Хронікі рэпрэсій, 3 мая. За два месяцы да вызвалення супраць Змітра Дашкевіча распачалі новую крымінальную справу

Рэжым працягвае помсціць сумленным беларусам. Распавядаем галоўнае, што стала вядома пра палітвязняў сёння. 

hroniki_represij2_logo.png_logo_1_logo_1_logo_1.webp

Супраць Змітра Дашкевіча распачалі новую крымінальную справу — па мінулай яму заставалася адбыць два месяцы

Пра гэта ў Facebook паведамляе ягоная жонка Наста Дашкевіч. Вядома, што Змітру інкрымінаваны «народны» артыкул 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Нагадаем, актывіста разам з жонкай Настай абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыі пратэсту 23 жніўня 2020 года. 14 ліпеня 2022 года Змітру прызначылі 1,5 года калоніі, а Насце — 3 гады «хатняй хіміі».

Палітзняволены актывіст павінен быў выйсці на волю з папраўчай калоніі № 14 па заканчэнні тэрміну 11 ліпеня. Але адразу па выхадзе яго затрымалі ў межах новай крымінальнай справы па арт. 411 КК — «Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі». Суддзя Таццяна Дзеравянка прызначыла палітвязню яшчэ адзін год калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.

ГУБАЗіКаўцы са сцягам СССР і георгіеўскай стужкай затрымалі гродзенскага айцішніка

Праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі відэа затрымання жыхара Гродна. Паводле «Нашай Нівы», гаворка пра 29-гадовага Дзмітрыя Глушчанку.

fe4a75c9_f854_49af_a167_0b1bac9cad7b.jpg

Хлопца абвінавачваюць ва ўдзеле ў пратэстах. Сцвярджаецца, што ён нядаўна вярнуўся ў Беларусь з Польшчы.

На відэа затрымання трапіў супрацоўніка ГУБАЗіК, які на спіну начапіў сцяг СССР і георгіеўскую стужку.

Мінскага маркетолага асудзілі за ўдзел у мірным сходзе

Стала вядома, што 18 красавіка ў судзе Партызанскага раёна Мінска вынесены прысуд маркетолагу Аляксандру Самайловічу. Яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу. 

Суддзя Аляксандр Супічэнка прызнаў яго вінаватым і асудзіў да двух з паловай гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ — «хатняй хіміі». Да пасяджэння мужчына знаходзіўся пад вартай, яго вызвалілі пасля абвяшчэння прысуду. 

Вядома, што Самайловіч прызнаў віну. У пастанове суда адзначана, што наўмыснасць яго дзеянняў «з прычыны ягоных унутраных пратэсных перакананняў» нібыта даказваецца тым, што ён сфатаграфаваўся з нацыянальным сцягам — «атрыбутам пратэснай накіраванасці і ягоных палітычных поглядаў».

Супраць гродзенскіх сясцёр, якія праз балоты збягалі з краіны, распачалі спецвытворчасць — іх збіраюцца судзіць завочна


33227568_9099_4a15_8d5b_ceec2ec72629.jpg

Следчы камітэт паведамляе, што Надзеі Сцепанцовай і Жанне Захаркевіч інкрымінаваная ч. 2 арт. 361-4 КК (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Іх запрашаюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ва Упраўленне СК па Гродзенскай вобласці.

У 2021-ым годзе сясцёр асудзілі да «хіміі» за ўдзел у акцыі пратэсту 6 верасня 2020 году ў Гродне. Пасля прысуду яны вырашылі з'язджаць з краіны — Жанна і Надзея 12 гадзін ішлі па лесе і дрыгве ў бок Літвы. Потым жанчыны трапілі ў фільм Юрыя Дудзя, дзе расказалі пра свае ўцёкі — яго паглядзелі больш за 10 мільёнаў чалавек.

Сілавікі затрымалі жыхара Мінска за ўдзел у пратэстах

На «пакаяльным відэа» мужчына кажа, што ў жніўні 2020-га года некалькі разоў удзельнічаў у мітынгах у раёне стэлы і парка Перамогі. 

Супраць сузаснавальніц мінскага стартап-хаба «Імагуру» распачалі спецвытворчасць — іх збіраюцца судзіць завочна

Таццяне Марыніч і Анастасіі Хамянковай інкрымінаваныя па 9 артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

Іх запрашаюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ва Упраўленне Следчага Камітэта Рэспублікі Беларусь па Мінску.

Палітвязня Андрэя Лапаціна асудзілі да 4 гадоў калоніі за данаты

У Мінскім гарадскім судзе 22 красавіка агучылі прысуд палітзняволенаму Андрэю Лапаціну — чатыры гады пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Суддзя Святлана Чарапанава прызнала яго вінаватым у «фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці» паводле арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса.

Андрэя затрымалі напачатку траўня 2023 году, калі ён прыехаў зрабіць перадачу свайму брату Максіму Лапаціну, затрыманаму па справе Мачулішчаў. Да гэтага мужчына жыў у Літве. 

У Брэсце распачаўся чарговы масавы суд за акцыі пратэсту ў жніўні 2020 года

У судзе Ленінскага раёна Брэста 3 траўня пачалі судзіць адразу чатырох чалавек паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках). Гэта Уладзіслаў Вашчынчук, Вадзім Анціпаў, Станіслаў Дубоўскі, Мікалай Воран

Вядома, што Станіслава затрымалі напрыканцы снежня 2023 года, калі ён вырашыў вярнуцца на святы  ў Беларусь з Польшчы, дзе жыў больш за год. Яго затрымалі дома сілавікі ў поўнай экіпіроўцы, а потым запісалі «пакаяльнае відэа».

Справу разглядае Аляксандр Семянчук, на рахунку якога мінімум 34 палітычных прысуды.

Нагадаем, на Берасцейшчыне да гэтага часу працягваюцца масавыя суды за ўдзел у акцыях пратэсту. Так, напрыклад, за апошні месяц вынеслі прысуды ўжо 17 жыхарам Баранавічаў, а на 7 траўня ў Баранавіцкім судзе запланаваны суд над 8 чалавекамі.

Крыніцы: Праваабарончы цэнтр «Вясна»; «Наша Ніва»;