Гродзенскія дзяўчаты распавядаюць пра Grodno Fashion Show
Фестываль моды адбыўся ў купалаўскім універсітэце ў Гродна 13 снежня. Беларускія дызайнеры на фэсце моды Grodno Fashion Show здзіўлялі гасцей не толькі адзеннем. З-за кулісаў гучалі гастранамічныя назвы калекцый, а па подыуме дэфілявалі ў валёнках.
Свае аўтарскія калекцыі на фестывалі прадставілі 17 дызайнераў з Гродна і Мінска, а таксама гарадзенскія каледжы лёгкай прамысловасці і бытавога абслугоўвання насельніцтва. Акрамя таго, модныя калекцыі восень/зіма-2014 паказалі беларускія і замежныя вытворцы бялізны, футраў, мужчынскага і жаночага верхняга адзення.
Маладыя дызайнеры расказвалі, што на стварэнне калекцыі іх натхнялі рускія народныя казкі або шум прыбою. Назвы ў калекцый былі самыя разнастайныя: “Бела-ружовы зефір”, “Лаліта”, “Жар-птушка” і “Аліса”. Некаторыя ўжо паспелі пабываць на паказах у Галандыі, Балгарыі і Украіне.
На подыуме прэзентавалася жаночая, мужчынская і дзіцячая вопратка.
Таксама ў межах тыдня моды працавала выстава модных брэндаў, на якой можна была што-небудзь купіць ці атрымаць дысконтную карту на зніжку 10–15 %.
Нам удалося пагаварыць з некалькімі мадэлямі, якія прадстаўлялі розныя калекцыі.
Юлія Барысевіч:
— Мяне на паказ запрасіла Наталля Пракопік — мадэль, фіналістка конкурсу “Супермадэль Свету 1999–2000 гг.”, якая цяпер працуе выкладчыкам у школе Сяргея Нагорнага па дэфіле.
— Ці садзейнічае гэты паказ далейшаму развіццю ў сферы мадэлі?
— Думаю, садзейнічае. Паказ дае магчымасць паказаць, праявіць сябе. На наступны год плануецца ажыццявіць яшчэ адзін паказ.
— Як праходзілі репетыцыі?
— Репетыцый праходзіла вельмі шмат. З намі працавалі таксама арганізатары праекта: падрымлівалі, дапамагалі.
— Ці спадабалася табе ўдзельнічаць у паказе?
— Мне вельмі было цікава. Я адчула сябе сапраўднай мадэллю, якая ходзіць па подыуме і паказвае вядомыя сусветныя брэнды. Цябе шмат фатаграфуюць. Ну і нейкую папулярнасць я, дзякуючы гэтаму паказу, атрымала.
Таксама на нашыя пытанні адказала ўдзельніца паказу Кацярына Курстак.
— Як ты трапіла на паказ?
— Мяне запрасіла паўдзельнічаць дзяўчынка з універсітэцкага тэатра мод.
— Што табе дае паказ? Далейшае развіццё ў сферы моды?
— Наўрад ці гэты паказ можа даць якое-небудзь далейшае развіццё ў сферы мадэльнага бізнэсу. Для мяне гэта больш хобі.
— Табе спадабалася ўдзельнічаць у паказе?
— Удзельнічаць спадабалася. Нават больш спадабалася сама падрыхтоўка да паказу: мноства рэпетыцый, новыя знаёмствы, падборка калекцый.
— Ці прымала ты дзе-небудзь яшчэ удзел?
— Удзельнічала ў конкурсе “Міс універсітэт–2011”, выставе “Вясельны свет–2013” і многіх іншых выступленнях і паказах, якія ладзіліся ўніверсітэтам.
— Якія калекцыі вы паказвалі?
— Калекцыю плашчоў “Элема” і калекцыю “Сарэль”.
Вялікую галерэю фота з Grodno Fashion Show глядзі тут.