Гродзенскі абласны суд перагледзеў справу — і вынес больш жорсткі прысуд

Васіль Пілец, якога раней прысудзілі да года «хатняй хіміі», пасля перагляду справы асуджаны на адзін год абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу.

pilec_sud_05.jpg

Гродзенскі абласны суд 22 красавіка разглядаў апеляцыйную скаргу засуджанага гродзенца Васіля Пільца, а паралельна — апеляцыйны пратэст пракуратуры на прысуд па крымінальнай справе, піша «Гродзенская Вясна».

Нагадаем, што суд Кастрычніцкага раёна Гродна 12 лютага прысудзіў Васілю Пільцу адзін год абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу (так званая «хатняя хімія»). Гэты прысуд быў апратэставаны. Пракуратура запатрабавала 2 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Суддзя выносіць прысуд: адзін год абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу. Пільца вызваліць з-пад варты, адмяніць арышт на маёмасць.

Васіля Пільца абвінавацілі па ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса («Хуліганства»). Нібыта 14 снежня мінулага года Пілец штурхануў агрэсіўных прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі і актывістаў руху «Антывандал». У справе як пацярпелая фігуравала небезвядомая Вольга Бондарава, а таксама Аляксандр Галахаў.

Справу ў раённым судзе разглядаў суддзя Дзмітрый Кедаль, які вынес прысуд: адзін год абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу.

22 красавіка скаргу і пратэст у абласным судзе разглядала калегія, у складзе якой былі Мікалай Рачынскі, Анатоль Заяц і Валерый Раманоўскі.

«Пацярпелы» Галахаў падтрымаў пратэст пракурора, Бондарава ў абласны суд не з'явілася.

У выніку судовая калегія апеляцыйную скаргу Васіля Пільца не задаволіла, а пратэст пракуратуры задаволіла часткова — цяпер Васіль Пілец асуджаны на адзін год абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу.

spring96.org