Гомельскія праваабаронцы просяць міліцыю прыцягнуць іх да адказнасці

Гомельскія праваабаронцы Леанід Судаленка і Анатоль Паплаўны просяць начальніка АУС Чыгуначнага раёна Гомеля Генадзя Хмарыка прыцягнуць іх да адміністрацыйнай адказнасці за размешчаную ў сетцы інтэрнэт фатаграфію, на якой яны выказваюць салідарнасць і віншуюць з юбілеем свайго калегу, палітычнага зняволенага Алеся Бяляцкага.



sudalenka_gomel_2.jpg

Леанід Судаленка і Анатоль Паплаўны. Акцыя ў падтрымку Алеся Бяляцкага

Праваабаронцы пачалі акцыю салідарнасці са сваімі гродзенскімі калегамі Віктарам Сазонавым, Раманам Юргелям і Уладзімірам Хільмановічам, якіх прыцягнулі да адказнасці за размешчаную ў сетцы інтэрнэт фатаграфію з партрэтамі Алеся Бяляцкага і брашурамі Усеагульнай Дэкларацыі Правоў Чалавека.

“5 студзеня бягучага года ў Гродне суд Ленінскага раёна прыцягнуў да адміністрацыйнай адказнасці гродзенскіх праваабаронцаў за размешчаную ў сетцы інтэрнэт фатаграфію, на якой яны трымаюць партрэты зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага і брашуры Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Падставай для прыцягнення нашых калег да адказнасці паслужылі рапарты супрацоўнікаў міліцыі Ленінскага раёна Гродна, якія, угледзеўшы ў гэтым медыйнам факце падзею і склад правапарушэння, прадугледжанага артыкулам 23.34 КаАП РБ, склалі і перадалі ў суд адміністрацыйныя пратаколы за правядзенне несанкцыянаванага пікету", — напісалі ў міліцыю гомельскія праваабаронцы.

“Даводзім да Вашай увагі, што з нашага боку таксама было здзейснена па месцы нашага знаходжання аналагічнае адміністрацыйнае правапарушэнне, калі мы размясцілі ў сетцы інтэрнэт фатаграфію, на якой сфатаграфаваныя з тэкстамі салідарнасці і пажаданняў з нагоды 50-гадовага юбілею нашага калегі, палітычна зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага (фота з сайта прыкладаецца). Па паказаным факце здзяйснення з нашага боку адміністрацыйнага правапарушэння просім пачаць у дачыненні да нас адміністрацыйны працэс", — такім незвычайным спосабам праваабаронцы паказваюць неадэкватнасць і абсурд адміністрацыйнай справы ў Гродне.

Паводле http://gomelspring.org/