«Бабуля зачыніла калітку, дык міліцыянт пераскокваў праз плот». Хронікі рэпрэсій, 16 студзеня

 З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі на сёння, 16 студзеня.

1_1097.png

У судзе Кастрычніцкага раёна Мінска 16 студзеня пачалі разглядаць крымінальную справу супраць Дзмітрыя Жарнасека і Лізаветы Жарнасек паводле ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак). Працэс вядзе суддзя Іна Сівец.

З дапамогай ініцыятывы «Белпол» праваабаронцы «Вясны» даведаліся, што 51-гадовы Дзмітрый у 90-х гадах працаваў у беларускім АМАПе на пасадзе ваяр-кіроўца ў званні малодшага лейтэнанта. Але звольніўся ў 1997 годзе па ўласным жаданні. Апошнім часам Дзмітрый працаваў кіроўцам у прыватнай фірме.

photo_2025_01_16_18_46_43.jpg

Беларускія праваабаронцы просяць ЗША ўратаваць Алеся Бяляцкага

Сустрэча чальцоў праваабарончага цэнтру «Вясна» з часовым павераным ЗША ў справах Беларусі Пітэрам Каўфманам адбылася ў сераду, 15 студзеня, у дыппрадстаўніцтве Злучаных Штатаў у Вільні. 

Чарговая хлусня Лукашэнкі

16 студзеня падчас наведвання Мінскага тэхнапарка Аляксандр Лукашэнка зноў згадаў журналіста-палітвязня Анджэя Пачобута, якога трымаюць у Наваполацкай ПК 1. 

Лукашэнка заявіў, што Польшча адмовілася «нават весці размовы» пра вызваленне журналіста газеты «Gazeta Wyborcza»:  "Яны  адмовіліся ад Пачобута.  Наколькі мне паведамляюць, сам Пачобут таксама не жадае туды ехаць»,

У адказ на гэтыя словы Павел Уронскі, прэс-сакратар польскага МЗС заявіў, што Польшча ніколі не адмаўлялася ад перамоў з беларускай уладай пра вызваленне Анджэя Пачобута: "Калі дыктатар Беларусі Лукашэнка кажа, што не ведае, што рабіць з Пачобутам, я скажу яму, што трэба зрабіць. Перш за ўсё ён павінен вызваліць яго з турмы.  Анджэй Пачобут  горды грамадзянін Беларусі, які таксама ганарыцца сваім польскім паходжаннем. Але ён павінен быць вольным чалавекам у вольнай краіне і жыць там, дзе сам жадае.

8 лютага 2023 года Анджэя Пачобута асудзілі да  8 гадоў зняволення  ва ўмовах узмоцненага рэжыму. У калоніі на яго ўвесь час  аказваецца ціск.

«Бабуля зачыніла калітку, дык міліцыянт пераскокваў праз плот». Сілавікі зладзілі ператрус у бабулі былога журналіста «Белсату»

Беларускія сілавікі надалей прыходзяць з ператрусамі да былога журналіста «Белсату» Сяргея Скулаўца, які ўжо з 2023 года не жыве ў Беларусі. А яму самому яны прапаноўваюць вярнуцца.

Як распавёў Сяргей «Белсату», на Новы год сілавікі зладзілі яшчэ адзін ператрус у ягонай 86-гадовай бабулі, якая жыве ў вёсцы Хорск Столінскага раёну.

«31-га вечарам зноў прыехалі з ператрусам да бабулі. Са Століна наведаўся следчы з пастановай пра ператрус, якую падпісаў пракурор з Івацэвічаў. Перад гэтым званілі маме, назваліся з міліцыі і паведамілі, што супраць мяне завялі крыміналку. Міліцыянт таксама сказаў, што яму даручылі распавесці, што калі я надумаю вяртацца, то трэба звярнуцца ў камісію памілавання. Ён распавёў гэта маме і папрасіў яе перадаць мне».

