Ілюзія велічы Расіі

Расіянам не пазбавіцца ад неабароненасці і страху, дэманструючы з насыпу кукіш цягніку сусветнага прагрэсу, які пралятае міма, і нават кідаючы ў яго камяні. Будзе толькі горш. Калі расіяне хочуць дасягнуць рэальнага адчування стабільнасці і паспяховасці, а не балючай галюцынацыі, якая змяняецца цяжкім пахмеллем, ім трэба мяняцца самім.



illuzija_vieliczy.jpg

Пра гэта піша Андрэй Моўчан на сайце slon.ru. Прапануем вашай увазе пераклад урыўку з яго артыкула. 
«Тры самых паспяховых краіны другой паловы XX стагоддзя — Японія, Германія і Ізраіль — створаны нацыямі, якія пачыналі ў поўнай упэўненасці ў сваёй велічы і цэнтральнай ролі ў гісторыі, якія перажылі катастрофу, але здолелі яе прыняць і адчуць сябе нікчэмнымі, маючымі патрэбу ў дапамозе звонку і стварэнні цалкам новых парадыгмаў. Турцыя ў XX стагоддзі пачала адраджэнне з прыняцця лацінскага алфавіту, «выкінуўшы на памыйніцу» сімвал асманскай самасці. Польшча пасля стагоддзяў, на працягу якіх яе раздзіралі на часткі Еўропа і Расія, пачала сваё адраджэнне з свядомага рашэння аб далучэнні да неславянскага саюзу.

Мы ўсё яшчэ жывем у мадэлі, цэнтр якой — мы самі. Але ў рэальнасці Расія — гэта невялікая, па эканамічных і сацыяльных мерках (1,5% сусветнага ВУП, 2% насельніцтва), краіна на перыферыі сацыяльнай галактыкі. Мы любім казаць, што мы — самая вялікая краіна па плошчы, але гэта хітрыкі: 60% нашай тэрыторыі непрыдатныя для жыцця, а палова астатняй тэрыторыі вельмі дрэнна засвоеная, і наўрад ці мае сэнс яе асвойваць — нашага насельніцтва для гэтага недастаткова. Тэрыторыя — наша праблема, яе павелічэнне — найгоршая з магчымых ідэй.


Мы любім пышацца сваёй культурай, але яе росквіт прыйшоўся на XIX стагоддзе, а сёння большасць з нешматлікіх рускіх дзеячаў культуры жыве або праводзіць большую частку жыцця за мяжой. Мы гаворым пра расійскую навуку, але думаем пра навуку савецкую. Расійскай навукі практычна не існуе — дастаткова палічыць колькасць замежных публікацый і прэстыжных прэмій. У 2013 годзе расійскія вучоныя ў галіне медыцыны апублікавалі менш матэрыялаў, чым, напрыклад, ірландскія або новазеландскія, і столькі ж, колькі егіпецкія, — у 60 разоў менш, чым навукоўцы ЗША. У галіне тэхнікі Расія параўнальная па публікацыях з Малайзіяй, і ў 25 разоў менш, чым ЗША. У галіне кібернетыкі рускія навукоўцы зрабілі столькі ж публікацый, колькі чэшскія, і ў 20 разоў менш, чым ЗША. Усяго за 2013 ў Расіі аб'ём публікацый параўнальны з Тайванем і Іранам, на 20% ніжэй Бразіліі, у 4 разы менш Вялікабрытаніі, у 12 разоў — Кітая, у 16 разоў — ЗША.
Мы ўспамінаем пра крывавыя перамогі продкаў, але не гатовыя забяспечыць апошнім жывым ветэранам годнае жыццё; у той жа час мы не перамаглі ні ў адным канфлікце за апошнія 70 гадоў, нават маленькую, пазбаўленую знешняй падтрымкі Чачэнію прыйшлося «заміраць» грашыма. Мы відавочна ўсё больш адстаём ад вядучых сусветных ваенных сіл у частцы абараназдольнасці, а тэхналагічная самаізаляцыя вядзе нас да незваротнасці гэтага адставання — з 1991 года ў Расіі не зроблена ніводнай буйной распрацоўкі ў ваеннай вобласці. Флагманскі расійскі танк Т-90 распрацаваны ў канцы 1980-х. Флагман гаўбічнай бронетэхнікі «Мста-З» вырабляецца з 1983 года. Новы флагман авіяцыі Су-35, якіх у войсках пакуль усяго пара дзясяткаў штук, на самай справе з'яўляецца мадэрнізацыяй Су-27 (без змены пакалення), эксплуатуецца з 1985 года. Гонар ВМФ  — падводная лодка «Ясень», якая існуе ў адзіным экзэмпляры, распрацавана да 1992 года. Ракета «Булава», пра якую кажуць як пра прарыў, зроблена у канцы 1990-х гадоў, па стане на сёння паспяхова узлятае ў 50 працэнтах пускаў і яшчэ не прынятая на ўзбраенне, але вядома, што яна мае характарыстыкі, блізкія да ракеты «Трайдэнт I» (1977 года распрацоўкі). Спіс можна працягваць.
Нарэшце, мы ганарымся багаццем прыродных выкапняў, якія ляжаць у зямлі, забываючы, што іх здабывае 1% насельніцтва, а ўсе астатнія занятыя ў паслугах і гандлі — прадаючы прыродныя рэсурсы і закупляючы імпарт. Расія, як і тысячу гадоў таму,  — гандлёвая краіна (доля гандлю ў ВУП амаль у два разы вышэй, чым у ЗША), і, заганяючы сябе сёння ў ізаляцыю, мы пазбаўляемся ў перспектыве адзінага бізнесу, у якім мы толькі і маем канкурэнтную перавагу перад іншымі краінамі.

