«Гэта для запалохвання». Наколькі небяспечная «база падпісантаў незалежных медыя»

Сілавікі выклалі ў Інтэрнэт «базы падпісантаў незалежных медыя». У базе больш за 46 тысячаў тых, хто «ўпадабаў» у інстаграме «Нашу Ніву», і больш за 220 тысячаў тых, хто ставіў лайкі «Люстэрку». Як збіраюцца такія базы, як абараніцца ў Інстаграме, і ці сапраўды такая база — нейкая «навінка» ад ГУБАЗіКу, разбіралася «Наша Ніва».

Малюнак з it.belstu.by

Малюнак з it.belstu.by

У каналах, звязаных з ГУБАЗіК і дзяржаўнымі прапагандыстамі, з'явіўся «спіс падпісантаў экстрэмісцкіх рэсурсаў». Ён апублікаваны ад імя «неабыякавага грамадзяніна, на жыццё якога змагары паўплывалі ў дрэнны бок», але мы мяркуем, што гэта справа рук ГУБАЗіК — яны першыя і пачалі распаўсюджваць гэтую інфармацыю.

У каналы выклалі дзве табліцы з назвамі «Наша Ніва» (лепш не спампоўвайце файлы, некаторыя антывірусы бачаць у іх шкодныя ўбудаванні). Першая — гэта акаўнты, якія лайкалі публікацыі «НН» у інстаграме за ўвесь час, яна налічвае больш за 46 тысяч радкоў. Другая — гэта ўсе людзі, якія нешта каментавалі, больш за 10 тысяч акаўнтаў.

Спампоўваць яе небяспечна — некаторыя антывірусы паказваюць на вірусную актыўнасць файлаў.

У табліцы ёсць імя акаўнта, яго ID, «біяграфія», указаны горад, а для некаторых таксама e-mail і тэлефонны нумар.

Апошнія, імаверна, «убіваліся» ўручную сілавікамі са сваіх унутраных базаў, бо на старонках акаўнтаў яны не пазначаныя. Электронныя адрасы і тэлефонныя нумары ёсць толькі на першых радках табліцы — робіцца гэта для запалохвання, бо большасць людзей не стане гартаць табліцу з некалькімі дзясяткамі тысячаў радкоў да канца.

Дата збору звестак невядомая, але  самі губазікаўцы кажуць пра «стан паўгода таму». Табліца, відавочна, сабраная машынным шляхам — гэта дазваляе зрабіць механізм API Instagram.

Ці ёсць у з'яўленні падобных спісаў віна незалежных медыя? Не. Нас ніхто не ўзломваў, уся апублікаваная інфармацыя па змоўчанні адкрытая. Змагацца з гэтым, на жаль, немагчыма — нават калі выданне зробіць акаўнт закрытым, то не здолее адфільтраваць сярод дзясяткаў тысячаў падпісчыкаў акаўнты губазікаўцаў.

Глядзіце таксама

Ці ёсць тут новыя пагрозы?

Не. Сілавікі збіралі базы падпісантаў незалежных медыя і раней. Калі вы нешта робіце ў сацсетках, то варта мець на ўвазе, што гэта так ці іначай можа стаць публічным або вядомым сілавікам — у гэтым уся сутнасць сацыяльных сетак. Таму калі вы знаходзіцеся ў Беларусі або вяртаецеся туды, то варта быць гранічна асцярожным. А падпіска на «экстрэмісцкія» медыя заўжды пагражала беларусам адміністратыўнай справай.

Новых пагрозаў у гэтым не бачна. Тое, што спісы выклалі публічна, нагадвае пра небяспекі, якія пагражаюць беларусам. Гэта дазваляе рэалістычна ацэньваць выклікі.

Што рабіць, калі я ў спісе?

Насамрэч тое самае, што і раней. Гэты спіс апублікаваны, каб запужаць беларусаў.

Калі вы проста лайкалі нешта ў інстаграме, то вам можа пагражаць адміністратыўны пратакол. Абараніцца ад гэтага немагчыма.

Калі вы ў Беларусі і пакідалі нейкі каментар, то яго можна выдаліць. Пры гэтым вам можа пагражаць як адміністратыўная, гэтак і крымінальная адказнасць у залежнасці ад зместу каментара. Абараніцца ад гэтага немагчыма.

Калі вы за мяжой, але збіраліся вяртацца ў Беларусь, то вас можа чакаць затрыманне на мяжы. У залежнасці ад таго, што менавіта вы рабілі ў сацсетках, вы можаце атрымаць адміністратыўку або крыміналку.

Такім чынам, варта вельмі асцярожна ставіцца да таго, што вы публікуеце, і разумець, што праз інтэрнэт-актыўнасць у вас могуць узнікнуць праблемы ў рэальным жыцці.

Глядзіце таксама