Адна з тысяч. Як гомельская маці дамаглася апраўдання сына, асуджанага «за наркотыкі»
Жанчыны з руху «Маці 328», які дамагаецца змякчэння «наркатычнага» заканадаўства, галадаюць ужо восьмы дзень. «Радыё Свабода» адшукала жыхарку Гомеля, сын якой трапіў у міліцэйскі нерат лоўлі на «жыўца». Але быў апраўданы судом — пасля чатырох гадоў на зоне паводле наркатычнага артыкулу.
Гэтую справу можна назваць унікальнай для Беларусі, дзе, паводле праваабаронцаў, больш за 13 тысяч грамадзян сядзяць у калоніях «за наркотыкі».
Ірына працуе на дзяржаўным прадпрыемстве, таму прасіла не называць яе прозвішча. Тыя чатыры гады, пакуль ейны сын Канстанцін сядзеў у калоніі, жанчына нястомна за яго змагалася. Як вынік, жыхар Гомеля трапіў у мізэрны, статыстычнай хібнасці працэнт людзей, якія былі апраўданыя паводле артыкулу 328 Крымінальнага кодэксу («Незаконнае абарачэнне наркатычных сродкаў»). Гэтую справу можна назваць унікальнай для Беларусі, дзе тысячы грамадзян сядзяць у калоніях за гэта.
Паводле афіцыйнай статыстыкі, за 2017 год у Беларусі агулам асудзілі больш за 43 тысячы чалавек. Апраўдалі суды 98 чалавек. 0.2%.
«Сын пасля апраўдання з’ехаў у Расію»
Гэтая крымінальная справа пачалася ў 2006 годзе. Скончылася — у 2011-м. 28-гадовага гамельчука абвінавацілі ў продажы наркотыкаў (ч. 3 арт. 328 КК). На паўторным разглядзе, пасля чатырох гадоў калоніі, механізм суду раптам даў збой — жыхара Гомеля вызвалілі ў залі пасяджэння.
Пасля Канстанцін паехаў у Маскву, там жыве і працуе. Яго маці кажа, што з’ехаць параілі пэўныя людзі па апраўдальным прысудзе.
«Нам сказалі, хай лепш з’едзе, каб зноў чаго не здарылася. Ён не адзін такі. Мая знаёмая, сын якой, студэнт, таксама сядзеў за наркотыкі, даведалася, што Косцю апраўдалі, і сказала: і я буду ваяваць за свайго! А ў іх была справа паводле такога ж сцэнару, як у нас. Па вызваленні і знаёмая, і яе сын таксама з’ехалі жыць у Расію», — расказвае Ірына.
Яна ўздыхае: ваяваць у судах цяжка, а ваяваць з дзяржавай — часта немагчыма. Жанчыне казалі, што яе высілкі — як маральныя, так і грашовыя — не маюць сэнсу. У міліцыі даводзілі: каб сын не скардзіўся, згадзіўся, што вінаваты, «усё было б нармальна!»
«Ваяваць складана і дорага»
Жанчына не верыла міліцыі. Верыла сыну і ў яго. Таму працягвала дамагацца справядлівасці.
«Пры паўторным пераглядзе ў судзе ўжо вызначылі, што і голас на запісе не сынаў, і здымкі былі сфабрыкаваныя. Гукавы файл быў змантаваны міліцыяй. Але пры першым разглядзе суд паверыў такім доказам, нічога іх не насцярожыла! Гэта вельмі цяжка даказваць. Ваяваць цяжка. А калі хто не мае грошай... Адвакаты бяруць па 200 рублёў за адзін дзень у судзе. А што такое адзін дзень у такіх справах? То перанеслі, то сведка не з’явіўся... Гэта можа цягнуцца бясконца. Вельмі складана і вельмі дорага», — разважае жыхарка Гомеля.
«У нашай справе вырашылі прыбраць самае нізкае звяно ланцуга»
2 траўня перад сустрэчай у адміністрацыі Лукашэнкі ініцыятарка галадоўкі «Маці 328» Тацяна Канеўская прадэманстравала журналістам аркуш паперы, на якім лаканічна намалявала наркатычную іерархію.
