Гендарная роўнасць, якой няма. Хто насамрэч прымае рашэнні ў краіне?

Улады ледзь не на кожным кроку хваляцца тым, што ў беларускім парламенце вялікі адсотак жанчын. Але ці колькасць у дадзеным выпадку азначае якасць?

_belarus_minsk_zyccjo_ekanomika_ljudzi_fota_novy_czas__1__logo.jpg

Беларусь апусцілася на 5 пазіцый у справаздачы па гендарным разрыве ў нядаўна апублікаваным «Global Gender Gap Report 2023» у параўнанні з папярэднім годам.

Пры гэтым наша краіна захоўвае даволі добрую 41 пазіцыю ў рэйтынгу, які ўключае даныя пра гендарны разрыў па 146 краінах. Як ідуць справы з гендарнай роўнасцю ў нашай краіне, «Беларусь. Экспертыза» разбіралася на прыкладзе прысутнасці жанчын у кіраўніцтве дзяржорганаў. 

Сёлета ў рэйтынгу «Global Gender Gap Report 2023» Беларусь займае лепшыя пазіцыі, чым ЗША, Аўстрыя, Польшча і Люксембург. Аднак у гэтай сферы захоўваюцца пэўныя праблемы. 

«Global Gender Gap Report» вызначае ўзровень гендарнага разрыву на аснове вылічэння чатырох індэксаў:

● эканамічнага ўдзелу і магчымасцей;

● узроўню адукацыі;

● здароўя і выжывання;

● палітычнай улады.

У тлумачэнні да справаздачы адзначаецца высокі ўзровень гендарнай роўнасці ў Беларусі пры разліку індэкса «Эканамічны ўдзел і магчымасці». Для нашай краіны ён склаў 81.9% са 100% магчымых. Тут адыгралі ролю такія параметры, як доступ жанчын да рынку працы, розніца ў заробках паміж мужчынамі і жанчынамі, а таксама прысутнасць жанчын на кіраўнічых і заканадаўчых пасадах. 


Глядзіце таксама

Што дапамагае і перашкаджае жанчынам удзельнічаць у эканоміцы

Свабодны доступ да рынку працы ў Беларусі сапраўды маюць як мужчыны, так і жанчыны. Актыўны ўдзел жанчын у эканоміцы збольшага звязаны з перавышэннем попыту на працоўную сілу над яе прапановай, якая назіраецца ў Беларусі. Сітуацыя на рынку працы асабліва абвострылася ў апошнія некалькі гадоў, калі беларусы, у асноўным да 40 гадоў, сталі масава пакідаць краіну. Таму ўлады імкнуцца максімальна ўцягнуць у эканамічную дзейнасць усё насельніцтва працаздольнага ўзросту. Для гэтага, у прыватнасці, фармуюцца ўмовы, якія вымушаюць людзей выходзіць на працу. Адзін з найбольш вядомых прыкладаў — эканамічныя спагнанні ў дачыненні да «дармаедаў». 

Аднак доступ жанчын на рынак працы па-ранейшаму мае пэўныя абмежаванні. Далёка не заўсёды маладым дзяўчатам лёгка ўладкавацца на працу: працадаўцы асцерагаюцца, што яны хутка сыдуць у дэкрэтны адпачынак і на працягу трох гадоў іх будзе складана замяніць. Такім чынам, працяглы дэкрэтны адпачынак у Беларусі гуляе супраць жанчын. 

Таксама ў нашай краіне існуе розніца паміж узроўнем заробкаў мужчын і жанчын, аднак сёння дадзены разрыў у большай ці меншай ступені характэрны для многіх краін.

Магчымасці кар'ернага росту

Умовы дэкрэтнага адпачынку з'яўляюцца і адной з прычын, па якіх жанчыны ў Беларусі маюць менш магчымасцей для кар'ернага росту, чым мужчыны. Паколькі ў Беларусі не прынята, каб маленькімі дзецьмі займаліся бацькі, адпачынак па доглядзе дзіцяці звычайна прадастаўляецца мамам. Пры гэтым у краіне не створана дастатковая інфраструктура для маладых маці, якая дазваляла б ім прадуктыўна працаваць. У Мінску ў 2023 годзе закрыўся апошні прыватны дзіцячы садок. А дзяржаўныя дашкольныя ўстановы не заўсёды адказваюць патрабаванням бацькоў, і трапіць у іх часта бывае няпроста. 

