Карпянкоў прапанаваў падзяліцца з Расіяй «досведам спынення беспарадкаў»
Унутраныя войскі МУС Беларусі гатовыя падзяліцца з Расгвардыяй сваім «досведам стрымлівання масавых беспарадкаў». Пра гэта заявіў намеснік міністра ўнутраных спраў — камандуючы ўнутранымі войскамі МУС Беларусі генерал-маёр Мікалай Карпянкоў.
![Мікалай Карпянкоў разбівае шкляную вітрыну кавярні на Нямізе, 2020 год Мікалай Карпянкоў разбівае шкляную вітрыну кавярні на Нямізе, 2020 год ](/img/v1/images/karpiankou_3101.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Мікалай Карпянкоў разбівае шкляную вітрыну кавярні на Нямізе, 2020 год
Сёння Карпянкоў прымаў з працоўным візітам расійскую дэлегацыю на чале са статс-сакратаром — намеснікам дырэктара Расгвардыі генерал-палкоўнікам Алегам Плахім.
Намеснік міністра ўнутраных спраў Беларусі выказаў зацікаўленасць у перайманні расійскага досведу барацьбы з міжнародным тэрарызмам.
«У сваю чаргу мы таксама заўсёды адкрытыя і гатовыя падзяліцца досведам, у тым ліку па спыненні масавых беспарадкаў», — перадае ТАСС яго словы.
Падчас масавых акцый 2020 года Карпянкоў на чале супрацоўнікаў ГУБАЗіКа, які ён тады ўзначальваў, асабіста займаўся разгонам дэманстрантаў. Найбольш вядомае яго дзеянне — разбітая вітрына кавярні на Нямізе ў Мінску, куды забеглі пратэстоўцы.
Падчас візіту намесніка дырэктара Расгвардыі быў падпісаны план двухбаковага супрацоўніцтва на 2022 год. У ім запланаваныя сумесныя заняткі па агнявой і тактыка-спецыяльнай падрыхтоўцы з супрацоўнікамі САХРа «Рысь» (МУС РФ), наведванне вайсковых часцей, узаемны ўдзел у практычных семінарах, чэмпіянатах па мнагабор'і кінолагаў, спаборніцтвах і вучэннях ды інш.
Дарэчы, у чэрвені ў Беларусь чакаецца візіт кіраўніка Федэральнай службы войскаў нацыянальнай гвардыі РФ (Расгвардыі) генерала Віктара Золатава.
Паводле «Еўрарадыё».