«Прывезлі з траўмамі галавы». З'явіліся падрабязнасці экстранай шпіталізацыі Віктара Бабарыкі
У ноч на 25 красавіка 2023 года палітзняволенага экс-банкіра і былога кандыдата на пасаду прэзідэнта Беларусі Віктара Бабарыку даставілі ў гарадскі шпіталь з наваполацкай калоніі № 1, дзе ён адбывае 14-гадовы тэрмін. Там яго пратрымалі некалькі дзён і, меркавана, вярнулі ў калонію. Пазней стала вядома, што палітвязня змясцілі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ), але калі дакладна гэта адбылося — невядома.
Да таго ж паведамлялася, што доўгі час зімой Бабарыка ўтрымліваўся ў штрафным ізалятары. Чалавек, які атрымаў звесткі ад відавочцы падзей, якія разгортваліся ў шпіталі напрыканцы красавіка з Віктарам Бабарыкам, распавёў праваабаронцам «Вясны» падрабязнасці інцыдэнту.
Паводле Мікалая (імя зменена ў мэтах бяспекі) Віктар Бабарыка быў дастаўлены ў хірургічнае аддзяленне наваполацкай гарадской бальніцы моцна збіты. Гэта быў другі выклік хуткай дапамогі ў калонію да Віктара. Падчас першага візіту супрацоўнікаў хуткай дапамогі ў шпіталізацыі было адмоўлена. Паведамляецца, што адмова была напісаная начальнікам калоніі.
Падчас другога візіту лекару брыгады хуткай дапамогі ўдалося пераканаць супрацоўнікаў калоніі ў неабходнасці шпіталізацыі Віктара Бабарыкі ў стацыянар.
«У абодвух выпадках брыгады атрымалі інструкцыі ад кіраўніцтва наваполацкай бальніцы аб тым, што з пацыентам у кантакт не ўступаць, гутаркі не весці, не падаваць ніякіх знакаў. Са свайго боку супрацоўнікі хуткай дапамогі правялі неабходныя абследавання (агляд, змены артэрыяльнага ціску, запіс электракардыяграмы) і даставілі мужчыну ў стацыянар. У прыёмным пакоі Віктар быў агледжаны дзяжурным лекарам, былі праведзены неабходныя даабследаванні (агульны аналіз крыві, мачы, рэнтген галавы і органаў грудной клеткі)», — распавядае Мікалай.
Папярэдні дыягназ быў — вадкасць у лёгкіх, але ён не падцвердзіўся. Мікалай сцвярджае, што Віктар Бабарыка атрымаў траўмы ў выніку збіцця. Адпаведныя траўмы былі на галаве — іх немагчыма атрымаць пры падзенні, напрыклад.
«На ўсе абследаванні Віктара суправаджалі канваіры. Лекарам і сярэдняму медперсаналу бальніцы былі дадзеныя рэкамендацыі аб тым, што з пацыентам нельга размаўляць, перамігвацца і г.д. Пры гэтым, на абследаванні (напрыклад, ультрагукавое даследаванне) Віктара пад канвоем вадзілі праз некалькі аддзяленняў. На працягу некалькіх дзён, якія Віктар Бабарыка правёў у хірургічным аддзяленні, ён знаходзіўся ў палаце для зняволеных з закратаванымі вокнамі і пад пастаянным кантролем канваіраў, якія сачылі за ўсімі дзеяннямі медперсаналу, спыняючы любую магчымасць перадачы якой-небудзь інфармацыі», — адзначае суразмоўца.
Паводле Мікалая, наведванні Віктара былі пад забаронай, родным і блізкім не паведамлялі пра яго месцазнаходжанне і стан здароўя.
«Праз тры-чатыры дні людзі ў пагонах павезлі Віктара ў невядомым кірунку на аўтамабілі, які не лічыцца на балансе наваполацкай гарадской бальніцы», — кажа крыніца.
Як адзначае Мікалай, з такімі траўмамі, якія былі ў Віктара Бабарыкі, пацыентаў шпіталізуюць мінімум на 7-10 дзён. Пазней у СМІ з'явілася інфармацыя, што Віктара Бабарыку вярнулі ў калонію і змясцілі ў ПКТ.
Нагадаем, Віктар Бабарыка быў затрыманы 18 чэрвеня
2020 года разам з сынам Эдуардам, калі накіроўваўся ў ЦВК для здачы сабраных
подпісаў. 6 ліпеня 2021 году палітзняволенага экс-банкіра асудзілі да 14 гадоў
калоніі. Праз два гады да васьмі гадоў калоніі асудзілі сына Віктара. 9
лістапада ён сустрэў 60-годдзе ў зняволенні – гэта яго чацвёрты дзень народзінаў за
кратамі.