Расія — галоўны выклік для бяспекі ў Еўропе

Санкцыі ЗША і ЕС супраць Расіі павінны захоўвацца, бо Расія застаецца галоўным выклікам для бяспекі ў Еўропе, лічаць у Мінабароны Швецыі. 

2019073.jpg

Расія з'яўляецца галоўным выклікам для бяспекі ў Еўропе. Пра гэта заявіў кіраўнік Мінабароны Швецыі Петэр Гультквіст на сустрэчы са сваім амерыканскім калегам Джэймсам Мэтцісам, паведамляе Корреспондент.net

"З майго пункту гледжання, Расія з'яўляецца галоўным выклікам. Расія паставіла пад пытанне парадак бяспекі ў Еўропе. Гэта мае дэстабілізацыйны ўплыў на Паўночную Еўропу і не толькі", — цытуе Гультквіста прэс-служба Пентагона.

Шведскі міністр таксама дадаў, што расійская агрэсія ў Украіне і анексія Крыма працягваюцца, і гэта супярэчыць міжнароднаму праву.

Пры гэтым Гультквіст падкрэсліў, што санкцыі ЗША і Еўрасаюза супраць Расеі павінны захоўвацца.

Раней у Швецыі з-за ваеннай актыўнасці Расіі вырашылі часткова аднавіць дзеянне вайсковай павіннасці, якая была адменена ў 2010 годзе.