Паводле яго, бабуля замкнула весніцы, дык міліцыянт пераскокваў праз плот.

Грамадзяніна Эстоніі год утрымліваюць за кратамі ў Беларусі — яго абвінавачваюць у датычнасці да «экстрэмісцкага фармавання»

Праваабаронцам стала вядома, што са студзеня 2024-га ў зняволенні ў СІЗА знаходзіцца грамадзянін Эстоніі Алан Ройа. 

Год таму, 16 студзеня 2024 году, КДБ прыняў рашэнне аб прызнанні «экстрэмісцкім фармаваннем» фонду «Fund of Belarus Friend LTD». У рашэнні ведамства былі пазначаныя людзі, якія нібыта маюць дачыненне да фонду: беларусы Алег Стэфановіч і Аляксандр Сырыца, а таксама эстонец Алан Ройа.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, Алану інкрымінавана ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім).

Лаўрэата конкурсаў вакалістаў і ўдзельніка пеўчага хору будуць судзіць за пратэсты

22 студзеня ў судзе Маскоўскага раёну Мінска пачнецца разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Даніэля-Ландсея Кейты. Яму інкрымінавана ч. 1 арт. 342 КК. Працэс будзе ўзначальваць суддзя Таццяна Пірожнікава.

Пра затрыманне хлопца стала вядома ў чэрвені — на «пакаяльным відэа» ён «прызнаваўся» ў тым, што ў 2020 годзе ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, пакідаў негатыўныя каментары пра міліцыянтаў і прадстаўнікоў улады, а таксама дрэнна ставіўся да расійскіх вайскоўцаў, якія ваююць ва Украіне.

Вядома, што затрыманы — лаўрэат I ступені рэспубліканскага конкурсу юных вакалістаў ім. Шаляпіна і лаўрэат III ступені міжнароднага конкурсу юных вакалістаў ім. Шаляпіна.

Больш за 1,8 тыс. чалавек асудзілі за год у Гродне за «распаўсюд экстрэмізму»

У 2024 годзе на тэрыторыі Гродзенскай вобласці зарэгістравана 1 837 адміністрацыйных працэсаў па арт.19.11 КаАП. Гаворка ідзе пра «распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозку інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць», піша Reform.

Для параўнання, у 2021 годзе з рэпрэсіямі па гэтым артыкуле сутыкнуліся 57 грамадзян.

Жыхара Мядзельскага раёна прысудзілі да чатырох гадоў калоніі за ролікі ў YouTube

Суд Мядзельскага раёна прысудзіў мясцовага жыхара 48-гадовага эколага Станіслава Таспаева да чатырох гадоў калоніі за ролікі ў YouTube. Справу разглядаў суддзя Аляксандр Шутко.

Паводле матэрыялаў справы, 48-гадовы мужчына быў адміністратарам YouTube-канала «Ініцыятыва Курорта Нарач». З сакавіка 2017 года па ліпень 2024 года ён у 36 паведамленнях на відэазапісах «распаўсюдзіў загадзя ілжывыя звесткі аб палітычным, эканамічным і сацыяльным становішчы Рэспублікі Беларусь, прававым становішчы яе грамадзян, дзейнасці дзяржаўных органаў, якія дыскрэдытуюць краіну і накіраваных на прычыненне істотнай шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам».

Акрамя таго, адзначаюць у пракуратуры, абвінавачаны пасля прыцягнення ў траўні і чэрвені 2024 года судом да адміністрацыйнай адказнасці за невыкананне парадку правядзення масавага мерапрыемства ў ліпені «зноў апублікаваў на YouTube-канале відэазапісы з выявамі незарэгістраванай сімволікі ў танах бел-чырвона-белага колераў».

Суд прызнаў мужчыну вінаватым па арт. 369-1 і арт.342-2 КК і прысудзіў да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму са штрафам у памеры 200 базавых велічынь (8 тыс. рублёў).

