Былы палітвязень: Бабарыка ў калоніі пасівеў, вельмі моцна пастарэў, выглядае нядобра

Былы палітвязень Аляксей (імя змененае) адбываў пакаранне ў наваполацкай калоніі, вядомай жорсткім стаўленнем да асуджаных. Ён распавёў «Люстэрку» пра вядомых палітычных зняволеных, якіх утрымліваюць у гэтай установе, у тым ліку пра Віктара Бабарыку.

Фота probusiness.io

Фота probusiness.io

З вядомых палітвязняў у ПК-1 знаходзяцца экс-прэтэндэнт у кандыдаты ў прэзідэнты Віктар Бабарыка, журналіст Ігар Лосік, медыяменеджар Андрэй Аляксандраў, журналіст і сябра «Саюза палякаў Беларусі» Андрэй Пачобут. У лютым 2024 туды перавялі ўдзельніка гурта Tor Band Дзмітрыя Галавача. Апошняга Аляксей ужо не застаў, але амаль з усімі астатнімі так ці інакш перасякаўся.

— Дзмітрыча (Віктара Бабарыку) я бачыў здалёку пару разоў, калі быў на каранціне. Яго тады адпраўлялі ў санчастку, гэта рабілі звычайна позна ўвечары, пасля праверкі, — распавядае былы палітвязень. — Ён сур'ёзна схуднеў. Я бачыў яго ў 2020-м, і розніца вельмі прыкметная, важыць, напэўна, кілаграм 80, а то і менш. Хлопцы кажуць, што ён пасівеў, вельмі моцна пастарэў, выглядае нядобра. Калі Дзмітрыч год таму трапіў у бальніцу, хадзілі чуткі, што былі зламаныя рэбры і адно з іх прабіла лёгкае. Нібыта стукнуўся, калі ўпаў. Але мне ў гэта верыцца слаба. Так, калі ўпасці з другога паверха, можна, напэўна, зламаць рэбры, але гэта ж як трэба страціць канцэнтрацыю.


Глядзіце таксама

Ігар Лосік намінальна лічыўся ў атрадзе Аляксея. Але мужчына асабіста яго не бачыў, журналіст увесь час знаходзіцца ў ШІЗА або ПКТ. Кажа, што зняволеныя з яго атрада называюць Лосіка моцным чалавекам.

— Ён малайчына, што трымаецца, таму што ШІЗА вымотвае, — распавядае суразмоўца. — Яшчэ я пасябраваў з Андрэем Аляксандравым. А на прамзоне перасякаўся з Андрэем Пачобутам, ён стаічна да ўсяго ставіцца. Трымаўся, усё разумеў. Да яго і яшчэ аднаго грамадзяніна Польшчы, які там утрымліваецца, прыязджаў консул, але наўпрост казаў, што нічога зрабіць яны не могуць.

Атмасферу ў калоніі Аляксей шмат у чым параўноўвае з войскам: жыццё ўладкаванае паводле строгага раскладу. Правёўшы там крыху менш за год, ён упэўнены, што гэтае месца зусім не спрыяе выпраўленню тых, хто сапраўды здзейсніў злачынства.

— Людзі проста прадастаўленыя самі сабе, — адзначае ён. — Відавочна не дапамагаюць справе і амбіцыі супрацоўнікаў калоніі, якія дзеля прэмій (ці проста так) гатовыя здзекавацца любымі спосабамі. Бывае, праверкі доўжыліся па гадзіне ці паўтара, проста таму, што ім так захацелася. А вы ўвесь гэты час стаіце на холадзе. Або чалавеку трэба выпісаць 20 парушэнняў — ён іх выпіша, атрымае прэмію, назапасіць грошай і паедзе ў Турцыю ці Егіпет. Вось і ўсё.