Галадоўніцы з Калінкавіч выклікалі «хуткую» і міліцыю. Адна з іх вырашыла спыніць акцыю пратэсту
Да сямі галадоўніц у Калінкавічы сёння прыяжджала хуткая медычная дапамога, а таксама двое міліцыянтаў, паведамляе "Радыё Свабода".
Восьмы дзень у Калінкавічах і Пухавіцкім раёне галадаюць 14 удзельніц руху «Маці 328», чые сваякі пакараныя вялікімі тэрмінамі зняволення паводле «наркатычнага» артыкулу 328.
Што важна ведаць:
- 27 красавіка актывісты руху «Маці
328» у Калінкавічах на Гомельшчыне і ў вёсцы Востраў на Меншчыне распачалі
галадоўку. Сёння галадаюць ня менш за 14 чалавек у розных гарадах.
- 2 траўня сем галадоўніц руху
«Маці 328» з Калінкавічаў сустрэліся з прадстаўнікамі адміністрацыі Аляксандра
Лукашэнкі. Пасля сустрэчы «Маці 328» адмовіліся спыніць галадоўку.
- Сустрэча галадоўніц з
генпракурорам Беларусі 4 траўня адкладзеная на няпэўны час.
- Удзельнікі галадоўкі патрабуюць
перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула
(ад 5 да 25 гадоў пазбаўлення волі), а таксама зменаў у заканадаўства.
- У Палаце прадстаўнікоў абяцалі змякчыць
пакаранні паводле «наркатычнага» артыкула 328.
66-гадовая Людміла Пімяноўская 3 траўня амаль не ўставала са свайго ложка. Яна галадае разам з іншымі шасцю мацяркамі за ўнука Станіслава. Жанчыне сёння стала блага, узровень цукру ў крыві стаў крытычна нізкі.
«Медыкі зрабілі Людміле Міхайлаўне ўкол глюкозы, каб падтрымаць арганізм», — сказала Свабодзе іншая галадоўніца Ліяна Шуба.
Сёння Пімяноўскую маюць забраць дадому сваякі са Жлобіну. Яна вырашыла пасля гэтага спыніць галадоўку праз дрэннае самаадчуванне. Апроч таго, дома Людмілы Пімяноўскай няма каму даглядаць хворага мужа, стан здароўя якога пагоршыўся.
У Ліяны Шубы таксама ўпаў узровень цукру ў крыві, яна адчувае млосць і слабасць.
«Медыкі і мне спрабавалі зрабіць укол глюкозы, але не ўдалося. Моцна звужаныя вены. Прапанавалі прымаць пігулкі альбо дадаваць у пітную ваду лыжачку мёду», — кажа Ліяна.
Галадоўніцы спрабавалі прайсціся на свежым паветры. Адолелі ня больш за 500 мэтраў — ва ўсіх слабасць і галавакружэнне.
Афіцыйная газэта справакавала непаразуменне ў суседзяў
У апошнія дні змянілася стаўленне суседзяў да галадоўніц.
Яны пачыталі артыкул у абласной газеце «Гомельская праўда» і пачалі заяўляць, што на галадоўніц трэба наслаць міліцыю і выселіць іх з кватэры Алены Казаковай. Суседзі кажуць, што жанчыны нібыта не галадаюць, а смажаць бульбу, шашлыкі, музыку ўключаюць.
Ліяна Шуба расказала пра гэта старшыню Калінкавіцкага райсавету Віктару Замосціку, папрасіла ўлагодзіць сітуацыю. Пасля гэтага да іх прыязджалі два супрацоўнікі міліцыі, пагутарылі з суседкамі. І тыя зноў сталі вітацца з галадоўніцамі.
4 траўня жанчыны з Каліновіч мелі сустрэцца з генеральным пракурорам Аляксандрам Канюком. Аднак напярэдадні галадоўніцам паведамілі, што сустрэча пераносіцца на няпэўны тэрмін.
Да галадоўкі далучыліся ў Віцебску
Тым часам у Пухавіцкім раёне таксама восьмы дзень галадоўку пратэсту працягваюць яшчэ 7 жанчын з руху «Маці 328». Пра пачатак галадоўкі з 3 траўня абвясціла актывістка гэтага руху з Віцебску Наталля Шарыпа.
27 красавіка ў Беларусі абвясцілі бестэрміновую галадоўку жанчыны з грамадзкай ініцыятывы «Рух „Маці 328“», якія патрабуюць лібералізацыі антынаркатычных законаў, стварэння камісіі па пераглядзе крымінальных спраў па 328 артыкуле Крымінальнага кодэксу і сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.
У галадоўцы, якая праходзіць у
Калінкавічах і ў Пухавіцкім раёне Менскай вобласці, бяруць удзел да 14 жанчын,
яшчэ некалькі чалавек далучыліся да акцыі ў Магілёве.
Пасля сустрэчы 2 траўня з кіраўніцай адміністрацыі Лукашэнкі Наталляй Качанавай актывісткі заявілі, што будуць працягваць галадоўку. Найбольш рэальным для выканання яны лічаць сваё патрабаванне лібэралізацыі антынаркатычнага заканадаўства. Наталля Качанава, паводле ўдзельніц сустрэчы, паабяцала ім, што пра галадоўку і патрабаванні галадоўніц будзе тэрмінова паведамлена Аляксандру Лукашэнку. Пазней стала вядома, што Качанава дала даручэнне паскорыць унясенне зменаў у антынаркатычнае заканадаўства.