Каб выйсці з замкнёнага круга, нам трэба прызнаць рэальнасць. У гэтай рэальнасці мы — як краіна, як народ, як тэрыторыя  — маем патрэбу ў максімальнай адкрытасці, самым высокім узроўні ўзаемадзеяння з навакольным светам, каласальным прытоку эмігрантаў і замежных капіталаў, істотным узмацненні ролі «чужых» сёння парадыгмаў, вераванняў, звычак і мадэляў. Мы павінны быць гнуткімі, ветлымі і годнымі даверу; мы павінны не адкідваць, а падглядаць і капіяваць. Мы павінны не пагражаць, а ствараць камфорт. Мы павінны развіваць не эгацэнтрызм, а эмпатыю.


Але каб расійскі чалавек быў гатовы прызнаць рэальнасць, нам трэба павысіць яго ўзровень абароненасці. Змены ва ўсіх краінах, якія ўдзельнічалі ў прарыве XX стагоддзя, пачыналіся з істотнага павышэння эфектыўнасці судовай сістэмы (даступнасць, кампетэнтнасць і незалежнасць суда), павелічэння адказнасці за злачынствы супраць асобы, выключэння магчымасці пераследу за перакананні і неад'емныя ўласцівасці чалавека (нацыянальнасць, пол, сэксуальная арыентацыя і інш.) і, вядома, прынцыповага паляпшэння базавага сацыяльнага забеспячэння.
Толькі зніжэнне ўзроўню страху — за кошт эвалюцыі сістэмы ў бок лепшага правасуддзя і сацыяльнага забеспячэння — рухае краіну наперад. Тыя, хто з заміраннем сэрца чакае, што ў выніку сённяшняга вар'яцтва Расію напаткае катастрофа і, прайшоўшы праз катарсіс, Расія уваскрэсьне да новага жыцця, мала адрозніваюцца ад прапагандыстаў маніі велічы. Па-першае, сацыяльныя катастрофы нясуць такі вал гора і пакуты, што ніякія наступныя ўваскрашэнні іх не вартыя. Па-другое, катастрофы нічога не гарантуюць — Расія толькі ў ХХ стагоддзі перажыла іх мінімум дзве і сёння вярнулася фактычна на стагоддзе таму...»