Хронікі рэпрэсій за 1 жніўня: У байкерак, якія ездзілі ў цішотках «Мілфіцыя», канфіскавалі матацыклы

У Беларусі прайшла хваля ператрусаў у кватэрах прадстаўнікоў медыя, супраць добраахвотніка Паўла Кулажэнкі распачалі спецвытворчасць, бізнесовец-палітвязень Багдан Каравец на волі.

hroniki_represij2_logo.png_logo_1.webp
  • Сёння пачалі судзіць палітзняволеную маці блогеркі Вольгі Такарчук

63-гадовую Ірыну Такарчук  затрымалі 23 студзеня 2024 году падчас масавага рэйду сілавікоў на сваякоў палітвязняў. Ёй выставілі абвінавачванне паводле ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

Справу жанчыны пачалі разглядаць 1 жніўня ў Мінскім гарадскім судзе. Працэс прызначаная весці суддзя Таццяна Фалькоўская. Па інфармацыі праваабаронцаў, гэта ўжо пяты суд над затрыманымі падчас студзеньскага рэйду КДБ.

  • У Беларусі прайшла хваля ператрусаў у кватэрах прадстаўнікоў медыя

У чэрвені-ліпені БАЖ зафіксавала як мінімум 21 ператрус у калег, якія выехалі за мяжу і працягваюць працу ў медыя. У абсалютнай большасці па месцы рэгістрацыі журналістаў сілавікі прыязджалі з пастановамі на ператрус па заведзеных на медыйшчыкаў крымінальных справах.

У шэрагу выпадкаў сілавікі запісвалі «палонныя» відэа з роднымі журналістаў. Так, нядаўна, сілавікі прымусілі бацькоў вядоўцаў канала выдання «Люстэрка» у ТікТок запісаць відэа са словамі асуджэння і абурэння ў дачыненні да дзяцей.

  • Супраць добраахвотніка Паўла Кулажэнкі распачалі спецвытворчасць — яго збіраюцца судзіць завочна

40-гадоваму Паўлу інкрымінаваныя 5 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, сярод якіх «арганізацыя дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі і ўдзел у дзейнасці такой арганізацыі».

Яго запрашаюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ва Упраўленне Следчага камітэта.

Таксама спецвытворчасць распачалі ў дачыненні да былога вайскоўца Віталя Пацехіна — яму інкрымінаваныя чатыры артыкулы Крымінальнага кодэксу.

  • Палітзняволеных журналістаў з Магілёва асудзілі да калоніі

У Магілёўскім абласным судзе 31 ліпеня вынеслі прысуд былым журналістам Алесю Сабалеўскаму і Яўгену Глушкову.

Суддзя Дзмітрый Крэнжыеўскі прызначыў Алесю чатыры гады калоніі, а Яўгену — тры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Таксама магілёўцам прызначылі штрафы.

Глядзіце таксама

  • Былога палітвязня з Баранавічаў зноў будуць судзіць. Яму пагражае да 12 гадоў калоніі

Віталю Коршуну 37 гадоў. Родам ён з Баранавічаў. Упершыню яго судзілі ў верасні 2021-га. За год да гэтага ён пакінуў каментар пра тое, што трэба шукаць адрас нейкага амапаўца. Па версіі самога амапаўца, Сяргея Балабановіча, пасля гэтага допісу ён вельмі спалохаўся, хоць Коршун хутка яго выдаліў. У выніку прадпрымальніку прысудзілі два месяцы арышту.

Наступным разам Віталя затрымалі ў студзені 2024 года.

Суд над Коршунам пачнецца 13 жніўня ў Брэсцкім абласным судзе. Яму закідаюць ажно пяць палітычных артыкулаў: «паклёп на Лукашэнку» (ч. 2 арт. 367 КК), «удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК), «арганізацыя масавых беспарадкаў» (ч. 1 арт. 293 КК), «заклікі да санкцыяў» (ч. 3 арт. 361) і «распальванне варожасці або варажнечы» (ч. 1 арт. 130 КК). Палітвязню пагражае да 12 гадоў калоніі.

Судзіць яго будзе Святлана Крамянеўская, піша «Наша Ніва».

  • Дзвюх жыхарак Брэста затрымалі за ўдзел у паслявыбарчых акцыяй пратэсту

Адна з дзяўчат на «палонным відэа» расказвае, што прыйшла на пратэсты разам з сястрой, якая зараз асуджана за распаўсюд наркотыкаў. 

Вядома, што адна з затрыманых — студэнтка БрДУ.

  • Палітзняволены бізнесовец Багдан Каравец цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю.

Пра гэта паведамляе Наша Ніва са спасылкай на сацсеткі Багдана.

Багдан Каравец — бізнэсовец, заснавальнік кампаніі Astronim, якая займаецца распрацоўкай сайтаў.  Яго затрымалі 24 кастрычніка 2022 года ў межах крымінальнай справы аб актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу). 

Судзілі Багдана разам з эксперткай па этыкеце Аксанай Зарэцкай. 14 сакавіка 2023 года суддзя Кацярына Мурашка прызнала Караўца вінаватым і прызначыла яму два гады зняволення ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

  • Мінскага чыгуначніка затрымалі за пратэсты і паведамленні ў чат-бот «Чорнай кнігі Беларусі»

Паводле інфармацыі «Медыязоны», затрыманы — Аляксандр Рымашэўскі.

На «палонным відэа» затрыманы кажа, што 15 гадоў працуе на чыгунцы на пасадзе брыгадзіра пуці і што ў 2020 годзе тры разы хадзіў на пратэсныя маршы. Таксама ён нібыта дасылаў фота і паведамленні ў «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы, у тым ліку — у бот канала «ЧКБ».

  • У жыхарак Магілёва, якія ездзілі па горадзе ў цішотках з надпісам «Мілфіцыя», канфіскавалі матацыклы
milficyja.jpg

Праўладныя тэлеграм-каналы сцвярджаюць, што «супрацоўнікі ДАІ імгненна вызначылі» асобы матацыклістак — імі аказаліся 39 і 41-гадовая жыхаркі Магілёва. У адносінах да іх складзены ажно чатыры адміністратыўныя пратаколы, матацыклы жанчын канфіскаваныя.

На «палонным відэа» жыхарак Магілёва прымусілі сказаць, што яны паважаюць міліцыю.