Хронікі рэпрэсій. Журналіста Аляксандра Васюковіча эвакуявалі, дачку Рыгора Кастусёва вызвалілі
З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 25 красавіка.
Вядомы беларускі фотажурналіст Аляксандр Васюковіч эвакуяваны з Беларусі. Сёлета ў студзені быў асуджаны паводле арт. 342 КК на тры гады абмежавання волі за нібыта ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе.
Як паведамляе БАЖ, журналіст пакінуў Беларусь з дапамогай фонду салідарнасці BYSOL.
У 2020 годзе Аляксандра некалькі разоў затрымлівалі і судзілі па адміністрацыйных артыкулах, а ўвосень мінулага года затрымалі паводле крымінальнага абвінавачання і змясцілі ў СІЗА на Валадарскага.
Пасля прысуду, асцерагаючыся далейшага пераследу, Аляксандр Васюковіч выехаў з Беларусі і цяпер знаходзіцца ў бяспецы.
У судзе Віцебскага раёна 28 сакавіка асудзілі Сяргея
Мельнікава паводле ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі). Суддзя Міхаіл Зубеня прызначыў Сяргею адзін год
і адзін месяц пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён 19 чэрвеня 2023 года зрабіў рэпост публікацыі ў «Аднакласніках». У ёй знаходзіўся фотаздымак і тэкст, які суд палічыў абразлівым.
12 красавіка вынесены прысуд у дачыненні да 35-гадовага Яўгена Пруднікава і 31-гадовай Вольгі Пруднікавай — беларусаў, якіх завочна судзілі паводле «народнага» арт. 342 КК. Прысуд агучыла суддзя Вольга Царык.
Доказамі па справе былі фотаздымкі з фэйсбуку Вольгі Пруднікавай з маршаў, паказанні сведкаў, якія нібыта пацвердзілі «факт наяўнасці першапачатковай дамоўленасці з абвінавачанамі на сумесны ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах у цэнтральнай частцы Мінска». Таксама ў якасці доказаў выкарыстоўвалі даныя сотавых злучэнняў.
Такім чынам, Яўгена і Вольгу прызналі вінаватымі і асудзілі завочна да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Яны знаходзяцца за мяжой, таму фізічна рэжым Лукашэнкі не можа іх пазбавіць волі.
15 траўня ў Мінскім гарадскім судзе пачнуць разглядаць справу Кацярыны Шаблінскай-Івановай. Працэс прызначана весці суддзя Алена Шылько. Жанчыне інкрымінаваныя тры артыкулы Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 130 (распальванне варожасці або варажнечы), ч. 1 арт. 342 (удзел у дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак або заклікі да такіх дзеянняў) і ч. 3 арт. 361 (заклікі да санкцыяў або іншыя дзеянні, накіраваныя на прычыненне шкоды дзяржаве).
Як паведамляе «Наша Ніва», Кацярына — мінчанка, ёй 33 гады. У яе ёсць сын, якому цяпер шэсць гадоў.
Апошняя публікацыя ў сацсетках Кацярыны — гэта віншаванне сына з 1 верасня 2023. У гэты дзень ён пайшоў у апошні год дзіцячага садку. Пасля гэтага жанчына не была анлайн. Імаверна, яна была затрыманая ў гэты час.
Дачку палітзняволенага палітыка Рыгора Кастусёва
выпусцілі з магілёўскага ІЧУ, паведамляе тэлеграм-канал MAYDAY. Нагадаем,
пра затрыманне Кацярыны Кастусёвай праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі
ўчора. На «пакаяльным відэа» жанчыну прымусілі сказаць, што яна ў 2020 годзе
«аказвала садзейнічанне «Вясне», а таксама што яна нібыта прайшла рэгістрацыю ў
чат-боце плана «Перамога».