Пра дзікуноў і каралі. Хто і як гаспадарыць у Сінявокай

На гэтым тыдні ў Беларусі мог бы здарыцца велізарны геапалітычны прарыў. Прарыў на Захад. Але замест гэтага мы, па даўніх словах аднаго беларускага дыпламата, «пацярпелі чарговую перамогу». І вялікае пытанне ў тым, хто ў гэтым вінаваты.

Малюнак з flectone.ru

Малюнак з flectone.ru

Гісторыя простая: прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск у адказ на патрабаванні польскіх прадпрымальнікаў дапусціў адкрыццё пункта пропуску «Баброўнікі – Бераставіца» на польска-беларускай мяжы, каб разблакаваць наўпроставы гандаль. Аднак ён адразу агаварыўся, што пункт пропуску не будзе адкрыты, калі ў ваеннага ці памежнага камандавання будзе «адназначна негатыўнае меркаванне, што гэта можа аказаць велізарны негатыўны ўплыў на нашую бяспеку».

Здавалася б — вось табе шчасце. Польшча адкрывае памежны пераход, закрыты, дарэчы, на знак пратэсту прысуду аднаму з лідараў Саюза палякаў Анджэю Пачобуту. А тут, разумееш, і Пачобута не выпусцілі, і нейкіх саступак не патрабуюць. Гэта ж якая радасць была бы беларускай прапагандзе, якая напэўна заявіла бы і пра «слабасць Польшчы», і пра «памылковасць абмежавальнай палітыкі», і гэтак далей. Не кажучы ўжо пра беларускую кантрабанду ў абодва бакі мяжы — цыгарэты туды, санкцыйныя тавары сюды. Карацей, плюсы з усіх бакоў.

Але не паспеў Туск закрыць рот пасля сваёй заявы, як мігранты, што штурмуюць з Беларусі польскую мяжу, накінуліся з нажамі на польскіх памежнікаў. Прычым аднаго з іх паранілі сур'ёзна.

Раней мігранты з нажамі на польскіх памежнікаў не нападалі. Камяні — кідалі, галіны запаленыя праз мяжу ляцелі... Але менавіта цяпер, пасля заявы Туска, віток гвалту выйшаў на новы, і вельмі сур’ёзны ўзровень.

І вядома ж, пасля гэтага міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі заявіў, што «Баброўнікі» Польшча адкрываць пакуль не будзе.

Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» выказаў здагадку, што ўсё адбылося ад вялікай ганарлівасці беларускіх уладаў. Маўляў, як толькі камусьці прапануюць кампрамісы, ён адразу лічыць, што ўжо перамог. А калі ён перамог, то якія могуць быць кампрамісы, акрамя як каяцца на каленях?

Але па-мойму сітуацыя больш складаная. Проста нехта ў высокіх эшалонах беларускай улады ўжо даўно працуе на шкоду не толькі Беларусі ў цэлым, але і на шкоду існаму рэжыму. І робіць гэта ў інтарэсах іншай дзяржавы.

Ад «безумоўнага» адкрыцця «Баброўнікаў» рэжым Лукашэнкі выйграваў больш за ўсіх. Акрамя відавочных прыведзеных вышэй выгод гэты факт мог бы паказаць і магчымасць адкрыцця «дыялогу з Захадам». Бо з Беларусі ва Украіну ракеты ўжо год як не ляцяць, пераход адкрываюць, а значыць, можна і пра што-небудзь пагаварыць. І, не дай Бог, дамовіцца.

«Не дай Бог», вядома, не для нас, а для спадара Пуціна, які любы намёк на нармалізацыю адносін з Захадам успрыме як здраду. Як гэта: Пуцін ваюе з NATO, а Лукашэнка з тым самым NATO дамаўляецца? А як жа саўдзел у вайне?

Даўно ж вядома і даказана, што за нападамі мігрантаў на польскую мяжу стаяць беларускія (а ці беларускія яны?) сілавікі. І мабыць, «куратары» мігрантаў паставілі ім задачу дзейнічаць максімальна жорстка, каб ніякага «кроку насустрач» у выглядзе адкрыцця памежперахода, не адбылося.

Сапраўды, які сэнс для мігранта кідацца з нажом на польскага памежніка? Якая выгода яму з такога ўчынку? Акрамя шанцу быць забітым — роўным чынам ніякай.

