Рэха абмену. Лукашэнка ў чарговы раз выступіў «марыянеткай Пуціна»
Вялікі абмен вязнямі паміж заходнімі краінамі і Расіяй канчаткова пагрузіў нашу «Саюзную дзяржаву» ў часы СССР. Менавіта СССР мяняў сваіх грамадзян на сваіх жа шпіёнаў, што «засыпаліся» на Захадзе. Але дзеля справядлівасці зазначым, што СССР рабіў і «добрую міну», вызваляючы з заходніх турмаў камуністаў. Сённяшнія ўлады Расіі такім «фігавым лістком» нават не замарочваюцца.
Олды памятаюць прыпевачку: «Абмянялі хулігана на Луіса Карвалана. Дзе б знайсці такую б..., каб на Брэжнева змяняць?» Лідара камуністаў Чылі ў 1976 годзе памянялі на Уладзіміра Букоўскага і яго сям’ю. Гэта быў першы абмен зняволенымі, не датычных да спецслужбаў.
І вось цяпер, праз амаль 50 гадоў, мы вяртаемся да савецкіх практык. І, як і 50 гадоў таму, Пуцін і Лукашэнка ў якасці «сучасных Брэжневых» не вельмі цікавыя Захаду. ЗША, Германія і тры іншыя краіны вымянялі ў Расіі 24 чалавекі. Сярод іх — прысуджаныя да доўгіх тэрмінаў зняволення апазіцыйныя расійскія палітыкі Ілля Яшын і Уладзімір Кара-Мурза, кіраўніцы штабоў Аляксея Навальнага Лілія Чанышава і Ксенія Фадзеева, старшыня Рады праваабарончага цэнтра «Мемарыял» Алег Арлоў, мастачка Аляксандра Скачыленка, некалькі іншых палітвязняў.
Таксама сярод абмененых — двое грамадзянін ЗША: асуджаныя за шпіянаж журналіст «Wall Street Journal» Эван Гершковіч і адстаўны вайсковы Пол Уілан, грамадзянін ФРГ Патрык Шэбель, якога асудзілі пасля затрымання ў аэрапорце «Пулкава» з мармеладам, што змяшчаў марыхуану, а таксама 19-гадовы Кевін Лік, які мае падвойнае грамадзянства Расіі і Германіі. Асобна ў гэтай гісторыі стаіць грамадзянін ФРГ Рыка Крыгер, прысуджаны да вышэйшай меры пакарання ў Беларусі, а затым памілаваны Лукашэнкам.
Агенцтва ТАСС паведаміла, што з публічнай электроннай базы звестак Федэральнага бюро турмаў ЗША зніклі звесткі пра расійцаў Аляксандра Вінніка, Уладзіслава Клюшына, Вадзіма Каношчанку і Максіма Марчанку (двое першых сядзелі за кібермахлярства, двое другх — за абыход санкцый ЗША). Таксама Масква раней дала зразумець, што хоча абмяняць Вадзіма Красікава, асуджанага ў Германіі да пажыццёвага зняволення за забойства былога чачэнскага камандзіра.
І вось тут стала зразумела, навошта ў Беларусі наогул паўстала «справа Крыгера», сваёй «нацягнутасцю на глобус» падобная да ўсіх беларускіх палітычных працэсаў. Красікаў знаходзіўся ў турме Германіі, а перамовы па абмене, як прызнаўся кіраўнік расійскага МЗС Сяргей Лаўроў, вяліся першапачаткова паміж спецслужбамі ЗША і Расіі. І для таго, каб «уламаць Германію» на ўдзел у гэтым абмене, спатрэбіўся Рыка Крыгер.
З аднаго боку, можна, безумоўна, парадавацца за людзей, якія былі вызваленыя з турмаў. А з іншага — нічога добрага Беларусі гэта не прынесла. З усіх бакоў. І калі паспрабаваць знайсці нешта карыснае для краіны ў яе ролі ў гэтым абмене — вось нічога на розум не прыходзіць.
Па-першае, Беларусь нагадала ўсім, што яна таксама ёсць «тэрарыстычнай дзяржавай». Усе неяк пачалі забываць пра прымусовую пасадку ў Мінску самалёта «RyanAir». Справа Рыка Крыгера нагадала, што Беларусь працягвае браць закладнікаў з ліку замежных грамадзян, не асабліва зважаючы нават на бачнасць законнасці.
Па-другое, у гэтай сітуацыі Лукашэнка відавочна выступіў не самастойным гульцом, а «марыянеткай Пуціна». Бо Германію, хутчэй за ўсё, не пераканалі арышты ў Расіі дваіх грамадзян ФРГ. І толькі наўпроставая і відавочная пагроза выканання смяротнага прысуду (чым сумна славіцца Беларусь) у дачыненні да грамадзяніна Германіі вымусіла ўрад ФРГ пайсці на ўдзел у гэтым абмене.
