Як Беларусь развівае турызм і пры чым тут Еўрапейскі Саюз

Што мы маем і што мы маглі б мець, калі б сур’ёзна ўзяліся за развіццё турызму, — разважае ideaby.org.

kan8272.jpg


Для сферы турызму гэты год павінен стаць пераломным. Пачатак 2017 адзначыўся сапраўднымі рэвалюцыйнымі зменамі: нечакана для ўсіх Беларусь адмяніла візы для грамадзянаў большасці развітых краін свету. Канешне, пакуль гэта тычацца толькі некалькіх турыстычных дэстынацыяў (як Аўгустоўскі канал і Гродна) і авіяпрылётаў. І хоць гэтак у краіну прыбывае толькі кожны восьмы замежнік, але зрухі ўсё роўна пазітыўныя.
Такія смелыя крокі вельмі патрэбныя турыстычнай галіне, якая апошнімі гадамі знаходзілася ў стагнацыі. З года ў год колькасць замежнікаў, якія прыбываюць у краіну, змяншаецца (падзенне на 30 % у параўнанні з 2013 годам). З арганізаванымі турыстамі (тыя, якія скарысталіся паслугамі турфірмаў) сітуацыя падобная: падзенне на 25 % у параўнанні з 2010 для гасцей з краін не-СНД. 

Тут трэба крыху закрануць праблему беларускай статыстыкі, якая пакуль не можа дакладна сказаць, колькі прыехала ў краіну турыстаў (адпаведна і вызначыць дакладны ўнёсак галіны ў ВУП). Дзяржаўны памежны камітэт падлічвае толькі перасячэнні мяжы (але не ўлічвае беларуска-расійскай часткі), у той час як Белстат не ўмее лічыць неарганізаваных турыстаў (якія не карыстаюцца паслугамі турфірмаў).


І тым не менш, паводле ацэнак Сусветнага савета па турызме і падарожжах, унёсак турызму ў 2016 склаў 1,9 % у ВУП краіны, 3,3 % экспарту і $ 935 млн. прыбыткаў. Адмена візаў, паводле досведу Польшчы і Украіны, можа адразу павялічыць колькасць наведнікаў на 20 %, што дадасць у прыбыткі ад экспарту паслуг як мінімум яшчэ $ 180 млн.Такія змены могуць дадатна паўплываць на развіццё рэгіёнаў, для якіх сфера турызму можа ператварыцца ў галоўны пункт росту. Гэта будзе вельмі дарэчы для тых жа аграсядзібаў, якія хоць і растуць у колькасці, але збольшага арыентаваныя на ўнутраных турыстаў або гасцей з Расіі.


Пры гэтым часцяком для дынамічнага развіцця турызму не хапае добра распрацаваных мясцовых стратэгіяў, кааперацыі паміж усімі лакальнымі гульцамі. Тыя ж рэгіёны, якія заняліся стварэннем турыстычных кластараў, паказваюць прарыўны рост у параўнанні нават з суседнімі раёнамі.


Відавочна, калі кластарны падыход дае плён, трэба актыўней працаваць у гэтым накірунку. Сёння збольшага за ўкараненне інавацыйных падыходаў адказныя праекты, якія рэалізуюцца пры падтрымцы Еўрапейскага Саюза. Асабліва актыўнае ўзаемадзеянне арганізавана праз праграмы памежнай супрацы “Латвія-Літва-Беларусь” і “Польшча-Беларусь-Украіна”, хоць імі і не абмяжоўваецца. Толькі з гэтых дзвюх праграм на развіццё турызму ў памежным рэгіёне Еўрапейскі Саюз выдзяляе дзясяткі мільёнаў еўра (каля 30 млн. еўра для сумесных праектаў на 2014-2020 гады).

Мы паразмаўлялі з прадстаўнікамі найбольш паспяховых ініцыятыў, каб зразумець, як развіццё турызму змяняе рэгіёны.


mststs.png


Што адбываецца ў праекце: Мсціслаў разам з яшчэ 8 гарадамі краін Усходняга партнёрства спрабуе прыцягнуць мясцовыя супольнасці і жыхароў, каб разам выпрацаваць стратэгію ўстойлівага развіцця горада, стымуляваць развіццё бізнесу. Асноўная ўвага будзе нададзена развіццю турызму і аднаўленню гістарычных каштоўнасцяў, кіраванню гэтымі аб’ектамі.

