Гомельская журналістка абскардзіла вялікія штрафы
Сёння, 22 красавіка, журналістка Ларыса Шчыракова аспрэчыла ў абласным судзе пастановы суддзі суда Гомельскага раёну Тамары Застаўнецкай (штраф 41 базавая велічыня ці 943 рублі) і суддзі Рэчыцкага раёну Святланы Пырх (30 базавых велічыняў ці 690 рублёў).
У абодвух выпадках фрылансерку пакаралі “за незаконны выраб прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для спадарожнікавага тэлеканалу “Белсат” — паводле часткі 2, артыкула 22.9 КаАП.
У судзе Гомельскага раёну Ларысу Шчыракову судзілі за стрым мітынгу ў Гомелі на Дзень Волі. Яе стрым трансляваў спадарожнікавы тэлеканал “Белсат”. Суд Рэчыцкага раёну судзіў незалежную журналістку за сюжэт з Рэчыцы пад назваю “форменнае свінства”, у якім расказвалася, што жылы будынак на вуліцы Войкава ўзвялі яшчэ ў 30-я гады мінулага стагодздзя, шэсць гадоў таму прызналі яго непрыдатным для пражывання, аднак у двухпавярховым бараку дагэтуль жывуць чатыры дзясяткі чалавек.
“У сваёй краіне я жыву па правілах, якія мне гарантуе Канстытуцыя, міжнародныя пагадненні, падпісаныя Беларуссю. У прыватнасці, Міжнародным пактам аб палітычных і грамадзянскіх правах таксама гарантуецца права на збор і распаўсюд інфармацыі. І ў той жа час уведзенымі падзаконнымі дакумэнтамі Беларусь парушае гэтыя мае правы”, — заяўляе Ларыса Шчыракова.
Юрыст Леанід Судаленка, які дапамог журналістцы абскардзіць штрафы, кажа, што суддзі ў абодвух выпадках узялі на сябе адказнасць за невыкананне артыкулаў 23 і 34 Канстытуцыі і артыкула 19 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
"Права на свабоду атрымання і распаўсюджвання інфармацыі можа падлягаць пэўным абмежаванням, аднак яны павінны быць не толькі прадугледжаны законам, але і з'яўляцца неабходнымі ў інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маральнасці, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб. Абмяжоўваючы правы Ларысы, суды не змаглі прадэманстраваць, для дасягнення якой з пералічаных мэт яны прыцягваюць да адказнасці незалежную журналістку", — падвёў рысу юрыст.
Гомельская Вясна