Акрамя гэтага, жанчыны на пяць гадоў раней выходзяць на пенсію, што абмяжоўвае час, на працягу якога можна пабудаваць кар'еру. 


Глядзіце таксама

Усе гэтыя фактары прыводзяць да таго, што жанчынам складана канкураваць нароўні з мужчынамі за заняцце кіруючых пасад.

Ці часта жанчыны кіруюць дзяржструктурамі

Эксперты вырашылі на канкрэтных прыкладах прааналізаваць, якія ў Беларусі ёсць магчымасці кар'ернага росту для жанчын. Для гэтага быў вывучаны гендарны склад кіраўніцтва беларускіх міністэрстваў і дзяржкамітэтаў, а таксама абедзвюх палат парламента. 

У аналізе дзяржапарату выкарыстоўваліся даныя па 24 міністэрствах, 8 камітэтах, а таксама кадравым складзе Нацыянальнага банка і Генеральнай пракуратуры. Для разліку былі ўзятыя пазіцыі кіраўніка ўстановы і яго намеснікаў, якія можна паглядзець у вольным доступе. Усяго было прааналізавана 142 кіруючых пасады. У выніку высветлілася, што ў 47% дзяржаўных структур у склад кіраўніцтва на гэтым узроўні ўваходзяць толькі мужчыны. Няма жанчын у кіруючым складзе або прысутнічае толькі адна жанчына ў 29 установах з 34-х, або ў 85.3%. І толькі ў кіраўніцтве пяці з даследаваных дзяржструктур колькасць прадстаўніц жаночага полу вар'іруецца ад двух да чатырох. 

Калі паглядзець на агульную колькасць міністраў, старшыняў і намеснікаў, то жанчын сярод іх акажацца менш за 18%, гэта значыць 25 са 142 кіраўнікоў. 

Безумоўна, дадзеныя падлікі не дазваляюць сфармаваць поўную карціну аб прысутнасці жанчын на кіруючых пасадах у цэлым па эканоміцы. Пры гэтым відавочна, што на дзяржаўнай службе нешматлікім жанчынам удалося заняць высокія пасады. Зыходзячы са звестак «Global Gender Gap Report 2023», Беларусь можна прылічыць да тых 75 краін, дзе доля жанчын-міністраў складае менш за 20%. Сёння ў Беларусі сярод адзначаных вышэй устаноў жанчыны ўзначальваюць толькі Міністэрства сацыяльнай абароны насельніцтва і Нацыянальны статыстычны камітэт. 

Усе астатнія міністэрствы і камітэты, якія вывучаюцца, узначальваюць мужчыны.

Заўважна вышэй доля жанчын у беларускім парламенце. У Савеце Рэспублікі яна складае каля 28%, а ў ніжняй палаце парламента — 40%. Калі палічыць сярэднюю долю жанчын у дзвюх палатах, яна складае амаль 37%, што набліжаецца да сярэднесусветнага паказчыку ў 40%. Аднак у дадзеным выпадку трэба ўлічваць спецыфіку палітычнай практыкі краіны, дзе парламент мае значна менш уплыву, чым органы выканаўчай улады.


Глядзіце таксама

Высновы

Адметнасць Беларусі заключаецца ў тым, што жанчын у цэлым не абмяжоўваюць у доступе да рынку працы. Нават наадварот, дзяржава максімальна зацікаўленая ў тым, каб кожны грамадзянін ці грамадзянка былі працаўладкаваныя — ва ўмовах дэфіцыту працоўнай сілы. У Беларусі не створаны спрыяльныя ўмовы для жанчын у пабудове кар'еры і займання вышэйшых кіруючых пасад на дзяржслужбе. З улікам таго, што ў Беларусі вельмі моцныя пазіцыі дзяржаўнага апарату і зыходзячы з праведзенага аналізу, можна меркаваць, што, хоць па агульных крытэрах гендарнай роўнасці Рэспубліка мае высокія паказчыкі, прыняцце кіраўніцкіх рашэнняў на дзяржаўным узроўні ў Беларусі — пераважна мужчынская прэрагатыва.