Хронікі рэпрэсій за 12 жніўня

Галоўныя навіны краіны ў адным аглядзе.

Кацярына Андрэева знакодзіцца за кратамі ўжо 1000 дзён. Фота «НЧ»

Кацярына Андрэева знакодзіцца за кратамі ўжо 1000 дзён. Фота «НЧ»

***

Палітзняволенаму Мікалаю Статкевічу — 67 гадоў. Чацвёрты дзень нараджэння ён сустракае за кратамі. Пры гэтым ад палітвязня больш за паўгода няма вестак: апошні ліст ад мужа Марына Адамовіч атрымала 9 лютага.

На шматлікія запыты і скаргі сям'я атрымлівае фармальныя адказы. На сустрэчы з жонкай Статкевіча начальнік калоніі патлумачыў адсутнасць вестак ад палітвязня дрэннай працай «Белпошты».


Глядзіце таксама

***

Тры гады таму быў забіты Аляксандр Віхор. 25-гадовы гамяльчук загінуў пасля затрымання амапаўцамі. 9 жніўня 2020-га маладога чалавека, які ішоў на спатканне з дзяўчынай, у цэнтры Гомеля затрымаў АМАП. Пасля гэтага ён быў у РАУС, ІЧУ і СІЗА, адкуль хлопца ў цяжкім стане даставілі ў бальніцу.

Спачатку следчыя паведамілі бацькам, што іх сын памёр ад перадазіроўкі наркотыкаў. Аднак пасля, калі ў яго крыві не выявілі ні слядоў алкаголю, ні наркотыкаў, СК паведаміў, што прычынай смерці сталі «захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы, якія раптам абвастрыліся».

На гэтай падставе было адмоўлена ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце гібелі Аляксандра Віхора. Таксама ні ў чыіх дзеяннях у дачыненні да яго не ўстанавілі складу злачынства.

***

Журналістка Кацярына Андрэева знаходзіцца за кратамі 1000 дзён. У лютым 2021 года Кацярыну Андрэеву прысудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі за стрым з месца жорсткага разгону сілавікамі дэманстрантаў на «Плошчы Перамен» у Мінску 15 лістапада.

У красавіку 2022-га стала вядома, што журналістцы выстаўленае абвінавачанне ў «дзяржаўнай здрадзе» (ч.1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса).

13 ліпеня суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прысудзіў Кацярыну да 8 гадоў і 3 месяцаў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

***

У Вярхоўным судзе 8 жніўня адбыўся чарговы суд над асуджаным раней па «пратэсных» артыкулах бармэнам гомельскага бара «Кватэрнік» Глебам Вятошкіным.

Як піша «Вясна», 30 траўня Гомельскі абласны суд вынес Вятошкіну прысуд  (пяць гадоў «хатняй хіміі»), абвінаваціўшы яго ў «распальванні іншай сацыяльнай варожасці» (ч.1 арт. 130 КК) і «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо ўдзеле ў іх» (ч. 1 арт. 342).

Прысуд не паспеў уступіць у сілу, паколькі ўжо 8 чэрвеня пракуратура падала апеляцыйны пратэст на ўзмацненне жорсткасці пакарання з 5 гадоў «хатняй хіміі» на тры гады пазбаўлення волі.

Прадстаўнік пракуратуры ў судзе запытаў паўтара года пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі агульнага рэжыму. Судовая калегія Вярхоўнага суда падтрымала запыт пракурора.

***

У Гомельскім абласным судзе 11 жніўня вынеслі яшчэ адзін прысуд па палітычнай справе палітзняволенаму мінчуку Аляксею Кудасаву. Увесну 2022 года яго ўжо асудзілі да 11 гадоў калоніі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэка, у тым ліку за стварэнне телеграм-канала «Каскад».

Аляксей ужо больш за год адбываў тэрмін у калоніі. Цяпер яго судзілі паводле ч. 2 арт. 361-1 КК («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання, здзейсненае паўторна»). Суд праходзіў у закрытым рэжыме, таму падрабязнасці справы невядомыя. Суддзя Вадзім Бобыраў прызначыў палітвязню сем гадоў калоніі. Шляхам частковага складання тэрмінаў да 11 гадоў дадалі яшчэ шэсць месяцаў зняволення.  

***

Супрацоўнікі АМАПа меркавана 11 жніўня ў вёсцы каля Наваполацка затрымалі былую старшыню незалежнага прафсаюза ААТ «Нафтан» і актывістку Вольгу Брыцікаву і страйкамаўца «Нафтана» Аляксандра Кухаронка. Кухаронак — адзін з самых першых, хто ў 2020 годзе абвясціў страйк на прадпрыемстве. Затрыманая таксама і жонка Аляксандра. Яны маюць непаўнагадовых дзяцей.

Вядома, што іх абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 361 КК («Заклікі да санкцый, іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі»).

Вольгу Брыцікаву і Аляксандра Кухаронка неаднаразова затрымлівалі ў 2020 – 2022 гадах і арыштоўвалі адміністрацыйна. Вольга запар атрымала 75 сутак арышту.

***

Інфармацыйную прадукцыю царквы «Новае жыццё» хочуць прызнаць «экстрэмісцкімі матэрыяламі», піша «Белсат». Мінская царква «Новае жыццё» атрымала два афіцыйныя лісты ад дзяржаўных органаў. Першы ліст — гэта патрабаванне аб яўцы ў інспекцыю бухгалтара і прадастаўленні некаторых фінансавых дакументаў.

Другі ліст абвяшчае пра слуханні ў судзе справы аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі царквы «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Гэта можа наўпрост пагражаць нават фармальнаму юрыдычнаму існаванню гэтай рэлігійнай арганізацыі, паведамляе «Хрысціянская візія».

Раней царкву пазбавілі малітоўнага будынка і магчымасці праводзіць богаслужэнні.

***

Паводле звестак ініцыятывы прадстаўніцы АПК па сацыяльных пытаннях Вольгі Гарбуновай @klopat_by, на дадзены момант даволі працяглы час адсутнічаюць любыя звесткі пра самых вядомых палітычных зняволеных краіны: Марыю Калеснікаву — 179 дзён, Максіма Знака — 184 дні, Мікалая Статкевіча — 185 дзён, Ігара Лосіка — 174 дні, Сяргея Ціханоўскага — 156 дзён, Віктара Бабарыку — 107 дзён. 

***

Як паведамляюць праваабаронцы «Вясны», у Беларусі на сённяшні дзень налічваецца 1487 палітзняволеных. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітвязнямі 1739 чалавек. Сярод іх — 190 жанчын і 8 непаўнагадовых. 18 палітвязняў адпраўленыя на прымусовае лячэнне.