Напярэдадні абмену Лукашэнка дэманстратыўна злётаў да Пуціна. Афіцыйна яны ў соты раз абмяркоўвалі цану на нафту, у тысячны — утылізацыйны збор і ў мільённы — адмену роўмінгу. Пры гэтым некаторыя аналітыкі падумалі, што Лукашэнка ўсё ж атрымаў узгадненне кошту нафты ў абмен на прадастаўленне Расіі Рыка Крыгера.
Але ў афіцыйным паведамленні пра вынікі візіту прыводзяцца словы Лукашэнкі, што «ўсе праблемныя пытанні» павінны быць закрытыя да пачатку 4-га квартала гэтага года і што «паразуменне знойдзена па ўсіх пытаннях. Адрынання абсалютна няма». І Лукашэнка «сёння-заўтра» накіруе Пуціну пісьмовае пасланне з выкладаннем сутнасці пытанняў.
Такое Лукашэнка кажа кожны раз, калі сустракаецца з Пуціным, і рабіць выснову, што ён атрымаў за Крыгера нейкія адчувальныя фішкі, зменшага, зарана.
Ну і, па-трэцяе, чарговы раз атрымаўшы статус «суагрэсара» і «сутэрарыста», рэжым Лукашэнкі зноў падгадзіў сам сабе. У выніку гэтага абмену ў Еўропе ў большай ступені і ў ЗША ў меншай зноў загавораць пра тое, наколькі самастойны Лукашэнка, а наколькі ён залежны ад Крамля — і наколькі ён можа адхіліцца ад палітыкі Пуціна. Выснова будзе зразумелая: самастойнасці ў Лукашэнкі няма, ён зробіць усё, што яму загадае Пуцін.
А значыць, няма чаго і думаць пра «пацяпленне адносінаў з Захадам», падмацаванае амністыяй некаторых палітзняволеных, няма чаго звяртаць увагу на словы спадарыні Пяткевіч і новага міністра МЗС спадара Рыжанкова. Таму што дамаўляцца з імі, уласна, няма пра што. З імі і так няма пра што было дамаўляцца, але яны маглі быць «мастком» на шляху да Лукашэнкі. А цяпер усім зноў зразумела, што дамаўляцца трэба з Пуціным, што Пуцін — гаспадар Лукашэнкі, і ніякага «мастка» да Лукашэнкі не трэба.
Дарэчы, варта адзначыць, што якраз Германія лічылася ініцыятарам і правадніком такой штукі, як «realpolitic» у дачыненні да Беларусі. І цяпер беларуская ўлада наглядна паказала, што правы чалавека — у прыватнасці, у пытанні адмены смяротнага пакарання і права на жыццё, — як мінімум не з'яўляюцца абстрактным паняццем. Пытанне таксама ў тым, наколькі ўлады Германіі будуць карэктаваць realpolitic з улікам новых даных і новага светаўспрымання.
І так, ніхто не адмяняў палітыку ўвядзення Захадам новых санкцый у дачыненні да Беларусі і Расіі. Вядома, можна спрачацца аб іх эфектыўнасці, але пакуль санкцыі ў дачыненні да Беларусі не да канца прыроўненыя да расійскіх. Але пасля замаху на смяротнае пакаранне грамадзяніна ФРГ у прыватнасці і ЕС у цэлым можна чакаць, што «калектыўны Захад» захоча камусьці адпомсціць. Асабліва пасля таго, як Крыгер, безумоўна, раскажа сваю гісторыю.
Пуціну помсціць наўрад ці ўдасца — з ім яшчэ іншымі шпіёнамі абменьвацца. А вось яго сатэліт і марыянетка для помсты якраз падыдзе.
Але тое, што творыцца ў «вялікай палітыцы», неяк не заўважае беларускі ўрад. А ён плануе рост эканомікі краіны ў 2025 годзе ў памеры 4,1%, як заявіў наш прэм'ер Раман Галоўчанка. Гэтаму павінны спрыяць рост экспарту тавараў і паслуг на 5,4%, інвестыцый — на 7,8%, даходаў насельніцтва на 4%.
Сярэдні заробак лекараў павінен скласці 150% да сярэдняга па эканоміцы, настаўнікаў — 100%, а памер сярэдняга заробку ў краіне павінен перавысіць 2400 рублёў.
Наконт настаўнікаў і дактароў — нам такое ці не кожны год абяцаюць, мы звыклі. А вось ці здзейсніцца астатняе на фоне магчымых наступстваў «вялікага абмену» для Беларусі — вы ў гэта верыце?