ГУБАЗіК апублікаваў відэа з затрыманым аўтарам твітар-акаўнта Gypsynkov
У тэлеграм-канале ГУБАЗіК з’явіўся відэазапіс з затрыманым аўтарам твітар-акаўнта Gypsynkov Міхаілам Цыганковым. На відэа Цыганкоў вымушаны казаць, што ўдзельнічаў у акцыях пратэсту і «скідаў інфармацыю аб перамяшчэнні сілавікоў».
![clip_15.jpg clip_15.jpg](/img/v1/images/clip_15.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Тое, што на відэа ГУБАЗіК сапраўды Цыганкоў, «Медыязоне» пацвердзіў чалавек, які ведае, як выглядае блогер. Пра тое, што менавіта ён з'яўляецца ўладальнікам акаўнта Gypsynkov, раней паведамляў Праваабарончы цэнтр «Вясна».
У першых кадрах відэа ГУБАЗіК узброеныя сілавікі ўзломваюць уваходныя дзверы ў кватэру, у якой, мяркуючы па ўсім, знаходзіцца Цыганкоў. Чуваць крыкі: «Кладзіся на падлогу!».
Пазней затрыманага прымушаюць на відэа гаварыць. Ён кажа, што цяпер працуе праграмістам у EPAM, а ў жніўні 2020 года «наведваў пратэставыя маршы».
![Праваабаронцы паведамляюць пра затрыманні блогераў-тысячнікаў Праваабаронцы паведамляюць пра затрыманні блогераў-тысячнікаў](/img/v1/images/photo_2022_01_28_19_28_35.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Пра затрыманне аўтара твітар-акаўнта Gypsynkov увечары 28 студзеня паведамілі праваабаронцы. Паводле іх, адначасова былі затрыманыя яшчэ некалькі беларускіх блогераў-тысячнікаў з твітара, аднак нейкай больш дакладнай інфармацыі пра гэта за суткі не з'явілася.
Аўтар акаўнта Gypsynkov, які налічвае каля 11 тысяч падпісчыкаў, стаў папулярны дзякуючы жартам на сацыяльна-палітычныя тэмы.