Экзарцыст: Слова мае аграмадную сілу. Дэманы, калі праклінаюць, мацюкаюцца як людзі

Калі мы бачым, што чалавек паводзіць сябе як псіхічна хворы, то, хутчэй за ўсё, ён і ёсць псіхічна хворы, кажа святар. А «беснаватых» мы часам можам убачыць на тэлеэкране — у пінжаку, сядзіць дзе-небудзь у парламенце, не кожны і зразумее, кажа святар.

mohilki._fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas4_logo.jpg

Верым мы ў гэта ці не верым, але такое ёсць: сярод святароў хрысціянскіх канфесій (як каталіцкіх, так і праваслаўных) асаблівае служэнне маюць экзарцысты. Гэта тыя, каму дазволена чытаць спецыяльныя малітвы над ашалелымі, эпілептыкамі і падобнымі хворымі. У народзе пра іх кажуць — “святары, якія выганяюць д’ябла”.

Экзарцыст Віцебскай дыяцэзіі Рымска-Каталіцкай царквы ксёндз Мікалай Ціхановіч, доктар багаслоўя, пробашч парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім — адзін з такіх, піша «Народная Воля».

— Колькі гадоў вы з’яўляецеся экзарцыстам?

— Мяне прызначыў у 2019 годзе епіскап Віцебскі Алег Буткевіч. Так што ўвосень будзе чатыры гады.

— Хачу запытацца пра ролю слова… Наколькі больш востра вы пачалі адчуваць сілу слова пасля таго, як сталі экзарцыстам?

— Першае, што мяне ўразіла, калі меў вопыт маніфестацыі д’ябла падчас экзарцызму, гэта рэакцыя на слова Божае. Я чытаў Евангелле ад Яна. Як раз вось гэтыя словы —“Слова сталася целам і пасялілася між намі, і бачылі мы славу Ягоную, славу”. І была рэакцыя дэмана — “Змоўкні!”

Добра памятаю гэты момант, калі мяне, як моладзь кажа, “прашыбла” такая рэакцыя з верху да нізу. Дрыжыкі па целе ад таго, як д’ябал адрэагаваў на слова Божае.

Мы, святары, звыкліся: чытаем Евангелле, пастаянна з Бібліяй, прапаведуем — і неяк заціраецца слова Божае. Але ў той момант я сам па-чалавечы здрыгануўся, бо зразумеў, якую аграмадную сілу мае слова Пісання. І калі ў малітвах экзарцыста размова ідзе ўжо пра маніфестацыю (бо ёсць розныя малітвы), у 80 працэнтаў выпадкаў д’ябал рэагуе вельмі агрэсіўна.

Мікалай Ціхановіч

Мікалай Ціхановіч

— Зараз паўсюль можна пачуць брыдкаслоўе… Ці гэта ад “бесаў”?

— Канечне, 150 працэнтаў! Таму што брыдкаслоўе гэта, па сутнасці, праклёны. І дэманы, дарэчы, калі праклінаюць, таксама мацюкаюцца, як людзі.

Я з дзяцінства разумеў, што брыдкасловіць нельга: мама вучыла, у маёй сям’і гэта было непрымальна. Але глыбіні гэтай забароны я не разумеў. І калі цяпер чую гэткія словы з вуснаў ашалелага чалавека і разумею, што гэта ўжо не ён гаворыць, то толькі пераконваюся ў правільнасці табу.

Гэта першае. Па-другое — я бачу наступствы. Я масава адмольваю людзей, якія атрымалі траўмы (псіхалагічныя, духоўныя) ў дзяцінстве, калі тата ці маці мацюкаліся на іх, абзывалі, прыніжалі. І гэта глыбокія раны, бо слова чалавечае мае сілу.

— Я і раней чуў пра тое, што “бесы” мацюкаюцца. Вы пацвярджаеце?

— Так.

— Вы носіце вельмі кароткую столу (шырокая шаўковая лента на шыі святара, з вышытымі крыжамі, звычайна каля двух метраў у даўжыню, — Заўв.). У гэтым ёсць нейкі сэнс?

— Ёсць. Бо меў горкі вопыт.

