Хронікі рэпрэсій за 5 лютага
У Жодзіне затрымалі пяцярых былых сілавікоў; на палітзняволеную Вікторыю Кульша ў калоніі заводзяць трэцюю крымінальную справу; у Наваполацку судзяць бубнача гурта «Paranoia Dolls» — такія навіны сённяшняга дня знутры Беларусі.
***
Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1180 дзён, Дзяніс — 1060 дзён.
***
У Жодзіне затрымалі пяцярых былых супрацоўнікаў Жодзінскага ГАУС, якія ў 2020 годзе запісалі зварот да калег, паведамляе Ex-press.by. У 2020 годзе яны запісалі зварот да калег, якія падчас пратэстаў працавалі ў жодзінскай міліцыі, і да ўсіх работнікаў праваахоўных органаў Беларусі.
Паводле паведамлення ананімнай крыніцы, сярод затрыманых:
- падпалкоўнік міліцыі, былы намеснік начальніка аддзела ГУБАЗ МУС, які праслужыў доўгі час начальнікам крымінальнай міліцыі Жодзінскага ГАУС, Ігар Кісляк;
- падпалкоўнік у адстаўцы, былы намеснік начальніка Жодзінскага ГАУС, начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Вячаслаў Ільіч;
- падпалкоўнік, былы намеснік начальніка Жодзінскага ГАУС па ідэалагічнай працы і кадравым забеспячэнні Андрэй Дарошка;
- падпалкоўнік юстыцыі ў запасе, былы начальнік следчага аддзела Віталь Папроцкі;
- падпалкоўнік юстыцыі ў запасе, начальнік следчага аддзела Дзмітрый Удовін.
***
Палітзняволеную Вікторыю Кульша двойчы за мінулы год асудзілі паводле ч.1 арт.411 Крымінальнага кодэкса («Злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі»). Апошні раз суд прызначыў жанчыне яшчэ адзін год зняволення ў дадатак да трох з паловай гадоў калоніі, паведамляе «Радыё Свабода».
Паводле праваабаронцаў, Вікторыя больш за месяц знаходзіцца ў ПКТ, але Новы год сустрэла ў штрафным ізалятары. Цяпер стала вядома, што адміністрацыя жаночай калоніі №24 ініцыявала ўзбуджэнне супраць палітзняволенай ужо трэцяй крымінальнай справы па арт.411 КК. Падрабязнасці пакуль невядомыя.
Раней у калоніі адзін з наглядчыкаў душыў Вікторыю локцем, а таксама цягаў яе па камеры. Праз галадоўкі ў яе двойчы здараўся сардэчны прыступ.
***
Сілавікі затрымалі трансгендарную дзяўчыну за распаўсюджванне «экстрэмісцкіх матэрыялаў», піша «Вясна». На «пакаяльным відэа» затрыманая Вікторыя Кутузава расказала, што ў чэрвені 2023 года яе збіў украінец за сцяжок Украіны побач са сцяжком ЛГБТК+ на заплечніку і пашкодзіў палец. Затрымалі дзяўчыну за перасланае паведамленне з «экстрэмісцкага рэсурсу».
Таксама беларуска паведаміла, што ў яе жыў украінец, у якога выйшаў тэрмін 90-дзённага знаходжання ў Беларусі. За гэта на затрыманую склалі пратакол.
***
У Наваполацку за «абразу Лукашэнкі» судзяць бубнача гурта «Paranoia Dolls». «Нафтанаўца» і музыку Дзмітрыя Шалака затрымлівалі яшчэ летам мінулага года, тады яму прызначылі адміністрацыйны арышт.
Але гэтым арыштам пераслед Дзмітрыя не скончыўся: цяпер яму інкрымінуюць арт.369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады») і ч.1 арт.368 КК («Абраза Лукашэнкі»).
Сёння ў Наваполацку пачалося судовае пасяджэнне па гэтай справе. Працэс вядзе суддзя Віталь Лапко, піша «Віцебск, я гуляю!».
***
Сілавікі затрымалі двух братоў з Ваўкавыска. Вядома, што адзін з іх — супрацоўнік «Белакта», паведамляюць праваабаронцы «Вясны».
На «пакаяльным відэа» яны «прызнаюцца» ва ўдзеле ў пратэстах і распаўсюджванні «экстрэмісцкіх матэрыялаў».
***
59-гадовага ўраджэнца Віцебска Уладзіміра Варашэня, уключанага ў «спіс тэрарыстаў» КДБ, судзяць паводле пяці артыкулаў КК, піша «Гродзенская вясна».
Справу Уладзіміра ў Гродзенскім абласным судзе 5 лютага пачаў разглядаць суддзя Віктар Сянько.
Уладзімір Варашэнь абвінавачваецца па артыкулах аб «распальванні варожасці» (ч.1 арт.130 КК), «абразе Лукашэнкі» (арт.368 КК), «абразе прадстаўніка ўлады» (арт.369 КК), «паклёпе на Лукашэнку» (ч.2 арт.367) і «гвалце альбо пагрозе гвалтам службовай асобе» (ч.2 арт.366 КК).
***
Як паведамляе Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 368 дзён, Максіма Знака — 361 дзень, Мікалая Статкевіча — 360 дзён, Ігара Лосіка — 351 дзень, Віктара Бабарыкі — 287 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 216 дзён, Уладзіміра Гундара — 185 дзён.
***
Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1413 палітвязняў.
У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзіцца 1615 чалавек. Сярод іх — 184 жанчыны і 6 непаўнагадовых. 19 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.