Гары Паганяйла: «Абароне Пачобута варта больш актыўна дзейнічаць...»

Старшыня юрыдычнай камісіі РПГА «Беларускі хельсінскі камітэт» дапускае, што следству не хапае доказаў віны журналіста. У гэтых умовах можна ставіць пытанне пра спыненне расследавання яго справы, — лічыць юрыст.



paganyaila02.jpg

Гары Паганяйла

На сёння следства па справе Андрэя Пачобута прыпыненае ў сувязі з прызначэннем чарговай судова-лінгвістычнай экспертызы — ужо чацвёртай па ліку.

— Я думаю, што следству не хапае нейкіх істотных доказаў, і яно ў чарговы раз спрабуе іх атрымаць шляхам экспертызы, — зазначыў Гары Паганяйла ў гутарцы з прэс-службай ГА «БАЖ». — Хаця ў тэкстах, з якімі я азнаёмлены, я не знаходжу ані паклёпу, ані зняваг, ані чагосьці падобнага. Як выбудавана абвінавачанне, мне не вядома, але я мяркую, што там шмат надуманага, прыцягнутага за вушы, і гэта крайне складана зараз даказаць, а хочацца...

Ёсць меркаванне, што, калі справа трапіць у суд, то для Андрэя Пачобута гэта будзе азначаць адназначнае пазбаўленне волі, бо ў яго па мінулай крымінальнай справе «вісіць тэрмін». Ці можа так стацца, што ў суд справа не трапіць, і пры якіх умовах?

— Гэта можа адбыцца толькі па рашэнні органа папярэдняга следства, калі ён не знойдзе дастаткова важкіх доказаў для абвінавачання, якое можна падтрымаць у судзе... Але тое, як доўга ідзе следства і як учапіліся ўлады ў Пачобута, гаворыць пра тое, што яны хочуць справу ўсё ж давесці да суда. Складана спрагназаваць вынік судовага разгляду, таму што мы ведаем, наколькі нашы суды залежныя ад выканаўчай улады, ад тых жа органаў следства, пракуратуры...

У гэтых умовах, як мне падаецца, трэба абароне больш актыўна дзейнічаць. Калі на сёння недастаткова доказаў, можна ставіць пытанне ўжо зараз пра спыненне расследавання крымінальнай справы ў сувязі з недаказанасцю віны, а не чакаць, што прадпрыме следства.

— Ці ўплывае грамадскі рэзананс на ход следства па такіх справах, як вы лічыце?

— Канешне. Але ўплыў можа быць розны.

З аднаго боку, любое грамадскае абмеркаванне (найперш — калі гаворка ідзе пра выкарыстанне крымінальных інструментаў для разборак з незалежнымі журналістамі, актывістамі грамадзянскай супольнасці) заўсёды дапамагае ў адстойванні іх правоў.

З іншага боку, часам улады робяць абсалютна наадварот: чым больш шуму, тым больш яны спрабуюць давесці сваю рацыю і незаконна асуджаюць, каб абяліць і сябе як уладу, і тыя органы, якія робяць беззаконне. Маўляў, суд адбыўся, суд паўсюль паважаны, незалежны орган, і з яго рашэннем трэба змірыцца і падпарадкавацца...

poczobut_5_(1).jpg

Карэспандэнта польскай «Gazety Wyborczej», сябра БАЖ абвінавачваюць у парушэнні ч. 2 арт. 367 КК РБ «Паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Справу завяло ўпраўленне Следчага камітэту па Гродзенскай вобласці ў чэрвені 2012 года на падставе шэрагу публікацый журналіста ў інтэрнэце.

21 чэрвеня ў яго кватэры ў Гродна адбыўся ператрус, у выніку якога ў журналіста забралі аргтэхніку. Да 30 чэрвеня журналіст прасядзеў у гродзенскім СІЗА, пасля чаго быў адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе.

Паводле Крымінальнага кодэксу Беларусі, журналіста могуць пакараць абмежаваннем волі на тэрмін да 5 гадоў альбо пазбаўленнем волі на такі ж тэрмін.

Да гэтага тэрміну можа дадацца трохгадовы тэрмін зняволення, на які Пачобут быў асуджаны 5 ліпеня 2011 года з адтэрміноўкай выканання прысуду на 2 гады. Тады журналіста таксама прызналі вінаватым у парушэнні арт. 367 ч. 1 (паклёп на прэзідэнта). Па законе, калі на працягу двух гадоў асуджаны здзейсніць парушэнне гэтага ж артыкулу закона, то пакаранне абавязкова будзе ўжыта супраць яго.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"