Глядзіце таксама

У гэтай сітуацыі заканамерна ўсплывае старое пытанне, пра якое нібыта забыліся. Хто кантралюе беларускіх сілавікоў — хаця б тых, што кантралююць мігрантаў? Дакладней, ці кантралюе сваіх сілавікоў Лукашэнка? І калі так, то ў якой ступені? А калі Лукашэнка не здольны кантраляваць сілавікоў на сваёй тэрыторыі, ці суб’ектны ён? Ці не з'яўляецца ён марыянеткай Пуціна?

Гэтыя пытанні, на якія мы не атрымалі адказу, як высветлілася, зусім не страцілі сваёй актуальнасці.

А яшчэ на тыдні нас знерваваў беларускі прэм'ер-міністр. Мы ж так ганарыліся нашай сельскай гаспадаркай, якую мы «не далі разбурыць» і «паднялі з каленяў». Так, хай у нас калгасы і саўгасы стратныя спрэс, але ж даюць прыкладна 7 мільярдаў долараў экспарту штогод — не лічачы нашай «харчовай бяспекі». Ёсць жа чым ганарыцца!

Аднак, як аказалася, наш гонар, наша сельская гаспадарка — яна трошкі не нашая. На пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета Раман Галоўчанка прапанаваў ЕАЭС перанесці тэрміны прыняцця абавязацельстваў па дзяржаўнай падтрымцы сельскай гаспадаркі. «Сістэма падтрымкі аграрнай галіны шмат у чым дазволіла нашай краіне захаваць вёску, яе вытворчы і сацыяльны патэнцыял», — заявіў чыноўнік. У Мінску разлічваюць, што «партнёры падтрымаюць ініцыятыву пралангацыі дзеючага памеру дзяржпадтрымкі вёскі, асабліва з улікам санкцыйнага ціску, які аказваецца на нашу краіну».

Галоўчанка адзначыў, што «пры стварэнні ЕАЭС у аграпрамысловай сферы мы рабілі акцэнт на абмежаванні дзяржаўнай падтрымкі вёскі», але, на яго думку, «у правядзенні ўзгодненай палітыкі гэты аспект далёка не вырашальны».

Простымі словамі — Галоўчанка папрасіў у суседзяў грошай на нашую сельскую гаспадарку.

Аказваецца, мы не толькі нашы грошы ў калгасы закопвалі. У іх яшчэ ўкладваліся і ўсе краіны Еўразійскага эканамічнага саюза (а іх, нагадаю, пяць штук). І тое, што Лукашэнка выдаваў выключна за наш гонар, аказваецца — вынік сумесных намаганняў.

І Галоўчанка хоча, каб так было і надалей.

Безумоўна, я не маю нічога супраць, каб выкарыстоўваць падобныя структуры і пагадненні ў сваіх мэтах — будзе ад ЕАЭС хоць нейкая карысць. Але тады не трэба пышыцца сваёй сельскай гаспадаркай перад суседзямі. Таму што, аказваецца, наш гонар пабудаваны ў тым ліку і за іх грошы.

А якім чынам будуецца гэты гонар, на тыдні паказаў сам Лукашэнка. 1 чэрвеня ён зацвердзіў чарговы пакет мер «у мэтах закупкі тэхнікі і абсталявання неплацежаздольнымі арганізацыямі, а таксама пагашэння запазычанасці па дагаворах фінансавай арэнды». У цэлым неплацежаздольным прадпрыемствам меліярацыі і АПК перададуць тэхнікі амаль на 108 млн рублёў (а гэта прыкладна 35 млн долараў). А вось разлік за гэтую тэхніку будзе ажыццяўляцца па вельмі цікавай схеме. Віцебскі аблвыканкам, напрыклад, выпусціць аблігацыі і перадасць іх ААТ «Прамагралізінг» «у якасці пагашэння запазычанасці прадпрыемстваў Віцебскай вобласці перад ААТ «Прамагралізінг».

Гэта значыць, надрукуюць нават не грошы. Надрукуюць нейкія фанцікі, і гэтыя фанцікі аддадуць ААТ «Прамагралізінг» за тэхніку. І ААТ «Прамагралізінг» нікуды не падзенецца, і гэтую размаляваную паперу возьме, і зробіць выгляд, што так і трэба.

Ну проста просіцца аналогія пра дзікуноў і каралі.

Глядзіце таксама