Гістарычны абмен вязнямі паміж РФ і Захадам: што вядома на гэты момант?

Гістарычны абмен двух дзясяткаў вязняў стаў галоўнай тэмай асноўных сусветных тэлеканалаў. Дакладны спіс пакуль не вядомы, але сярод тых, хто амаль напэўна будзе абмяняны — расійскі палітык Уладзімір Кара-Мурза і амерыканскі журналіст Эван Гершковіч.

abmen_vjaznjami.png

Паводле звестак турэцкага тэлеканала NTV, абмен адбыўся ў аэрапорце Анкары. У ім, паведамляе тэлеканал, удзельнічалі 26 чалавек.

У РФ пра абмен палоннымі тэлеканалы не гавораць, відаць, лічаць, што насельніцтву ведаць пра гэта не вартаць. Хоць пракрамлёўскія паблікі пра абмен паведамляюць. 

CNN называе сённяшні дзень «вельмі эмацыйным», а тое, што здарылася — перамогай адміністрацыі Джо Байдэна. Fox News прыводзіць першыя прозвішчы вызваленых амерыканцаў: Уіла і Гершковіча. А брытанскі Sky News заўважае, што абмен стаў найбуйнейшым з моманту заканчэння Халоднай вайны.

Выданне The Insider апублікавала спіс тых, каго збіраюцца абмяняць, хоць гэта інфармацыя афіцыйна не пацверджана:

  • Расія вызваляе 15 чалавек: Эвана Гершковіча, Уладзіміра Кара-Мурзу, Лілію Чанышаву, Іллю Яшына, Ксенію Фадзееву, Андрэя Піваварава, Пола Уіла, Алсу Курмашеву, Алега Арлова, Сашу Скачыленка, Дземуры Вароніна, Кевіна Ліка, Патрыка Шэбеля, Германа Мойжэса, Вадзіма Астаніна.
  • Беларусь вызваляе Рыка Крыгера.
  • ЗША вызваляюць Уладзіслава Клюшына, Рамана Селязнёва, Вадзіма Канашчанку.
  • Польшча вызваляе Паўла Рубцова.
  • Нарвегія вызваляе Міхаіла Мікушына.
  • Славенія вызваляе Арцёма і Ганну Дульцавых.
  • Германія вызваляе Вадзіма Красікава.

Прэзідэнт карпарацыі «Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода» Стывен Капус пацвердзіў, што журналістку Алсу Курмашаву вызваляць у рамках абмену зняволенымі.

«Мы рады навіне аб хуткім вызваленні Алсу і ўдзячныя амерыканскаму ўраду і ўсім, хто нястомна працаваў, каб пакласці канец несправядліваму абыходжанню з ёй з боку Расіі. Алсу стала мішэнню, таму што яна была амерыканскай журналісткай, якая проста спрабавала паклапаціцца пра члена сям'і ў Расіі», — заявіў Капус.

Нікога з беларускіх палітвязняў у гэтым спісе ад The Insider няма, ад Беларусі — толькі нядаўна асуджаны да смяротнага пакарання і памілаваны Лукашэнкам Рык Крыгер.

Глядзіце таксама

Сёння раніцай палітык і журналіст Сяргей Навумчык напісаў пра чаканы абмен палоннымі:

«Калі ў выніку абмену ФСБшных забойцаў ды шпіёнаў не вызваляць беларускіх палітвязняў (буду радавацца вызваленню любога, але асабліва – тых, чыя адданасць Беларусі засведчаная задоўга да 2000 года) – мы ўбачым сапраўднае (а не выказанае ў глянцы самітаў, прыёмаў ды прыгожай дэмагогіі) стаўленне Захаду, кіраўніцтва ЗША і ЕС, да беларускага народа.

Гэта будзе працягам таго самага стаўлення, якое кіравала падзелам Беларусі падчас ганебнай Рыскай дамовы ў 1921-м (тады прадстаўнікі Рады БНР нават не былі дапушчаныя да яе абмеркавання) і ў 1993-м, калі пасля рашэння аб вывадзе ядзернай зброі ЗША фактычна аддалі Беларусь у зону інтарэсаў Масквы і дазволілі расійскім спецслужбам прывесці да ўлады свайго стаўленіка Лукашэнку».