Да канца праекта будзе створаная тэхнічная дакументацыя па аднаўленні пяці галоўных аб’ектаў у горадзе. Пад гэтыя інвестыцыйныя праекты потым плануюць прыцягнуць сродкі Сусветнага банка, буйных еўрапейскіх фондаў.

Расказвае Святлана Зубрыновіч (Мсціслаўскі райвыканкам): Наш праект міжсектарны, мы спрабуем уцягнуць у яго рэалізацыю і прадстаўнікоў грамадскіх арганізацыяў, і актыўных жыхароў, мясцовыя супольнасці. Пры распрацоўцы візіі развіцця горада мы ангажавалі эканамістаў, урбаністаў з архітэктарамі, экспертаў па гісторыка-культурных каштоўнасцях, прадстаўнікоў крэатыўных індустрый, нават студэнтаў і школьнікаў. 

mstislavl_.png


Чаго не хапае для развіцця турызму ў Беларусі:

  • У нас шмат гістарычных аб’ектаў, але не стае мэтанакіраванай працы па іх прасоўванні.
  • Гарады не маюць навігацыйных сістэм, часам турысты проста не ведаюць, як дабрацца да нейкага аб’екта.
  • Для заходніх турыстаў існуе таксама моўная праблема. Калі б не гэта, развіваць турызм было б прасцей.

bella_dvina_1.png


Што адбылося ў праекце:  Памежны рэгіён вакол Заходняй Дзвіны атрымаў турыстычны брэнд “Бела Дзвіна”. Былі распрацаваныя шматлікія турыстычныя маршруты, абсталяваныя пункты адпачынку для турыстаў, навігацыйныя стэнды, праведзеная міжнародная маркетынгавая кампанія, а таксама музычныя фестывалі і фэст сярэднявечнай культуры.

Праект даў заўважны штуршок для развіцця турызму на Віцебшчыне, дапамог мясцовым гульцам рэалізаваць яшчэ некалькі турыстычных праектаў, падтрыманых у тым ліку і Еўрапейскім Саюзам. А новыя партнёрскія стасункі з калегамі з Літвы і Латвіі дазваляюць сумесна прасоўваць агульны турыстычны прадукт і планаваць новыя ініцыятывы.

Расказвае Іван Шчадранок, дырэктар Фонду “Інтэракцыя”: Дзякуючы праекту ў рэгіёне наладзілася сапраўднае ўстойлівае ўзаемадзеянне паміж партнёрамі, няспынны абмен вопытам і практыкамі паміж адмыслоўцамі, выпрацоўка агульных падыходаў да вырашэння праблемаў, прасоўвання турыстычнага брэнда. І гэта нягледзячы на мяжу, якая ўсё яшчэ стварае пэўныя перашкоды.Галоўнае, што супрацоўніцтва не знікла пасля заканчэння праекта. З таго моманту ўжо рэалізаваныя некалькі сумесных праектаў, некаторыя павінны пачацца найбліжэйшым часам.

polock_1.png



Чаго не хапае для развіцця турызму ў Беларусі:

  • Візавае пытанне. Патрэбна, каб візы выдавалі больш чым на 5 дзён і не толькі ў аэрапорце. Пакуль абсалютная большасць замежныя турыстаў, якія прыязджаюць да нас, – гэта расіяне. У гэтым няма нічога кепскага, нашыя партнёры з Латвіі і Літвы таксама на іх факусуюцца. Але прыцягненне турыстаў з Заходняй Еўропы было б вельмі пазітыўным фактарам.
  • Павышаць якасць абслугоўвання. У нас не так шмат канкурэнцыі, не такі вялікі попыт на турыстычныя паслугі, таму і якасць абслугоўвання адстае. Часам не хапае прафесійнага бізнес-падыходу, няспыннага развіцця турыстычнага прадукту. Мала проста распрацаваць брэнд, трэба ім увесь час займацца.
  • Не забываць пра ўнутраны турызм. Асабліва гэта важна для раёнаў, куды замежніку цяжка дабрацца. Падмуркам для развіцця якаснага турыстычнага прадукту ў такім выпадку могуць быць толькі ўласныя турысты, якія могуць сесці на аўто і праз некалькі гадзін быць у вашай аграсядзібе, правесці там выходныя.