Зверху — тыя, хто «ўсё гэта»
прыкрываюць, потым буйныя дылеры, якія заводзяць наркотыкі ў Беларусь тонамі.
Ніжэй ідуць «закладчыкі» і спажыўцы наркотыкаў.
«У турмах сядзяць два апошнія звяны, расходны матэрыял!» — выказалася Канеўская.
Ірына згаджаецца: «Вышэйзгаданая схема цалкам адпавядае рэчаіснасці».
«Тыя, хто прывозіць буйныя партыі, і тыя, хто іх прыкрывае, — іх ніхто не затрымлівае, не адпраўляе на зоны. А гэтыя небаракі, асабліва спажыўцы наркотыкаў — гэта проста абгорткі ад цукерак... І пакуль нашы вярхі гэта робяць, прыкрываюць буйных дылераў — маці будуць пакутаваць, як цяпер змагаюцца пры дапамозе галадоўкі», — лічыць жанчына.
Перагляду справы яна дабілася праз скаргі ў КДБ і ААЦ.
«У справе нашага сына былі міліцыянты, якія яго падставілі. Але яны не былі пакараныя, здаецца, адзін нават пайшоў угару па карʼернай лесвіцы. Пры пераглядзе справы майго сына спецыяльным службам, мусіць, на пэўным моманце сказалі: усё, далей не капайце. І таму спыніліся на тым міліцыянце, які якраз на момант перагляду справы ўжо не жыў — загінуў на паляванні. Той міліцыянт быў самым нізкім звяном ланцуга», — дадае Ірына.
Супрацоўнік міліцыі, злачынныя дзеянні якога ў «пасадцы» жыхара Гомеля выкрыла пракуратура, загінуў ва ўзросце 29 гадоў. Разам з сябрамі ён выправіўся на незаконнае паляванне. Выходзячы з машыны, трымаў зараджаную дубальтоўку руляй угору і, хутчэй за ўсё, выпадкова націснуў на спускавы курок. Куля трапіла ў галаву.
«Былі ўпэўненыя — ён не вінаваты. Але ў справядлівасць не верылі»
Справа Канстанціна пераглядалася тры разы. Спачатку, у 2006 годзе, яму прысудзілі восем гадоў пазбаўлення волі. Пісалі скаргі — і сын з калоніі, і бацькі з дому. У калоніі, паводле маці, Канстанціну пагражалі: будзеш скардзіцца — перавядзём у калонію з горшымі ўмовамі. І сапраўды перавялі. У 2007 годзе абласны суд пакінуў прысуд без зменаў. У 2010-м той жа, адмоўны, вынік. Але ў 2011 годзе справу перагледзелі з улікам «новых абставінаў». Пракуратура знайшла абуральныя парушэнні з боку наркакантролю Чыгуначнага РАУС Гомеля.
Сведка, які нібыта набываў амфетамін у Канстанціна, толькі падчас трэцяга перагляду справы прызнаўся, што даваў ілжывыя паказанні: і амфетамін, і грошы на набыццё наркотыкаў яму даў міліцыянт, каб потым выдаць пры панятых. Другая сведка, жанчына, якая прысутнічала ў якасці панятой, сказала, што з міліцыянтам падтрымлівала блізкую сувязь... Панятой была і маці сужыцелькі міліцыянта.
«Атрымаў 50 мільёнаў кампенсацыі старымі грашамі»
«Сын па вызваленні праз суд патрабаваў кампенсацыю — хоць за грашовыя выдаткі, на адвакатаў. На тыя грошы ён атрымаў 50 мільёнаў. Няшмат за чатыры гады жыцця ў калоніі, але хоць нешта», — адзначыла маці. Тыя «прыгоды» яе сямʼя хацела б забыць, як страшны сон.
Ірына ўпэўнена: змагацца варта.
«Толькі б да вярхоў дастукацца жанчынам, якія пакутуюць ад несправядлівых прысудаў», — дадала жыхарка Гомля.