію правёў. Значыць, у Беларусі так проста можна паздымаць ваенныя аб’екты з найважнейшай зброяй? Выходзіць, так іх і ахоўваюць, у такой бяспецы мы жывем. 

Рыхард Крыгер паказвае месца, дзе нібыта заклаў выбухоўку. Фота: 120-я АМБР

Рыхард Крыгер паказвае месца, дзе нібыта заклаў выбухоўку. Фота: 120-я АМБР

Азярышча: а хто грузіўся?

«Куратары» актыўна хваляць Крыгера за выкананне першага задання: запрашаюць яго на асабістую сустрэчу ва Украіне і абяцаюць узнагароды. Але перад гэтым даручаюць новую фотасесію. Аб’ектам для яе стала сталічная чыгуначная станцыя Азярышча. Чаму менавіта яна?

Азярышча ці не часцей за ўсё ў Мінску выкарыстоўваюць для пагрузкі-разгрузкі вайсковай тэхнікі. У хвілінах 10 хады — 120-я асобная механізаваная брыгада, таксама побач знаходзяцца 127-я брыгада сувязі, 56-ы полк сувязі і Ваенная акадэмія. Недалёка размяшчаюцца база сталічнага АМАПу і в/ч 3214 спецназу Унутраных войскаў, але ў іх патрэбы ў пагрузцы не настолькі істотныя. 

З Азярышча гэтыя падраздзяленні могуць выправіцца на 227-ы (Барысаў), 174-ы (Івацэвіцкі раён) і Абуз-Лясноўскі (Баранавічы) палігоны, а таксама ў іншыя куткі Беларусі. У 2022-м маніторангавы праэкт «Беларускі гаюн» неаднаразова паведамляў пра выкарыстанне станцыі расійскімі войскамі. Да таго ж гэта даволі інтэнсіўны кірунак для цывільнага руху (менавіта праз Азярышча пралягае маршрут Мінск — Барысаў — Орша). Гэтае месца нібыта даручылі сфатаграфаваць Крыгеру. 

І 5 кастрычніка немец быццам бы паехаў. Фатаграфаваў пагрузачную рампу, чыгуначныя шляхі вагоны. Таксама Крыгер нібыта здымаў сябе, цягнікі, «возера» для асабістага архіву. Пры гэтым ён яшчэ і ліставаўся з «куратарам», атрымаў ад яго станоўчую рэакцыю і дазвол пакінуць станцыю.

Азярышча не самае ціхае месца. Цягнікі там могуць праходзіць з інтэрвалам як у гадзіну, так і ў 5-10 хвілін. У метрах 50 ад пагрузачнай рампы, якую нібыта актыўна фатаграфаваў Крыгер, знаходзяцца дамы прыватнага сектара. Анягож ніхто не заўважыў падазронага мужчыну (мабыць, у той жа ваеннай куртцы!), які круціўся вакол станцыі, нешта здымаючы на смартфон? Жыхары? Чыгуначнікі?

У 19:30 5 кастрычніка Крыгер нібыта атрымаў ад «куратара» каардынаты месца, дзе мусіў забраць заплечнік (немец сцвярджае, што пра выбухоўку не ведаў). Выбух адбыўся ў 23:22. У гэтым чатырохгадзінным прамежку «тэрарыст» забраў небяспечны груз, прыехаў і ўсталяваў яго ва ўказаным месцы. Чыгуначнікі мелі ўсяго 2-2,5 гадзіны, каб знайсці чорны заплечнік у цемры — мала, пытанняў няма. 

Выбух адбыўся нібыта за хвіліну да прыезду пасажырскага цягніка, у якім у тым ліку знаходзіліся асуджаныя і падазраваныя па крымінальных справах. Шчасце! Затое пагрузка нейкага падраздзялення, якая мусіла адбыцца 6 кастрычніка, сарвалася. Планавалі грузіць «поўнасцю запраўленыя палівам» танкі, якія меліся адправіцца на палігон. Выезд давялося адкласці. А хто ж планаваў грузіцца?

З вышэй пералічаных частак, размешчаных каля Азярышча, грузіць танкі маглі толькі 120-я брыгада і Ваенная акадэмія. Наўрад ці гэта была апошняя: у асноўным баявая тэхніка афіцэрскай ВНУ знаходзіцца ў вучэбным цэнтры «Белая Лужа» паміж Жодзіна і Барысавам. 

Значыць, гаворка пра «сто дваццатку»? Гэта было б цалкам лагічна. За некалькі дзён да выбуху, 3 кастрычніка, ва Узброеных сілах пачаўся чарговы этап праверкі боегатоўнасці. Ці ўдзельнічала ў ім 120-я брыгада? Так, але, мяркуючы па відэа Мінабароны, раён прызначэння, у які рушыла адно з яе падраздзяленняў, — палігон «Уручча». Для адпраўкі туды грузіцца ў Азярышчы не трэба, а гусенічная тэхніка на ім увогуле не выкарыстоўваецца. 

120-я брыгада разгружаецца ў Азярышчы на фоне прыватнага сектару. Фота: 120-я АМБР

120-я брыгада разгружаецца ў Азярышчы на фоне прыватнага сектару. Фота: 120-я АМБР

Ужо 16 кастрычніка Мінаабароны абвясціла пра прыцягненне да праверкі новых падраздзяленняў. Адным з іх стаў 355-ы танкавы батальён 120-й брыгады. Паводле «Беларускага Гаюна», ён грузіўся не ў Азярышчы — баявыя машыны везлі на тралах. Ці магла гэта быць тая самая перанесеная пагрузка?

Наўрад ці. Значная колькасць афіцэраў і жаўнераў 355-га батальёна троху больш за месяц знаходзілася на вучэннях у Расіі, адкуль прыляцела якраз 6 кастрычніка. Малаімаверна, што падраздзяленне прыцягнулі б да праверкі без іх. Акрамя таго, 16 кастрычніка Мінабароны апублікавала фота і відэа агляду батальёна напярэдадні пагрузкі. Калі яна планавалася яшчэ 6 кастрычніка і тады таксама праводзілася такое мерапрыемства, чаму не было адпаведных медыяматэрыялаў?

У праэкце «Беларускі гаюн», у якога карэспандэнт «Новага часу» спытаўся пра актыўнасць 120-й брыгады 4-6 кастрычніка 2023 года, упэўненыя, што 355-ы танкавы батальён не мог планаваць пагрузку на наступны дзень пасля выбуху.

«Аднак акрамя асобнага ёсць жа яшчэ і лінейны танкавы батальён 120-й АМБР (на Т72 БЗ). За 4-6 кастрычніка ніякай танкавай актыўнасці ў наваколлі Азярышча мы не фіксавалі. Тэарэтычна [прапагандыстка Людміла] Гладкая [якая ў сваіх тэкстах згадвала пра пагрузку] магла напісаць пра планы пагрузіць на эшалон танкавы батальён на Т72 БЗ. Хаця зноў жа, каб адразу два танкавыя батальёны падымалі і грузілі на эшалон з розніцай у паўтара тыдні... Мы б дакладна адзначылі момант пра «танкавы» след, але з агаворкай пра лінейны танкавы батальён», — пераконваюць у «Беларускім гаюне».

Пытанні лукашэнкаўскім сілавікам і прапагандыстам можна задаваць бясконца, але адно застаецца бясспрэчным: Рыхард Крыгер атрымаў смяротны вырак.

Калі гэты матэрыял быў ужо падрыхтаваны да публікацыі, з’явілася навіна пра памілаванне Крыгера. Аднак усё адно застаецца пытанне: ці не занадта вялікі кошт у гэтай казкі?