Яроменак выходзіў з турмы, а апынуўся ў Валожынскім раёне
Актывіста «Маладога Фронту» Уладзімера Яроменка вывезлі за 40 кіламетраў ад Мінску замест таго, каб вызваліць з турмы на завулку Акрэсціна ў Мінску.
Яроменак выходзіў з турмы, а апынуўся ў Валожынскім раёне
«А палове на першую дня мне сказалі сабраць усе свае рэчы ў камеры. Я разумеў, што адбываецца нешта не тое, бо мяне не маглі вызваліць на паўтары гадзіны раней. Мяне пасадзілі ў машыну і адвезлі ў Валожынскі раён, за 40 кіламетраў ад Мінску. Міліцыянты тры разы ўвялі памылковы пін-код на маім мабільным, каб я не змог патэлефанаваць», — заявіў Яроменак «Свабодзе»:
«Пад’ехаў чалавек, які шукаў возера. Я папрасіў патэлефанаваць. Ён не адмовіў. Так я змог паведаміць, дзе знаходжуся».
Пра ўмовы свайго 15-суткавага арышту ў турме на Акрэсціна Уладзь паведаміў: «Мяне пасадзілі у камеру на двух чалавек. Адзін двух’ярусны ложак. Камера
кутняя, дык, магчыма, там не вельмі цёпла было. Спачатку са мной сядзеў малады хлопец. Пасля таго, як яго вызвалілі, пасадзілі бамжа. Дзякуй Богу, бомж аказаўся
чыстым — без вошай».
18 красавіка без удзелу Яроменка над ім адбыўся суд. Актывіста Маладога фронту арыштавалі на 15 сутак — нібыта за парушэнне ўмоваў
прафілактычнага нагляду. Паводле Першамайскага суду, Уладзь Яроменак не знаходзіўся ў сябе дома ў нейкі прамежак часу з 21 гадзіны вечара
да 6 гадзіны раніцы 24 лютага 2013 года.
Пра суд Яроменак даведаўся толькі 24 красавіка.
15 сакавіка 2012 года за Яроменкам быў усталяваны прэвентыўны нагляд тэрмінам на 1 год. Аднак сёлета 15 сакавіка нагляд быў працягнуты яшчэ на паўгода.
Парушэнне нагляду пагражае пазбаўленнем волі тэрмінам да 1 году.
Паводле ўмоў прафілактычнага нагляду, Яроменак мусіць знаходзіцца ў хаце з 21 гадзіны вечара да 6 гадзін раніцы, раз на тыдзень да яго
прыходзіць з праверкай участковы інспектар, таксама Яроменак не мае права пакідаць межы Мінску без дазволу міліцыі.