Польшча пакуль не будзе адкрываць пункт пропуску «Баброўнікі»
Польшча перадумала аднаўляць працу памежнага пераходу «Баброўнікі — Бераставіца». Раней такую магчымасць не выключаў прэм’ер-міністр Дональд Туск.
Паводле слоў міністра замежных спраў Радаслава Сікорскага, аднаўленне працы пераходу ў Баброўніках на польска-беларускай мяжы пакуль не плануецца, піша агенцтва РАР.
Сікорскі заявіў, што сітуацыя ў адносінах з Беларуссю не дазваляе адкрыццё памежнага пераходу. «Я б таксама хацеў, каб на мяжы была зусім іншая сітуацыя», — дадаў ён.
«Цяпер у Беларусі адбываюцца найбуйнейшыя рэпрэсіі ў гісторыі гэтага рэжыму. Мне вельмі шкада, бо я таксама хацеў бы, каб нашы прадпрымальнікі маглі весці нармальную дзейнасць, але менавіта Лукашэнка з Пуціным знаходзяцца ў гібрыднай вайне з Еўропай, а не наадварот», — адзначыў кіраўнік МЗС.
Міністр адзначыў, што Польшча стала аб'ектам найбуйнейшай гібрыднай атакі за апошнія некалькі дзесяцігоддзяў: «Ёсць падпалы, кібератакі, шпіянаж».
Нагадаем, 24 траўня прэм’ер-мініст Польшчы Дональд Туск заявіў, што гатовы разгледзець пытанне разблакоўкі аднаго з памежных пунктаў на польска-беларускай мяжы «Баброўнікі — Бераставіца». Рашэнне аб адкрыцці можа мець вырашальнае значэнне для многіх кампаній, прадпрымальнікаў, якія падтрымлівалі сябе дзякуючы трансгранічным гандлі, лічаць у Польшчы.
«Я казаў перад сустрэчай з [падляскім] ваяводам пра тое, як дапамагчы гандлярам і прадпрымальнікам, якія прайгралі пры закрыцці мяжы», — цытавала TVP словы Туска з сустрэчы ў пятніцу з выбаршчыкамі ў Беластоку.
Памежныя пераходы Польшча пачала закрываць пасля пачатку міграцыйнага крызісу 2021 года, арганізаванага беларускім рэжымам. Пераход у Баброўніках быў заблакаваны ў лютым 2023 года. Цяпер на беларуска-польскай мяжы працуе толькі два памежныя пераходы з шасці.
«Я спадзяюся, што праз некалькі дзён я буду гатовы да некаторых прапаноў, але нам трэба прааналізаваць, ці можна разблакаваць адзін пераход. Я думаю пра Баброўнікі», — сказаў Туск.
Ён таксама дадаў, што дадатковы пункт пропуску не будзе адкрыты, калі ў ваеннага і памежнага камандавання будзе «адназначна негатыўнае меркаванне, што гэта можа аказаць велізарны негатыўны ўплыў на нашу бяспеку».
Туск падкрэсліў, што адкрыццё пункта пропуску не варта разглядаць як саступку рэжыму Лукашэнкі.
«Сёння я апошні чалавек, які хацеў бы рабіць якія-небудзь пазітыўныя жэсты ў бок Беларусі. Я кажу не пра людзей, а пра Лукашэнку і рэжым. Наадварот, мы хутчэй шукаем спосаб прымусіць Лукашэнку спыніць гэтую ганебную практыку на мяжы, гэтую арганізацыю нелегальнай міграцыі», — заявіў Туск. Ён дадаў, што дзеянні Лукашэнкі і Пуціна не павінны негатыўна ўплываць на прадпрымальнікаў на Падляшшы.
Варта дадаць, што неўзабаве пасля выступу Туска
сітуацыя на мяжы пагоршылася яшчэ больш. Пачасціліся выпадкі нападу мігрантаў
на польскіх памежнікаў. У выніку адзін з жаўнераў атрымаў нажавое раненне і быў
шпіталізаваны.