YouTube-канал «Ініцыятыва Курорта Нарач» усё яшчэ даступны. У ім размешчана 136 відэа. Многія ролікі прысвечаны інфраструктурным праблемам рэгіёну. Таксама ёсць некалькі відэа з мітынгаў 2020 года. Апошні раз канал абнаўляўся два гады таму.

Прысуд у законную сілу не ўступіў, можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку.

У 2021 годзе Станіслаў ужо быў асуджаны да «хатняй хіміі» па палітычных матывах. Вядома, што Станіслаў мае інваліднасць — раней у яго быў дыягнаставана анкалогія, але апошнім часам у мужчыны была рэмісія.

Гродзенцу далі паўтара года «хіміі» за ўхіленне ад войска: быў у вышуку, але вярнуўся з-за мяжы

Хлопец не з'явіўся па позве ў ваенкамат. Супраць яго завялі крымінальную справу, але прыпынілі, пакуль ён быў у вышуку. У 2024 гродзенец прыехаў у Беларусь — і трапіў пад суд. А восенню 2024 у Гродне на прызыў не з'явіліся 26 чалавек.

Міліцэйскага стукача судзяць за крадзеж і абразу Лукашэнкі

У лістападзе мінулага года ў судзе Маскоўскага раёна Мінска разглядалася справа Максіма Віктаравіча Палонскага, а хутка будзе і апеляцыя. У Палонскага не толькі артыкул за крадзеж, але і палітычны. Канал «Витебск, я гуляю!» прыгледзеўся да асобы падсуднага. 

Мужчыну абвінавачвалі ў крадзяжы, здзейсненым паўторна альбо групай асоб, альбо з пранікненнем у жыллё (ч. 2 арт. 205 КК РБ) і абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК РБ).

Асабістыя даныя падсуднага цалкам супадаюць з данымі раней судзімага інфарматара, які працаваў пад прыкрыццём у спецустанове «Ларыскор», вядомай як шырма для інфарматараў.

31 студзеня 2025 года ў Мінскім гарадскім судзе будзе разгледжана апеляцыя Палонскага.

Канал выказвае здагадку, што палітычнае абвінавачванне магло быць прад'яўлена Палонскаму спецыяльна, каб ён змог увайсці ў давер да палітычных зняволеных.

У Беларусі новае «экстрэмісцкае фармаванне» — арганізацыя «Перт»

Адпаведнае рашэнне прынятае КДБ 13 студзеня. Паводле ведамства, дачыненне да праекту мае 18-гадовы Уладзіслаў Варонін.

Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў

У яго трапілі:

  • Telegram-каналы і чаты «НОВОПОЛОЦК, ВЫХОДИ! Chat», «Учительская», «Bielaruscyna BY Dr Viktar Korbut», «Беларусы у Бялэй Падласке»;
  • Instagram старонка «alex123filipov1993»;
  • Facebook-старонкі «Згуртаваньне Беларусаў у Вялiкай Брытанii», «КААРДЫНУЮЧАЯ УПРАВА НАЦЫЯНАЛЬНАВЫЗВОЛЬНАГА РУХУ ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»;
  • Старонка ў «Х» «Сiнi Ўiнстан»;
  • Youtube-канал «Беларусь Будущего»;
  • Старонкі ў сацсетках «Незалежны прафсаюз РЭП»;
  • Старонкі ва «Укантакце» «Беларускi супрацiў», «Дранікі з мясам», «Дзе мой край?», «Спартыўны клуб "Патрыёт"», «Это Витебск, детка! [Типичный Витебск]»;
  • Сацсеткі і старонкі для данатаў праекту «Простымi Словамi»;
  • Старонкі ў «Аднакласніках» «НАЦЫЯНАЛЬНА-ВЫЗВОЛЕНЫ РУХ ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ», «БЕЛАРУСКІ НАЦЫЯНАЛЬНЫ САКРАТАРЫЯТ "ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»;
  • Старонкі ў TikTok «lenochka275», «Кастусь».