Гродна. Ці падстаўна штрафуюць за багаж больш за 5 кілаграмаў?
“Тры-два-адзін. Кантроль! Прад’явіце праязныя квіткі ці прабітыя талоны. Калі ваш багаж важыць больш за пяць кілаграмаў — вы павінны прабіць два талончыкі, інакш — плаціце штраф". Чаму пачалі штрафаваць за бесквітковы перавоз торбаў і ці законныя гэтыя “новаўвядзенні", даведвалася Алена Вольная.
Вось такія аб'явы з'явіліся ў гарадзенскіх тралейбусах. Яны папярэджваюць, што любы багаж большы за 5 кг трэба аплочваць
Усё пачалося з незадаволеных карыстальнікаў гродзенскага форума, якія пачалі скардзіцца, што кантралёры штрафуюць людзей за тое, што тыя не набылі квіткі для свайго багажа вагой больш за пяць кілаграмаў.
“Сёння пры мне вывелі з тралейбуса мужчыну, які аплаціў праезд, але вёз з сабой звычайны пакет з прадуктамі. Таму яго прымусілі плаціць штраф 20 000 рублёў. Растлумачце, на якой падставе дзейнічалі кантралёры, і ЯК яны вызначылі, што багаж важыць больш за 5 кг, а не 4,5 ці 4,8?" — напісаў на форуме карыстальнік Premier.
“Учора таксама з сястрой патрапілі на штраф. Ехалі з рынка. Купілі там торбу і тры курыцы па кілаграму. Вялікая кантралёрка на вока вызначыла габарыты і вагу торбы і сказала плаціць штраф, пры гэтым вырваўшы пашпарт з рук у сястры", — падзялілася карыстальніца форума TaNyushka.
У выпісцы Правіл карыстання гарадскім пасажырскім транспартам у Гродне ёсць такі артыкул: “Пасажыр мае права бясплатна перавозіць адно месца маламернага багажу ці ручной паклажы і такія асабістыя рэчы, як адзежа, парасон, тэлефон мабільнай сувязі, фотаапарат, партатыўная відэакамера, кій, а таксама адну торбачку для прадметаў асабістага ўжытку і дакументаў з габарытнымі памерамі да 40x20x10 см ці сумай трох вымярэнняў не больш за 70 см і вагой не больш за 5 кг.
Што маецца на ўвазе пад “маламерным" багажом? Згодна з пастановай Савета міністраў РБ ад 30 чэрвеня 2008 г. № 972 “маламерны багаж ці ручная паклажа — гэта прадметы, якія маюць памеры не больш за 60 х 40 х 20 см ці суму трох вымярэнняў не больш за 120 см і масу не больш за 20 кг.
Значыць, 20 кг маламернага + 5 кг на асабістыя рэчы = 25 кг дазволенага бесквітковага багажу.
Спецыялістка аддзела прамысловасці, транспарта, сувязі і паслуг гарвыканкама Ларыса Георгіеўна праз тэлефонную размову падцвердзіла, што кантралёры не маюць права на “звышпяцікілаграмовыя" штрафы.
Тады адкуль з’явіліся аб’явы ў грамадскім транспарце, і, як вынік, грашовыя пакаранні? Чым кіруюцца кантралёры, штрафуючы людзей?
З гэтымі пытаннямі я звярнулася да намесніка начальніка Упраўлення тралейбуснага дэпо Андрэя Эйсманта, які некалькі разоў прачытаў мне тую жа самую выпіску з правіл карыстання пасажырскім транспартам, засярождваючы ўвагу на 5 кг. Ён пацвердзіў той факт, што кантралёры маюць права штрафаваць гаспадароў звышпяцікілаграмовых валізкаў. “Правілы праезду звычайна вісяць поруч кабіны кіроўцы, і пасажыры абавязаны азнаёміцца са сваімі правамі і абавязкамі", — запэўніў намеснік начальніка.
Атрымліваецца, што аддзел транспарта гарвыканкама штрафаваць забараняе, тралейбуснае дэпо ж, наадварот, дазваляе. З размовы з гродзенскімі кантралёрамі стала зразумела, што існуюць спецыяльныя штрафныя квіткі за перавоз багажу.
Па словах кантралёраў, раней на чацвёртую главу (зноў мяне знаёмяць з выпіскай з Правіл карыстання грамадскім транспартам) не звярталі ўвагі, а зараз, ва ўмовах рынку, пытанне паўстае больш востра. “Багаж займае месца, дзе мог бы стаяць чалавек. Мы пакуль не штрафуем, а ёсць калегі, якія штрафуюць. Мы папярэджваем, раім узяць сумкі на рукі, каб не заміналі праходу.