Гродзенца, які вывесіў плакат пра забруджванне Нёмана, аштрафавалі

Гродзенскага актывіста Мечыслава Супрона асудзілі на 127,5 рублёў штрафу (5 базавых велічынь). Раней ён павесіў на старым мосце ў Гродне плакат «Нёман атручаны лідскай ЖКГ», перадае Радыё Свабода.

Злівы каналізацыі лідскай ЖКГ у раку Дзітву, якая ўпадае ў Нёман

Злівы каналізацыі лідскай ЖКГ у раку Дзітву, якая ўпадае ў Нёман

Справу разглядалі ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна 10 ліпеня.
Пра забруджванне ракі Дзітвы і Нёмана грамадскія актывісты пачалі казаць пасля масавага мору рыбы пад Лідай. Да таго ж малы сын Супрона захварэў пасля купання ў Нёмане ў гэты час. Актывісты знайшлі каналізацыйную трубу, адкуль ішла брудная смярдзючая вада з пенай з ачышчальных збудаванняў лідскай ЖКГ.
Праз тыдзень ад пачатку зліваў забруджванне Дзітвы праз ЖКГ пацвердзілі пробы, узятыя камітэтам аховы прыроды.
За ранейшую акцыю аб атручэнні Дзітвы актывістаў з Бярозаўкі Вітольда Ашурка і Сяргея Пантуса аштрафавалі на 255 рублёў кожнага.
svaboda.org