Галівудскія зоркі могуць атрымаць беларускія пасведчанні аб нараджэнні

Вядомым у свеце людзям з беларускімі каранямі выдадуць дакументы аб іх паходжанні.



ford.jpg

Харысан Форд
Учора беларускае пасведчанне аб нараджэнні атрымаў прэзідэнт Ізраіля. Памятны дакумент Шымону Пэрэсу ўручылі ў ягонай рэзідэнцыі. Прымеркавана гэта да юбілею прэзідэнта: 2 жніўня яму споўніцца 90 гадоў.
«Гэта знакавая дата і цалкам дарэчная падстава для такога сімвалічнага кроку», — пракаментаваў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў.
Дарэчы, першы прэзідэнт Ізраіля Хаім Вэйцман таксама нарадзіўся на тэрыторыі Беларусі — у вёсцы Моталь недалёка ад Пінска.
Журналісты звярнуліся ў прэс-службу МЗС з пытаннем аб тым, ці будуць іншым вядомым у свеце людзям з беларускімі каранямі выдаваць дакументы аб іх паходжанні.
Знакамітых беларусаў не так ужо і мала. Праўда, большасць з іх не могуць пахваліцца тым, што нарадзіліся ў нашай краіне. У асноўным гэта нашчадкі эмігрантаў, якія ў пачатку ХХ стагоддзя адправіліся за мяжу ў пошуках лепшага жыцця.
У спісе знакамітасцяў беларускага паходжання — акторы Харысан Форд (ягоная бабуля і дзядуля нарадзіліся ў Мінску), Кірк Дуглас (ягоныя бацькі — з Гомеля) і ягоны сын Майкл Дуглас, актрыса Скарлет Ёхансан (у мінулым годзе яна распавяла журналістам, што яе дзядуля і бабуля эмігравалі ў ЗША з Мінска), тэлевядоўца Лары Кінг (ягоная мама — беларуска), мадэльер Ральф Ларэн (ягоныя бацькі нарадзіліся ў Пінску).
«Наколькі мне вядома, сёння абагульняецца інфармацыя, хто з сусветных знакамітасцяў мае беларускія карані. Калі мы зможам больш выразна ўяўляць, што гэта за людзі, і калі яны пры гэтым праявяць цікавасць да радзімы сваіх продкаў, вядома, мы будзем зацікаўленыя ў наладжванні кантактаў. Гэтая праца не праводзіцца дзяржаўнымі органамі, хутчэй, гэта грамадская ініцыятыва, звязаная з фармаваннем іміджу нашай краіны», — растлумачыў прэс-сакратар беларускага МЗС.
kp.by