Большасць сельгаспрадпрыемстваў стратныя, яны загнуцца ва ўмовах рынкавай эканомікі

Лукашэнка завярнуў праект указа, паводле якога прамысловым прадпрыемствам, якія возьмуць на сябе стратныя сельгаспрадпрыемствы, даюцца льготы.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло даводзіў на нарадзе, што гаворка ідзе пра 127 складаных сельгасарганізацый, з якіх 117 знаходзяцца ў трох абласцях — Гомельскай (больш за 50), Магілёўскай і Мінскай.

У праекце ўказа, вынесеным на абмеркаванне, прапаноўвалася замацаваць умовы для тых дзяржпрадпрыемстваў, якія возьмуцца за наладжванне працы ў нізкаэфектыўных аб'ектах АПК. Напрыклад, прадугледзець для іх агульныя рамачныя ўмовы ў частцы льгот, рэструктурызацыі запазычанасці, адтэрміноўкі па некаторых выплатах і гэтак далей.

Што насамрэч адбываецца ў сельскай гаспадарцы? «Новы Час» пагутарыў са спецыялістам у гэтай галіне Мікалаем Лысянковым.

— Першапачаткова калгасы аб’ядноўваліся — да моцнай гаспадаркі далучалася слабое прадпрыемства, у выніку атрымліваўся адзін бедны калгас, які каціўся ўніз.

Зараз зайшла гаворка пра далучэнне стратных сельгаспрадпрыемстваў да прамысловых. Гаворка ідзе пра паспяховыя прамысловыя прадпрыемствы, якія атрымліваюць салідны прыбытак і нават не заўважаць пару мільёнаў, выдзеленых на стратнае сельгаспрадпрыемства. Праблема ў тым, што такія прамысловыя прадпрыемствы даўно закончыліся.

Увогуле беларуская сельская гаспадарка — мёртванароджанае дзіця, для рэанімацыі якога неадкладна патрэбны рэформы. Трэба аддаваць усе калгасы ды саўгасы ў прыватныя рукі — любы фермер будзе прыносіць прыбытак. Але ўлада баіцца аддаваць сельгаспрадпрыемствы ў рукі прыватніка: усе павінны залежаць ад вертыкалі ўлады.

Калі ўзяць калькулятар і пралічыць выключна эканамічны эфект, то стратныя калгасы выгадней ліквідаваць зусім, чым далучаць да багатых прадпрыемстваў. Пакуль на сяле не будзе прыватызацыі, датуль сельгаспрадпрыемствы будуць стратнымі, а работнікаў сельскай гаспадаркі будуць называць крыўдным словам «калгаснік». Аддайце сельскую гаспадарку ў прыватныя рукі — замест «калгаснікаў» з’явяцца гаспадары, якія будуць карыстацца павагай.

— Сёння на нарадзе гаворка ішла пра 127 стратных прадпрыемстваў. Астатнія ў «аздараўленні», па тэрміналогіі Лукашэнкі, патрэбы не маюць?

— Не-не. 127 прадпрыемстваў — гэта тыя калгасы і саўгасы, дзе зусім бяда-бяда. Гэта тыя прадпрыемствы, якія даўно дно прабілі. 90% усіх сельгаспрадпрыемстваў з’яўляюцца стратнымі, а 99% увогуле загнуцца, калі ім давядзецца канкурыраваць з заходнімі прадпрыемствамі.

Сёння самы актуальны прыклад — агуркі: у Беларусі кілаграм каштуе 16 рублёў, у Польшчы — 10 злотых, ці 6 рублёў. Хаця Беларусь купляе расійскі газ па 125 долараў ЗША, а Польшча — амаль па 2 тысячы за кубаметр. І што ж у выніку атрымліваецца? Польшча траціць на энергарэсурсы амаль у 20 разоў больш сродкаў, але пры гэтым вырошчвае агуркі ў тры разы таннейшыя, чым у Беларусі.