2_muzsjadzjaiju.png


Што адбылося ў праекце: Смаргонскія ўлады аб’ядналі намаганні з Тракаем, каб аднавіць свае гістарычныя сядзібы. У вёсцы Залессе адрэстаўравалі і абсталявалі канцэртную залу сядзібы Міхаіла Клеафаса Агінскага, якая стала месцам правядзення канцэртаў, канферэнцый і семінараў. Была праведзеная шырокая інфармацыйная кампанія ў СМІ. Такія намаганні далі адчувальны плён: у 2016 музей наведала каля 25 000 турыстаў – гэта ў 6,5 раза больш, чым было ў 2014 (тады музей наведалі толькі 3 740 турыстаў).

Расказвае Таццяна Ражава (Смаргонскі райвыканкам):Дзякуючы праекту мы атрымалі выдатную магчымасць даведацца, як літоўскія партнёры падыходзяць да аднаўлення гістарычных аб’ектаў, асабліва паркаў, праца па адраджэнні якога ў нас яшчэ наперадзе. Атрымалася адрэстаўраваць канцэртную залу маёнтка, які заўсёды быў вядомы сваімі музычнымі вечарынамі. А праз інфармацыйную кампанію мы здолелі не проста распавесці пра праект, але і наноў адкрылі беларусам сядзібу Міхаіла Клеафаса Агінскага. Менавіта гэта дазволіла зрабіць такі прарыў у прыцягненні новых турыстаў.

smarhon_.png


Чаго не хапае для развіцця турызму ў Беларусі:

  • Інфраструктура. Сучаснаму турысту патрэбныя камфортныя ўмовы, і тут усе дробязі маюць значэнне: стан дарог, харчаванне, грамадскі транспарт, месца, дзе можна спыніцца на ноч. Маючы такія шыкоўныя гістарычныя, прыродныя і культурныя помнікі, галоўная задача – стварыць вакол іх адпаведную інфраструктуру.

etnoszmentno.png


Што адбылося ў праекце:На Гродзеншчыне і Сувальшчыне актыўна заняліся этнічным турызмам. Літаратурна-краязнаўчы музей у Гудзевічах атрымаў пасля рэканструкцыі новую інфраструктуру і сучасныя музейныя сродкі. Музей Яўхіма Карскага ў Першай гродзенскай гімназіі атрымаў новы інфармацыйна-выставачны цэнтр, у якім цяпер ладзяцца часовыя выставы ды імпрэзы. Таксама для рэгіёна была створаная энцыклапедыя этнакультурных і прыродных турыстычных аб’ектаў.
Расказвае Віталь Карнялюк (факультэт турызму Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я.Купалы): Тут знаходзіцца цудоўная калекцыя падвойнага ткацтва,  фантастычная калекцыя рукапісаў беларускіх літаратараў, багатая карцінная галерэя. Гудзевічы – месца, якое ў сваёй важнасці для беларускай культуры знаходзіцца побач з Каложскай царквой, Мірскім і Крэўскім замкамі ды міцкевічаўскімі мясцінамі.  І пакуль нацыянальны турызм не будзе цікавы самім грамадзянам, ён не будзе важны і для замежнікаў.

hrodno_.png


Чаго не хапае для развіцця турызму ў Беларусі:

  • Папулярызацыі краіны ў свеце. На жаль, пра нас нічога не ведаюць.
  • Вызначэння прыярытэтных накірункаў айчыннага турызму: этнічнага турызму, “зялёнага” турызму (але не зводзіць яго да палявання), бізнес-турызму (MICE).
  • Большай адкрытасці краіны. Гэта б пацягнула за сабою турыстычны попыт, а значыць і турыстычную прапанову.