Звычайна ў святароў стола да каленяў. Помню, узяў самую доўгую, самую прыгожую і ўрачыстую… Стаяў з крыжам, маліўся. Але за секунду, проста за імгненне дэман з цела чалавека схапіў яе і заматаў тры разы. Я ў шоку! Падскочылі памочнікі, якія былі падчас экзарцызму, пачалі ратаваць дзяўчыну, якую гэтай столай ледзь не задушыла. За секунду!..

Дарэчы, падобнае было не адзін раз.

З таго часу мая стола караценькая і сам я станаўлюся падалей. Не ведаю, як іншыя экзарцысты, а я вырашыў так.


— У сувязі з гэтым: нястрашна быць экзарцыстам? Я чуў, што святары стараюцца адмовіцца ад такой місіі.

— Шмат хто задае мне гэта пытанне. Сапраўды, пагрозы ідуць не толькі ад ашалелага чалавека, за якога ты молішся. Але могуць быць нейкія СМС-кі, тэлефонныя званкі з нейкімі рыкамі-крыкамі, праклёнамі.

Таму я адказваю: “Страшна”. Па-чалавечы — страшна, бо я разумею, што ўваходжу ў свет духаў. Яны разумнейшыя за нас, людзей, могуць што заўгодна падстроіць, абхітрыць. Але, як кажа апостал Ян, у любові страху няма. Калі я люблю Бога, прыняў волю Пана — пакліканне служыць экзарцыстам, калі я бачу чалавека, які пакутуе, то стаўлюся да яго як да чалавека, што апынуўся ў страшнай сітуацыі, пакутуе ад д’ябла. Выказваючы любоў да такога чалавека, я раздражняю гэтым дэманаў. Не аднойчы чуў ад іх: “Кінь! Яна табе ніхто! Ён табе ніхто!” Але яна ці ён — мае духоўныя дзеці.

Так што любоў да Бога і да чалавека дае ўнутраныя сілы. Аднак па-чалавечы — страшна.

Мой досвед экзарцыста зусім невялікі, у параўнанні з тымі, хто служыць па 15—20 гадоў. І кожны раз, калі пачынаецца маніфестацыя д’ябла — выяўленне д’ябальскіх сіл, нават калі знешніх праяў гэтага няма — адчуваю дрыжыкі па целе, мяне прабірае такое: “Уф!” Страх…

— А ён чаго баіцца?

— Першае — перакананы на сто працэнтаў — любові. Таму што Бог ёсць любоў.

— Можна сказаць, што калі ў сям’і каханне паміж сужэнцамі, любоў да дзяцей, то яму складаней?

— Так, у яго праблемы. Будзе шукаць нейкія пралазіны, але ў яго вялікія праблемы.

— Што гэта за спосабы?

— Перш за ўсё гэта духоўная спадчына чалавека. Я гэта назіраю, Госпад паказвае мне менавіта такі досвед, пра які я нідзе не чытаў, пра што мяне не вучылі ні ў семінарыі, ні ва ўніверсітэце (я скончыў Люблінскі каталіцкі ўніверсітэт).

— Маецца на ўвазе — чалавеку адгукаецца тое, што рабілі нашы таты, мамы, бабулі, дзядулі… 

— Так. І я сутыкаўся нават з пятым-шостым каленам роднасці. Выходзілі самыя розныя тэмы — варажба, праклёны, магія… Я нават правіла вывеў: калі ёсць нейкія праблемы з магіяй, то глядзі трэцяе-чацвёртае калена — нехта быў у гэта ўвязаны. І калі не пакаяўся, то будзе ўплываць на нашчадкаў.

Яшчэ адназначна ўплываюць аборты. Наступствы аборту — гэта адчыненыя дзверы для духа смерці — усяго, што не звязана з натуральнай смерцю чалавека.

Што такое натуральная смерць? Гэта старасць. Я падазраю, што калі ў пакаленнях сям’і назіраецца смерць у маладым узросце, то таксама ёсць нейкая д’ябальская прычына. Забойствы, самазабойствы, трагічныя смерці — на мой погляд, гэта нейкія маніпуляцыі духаў смерці.

— Як часта мы маем справу з “беснаватасцю”, а калі — з псіхічнымі захворваннямі?

— У мяне невялікі вопыт, таму цяжка сказаць. Але ў маёй практыцы ўжо былі выпадкі трох відаў: у тым ліку калі чалавек мае абедзве праблемы — і псіхічнае захворванне, і апантаны д’яблам. Іншымі словамі, бывае, што сур’ёзныя духоўныя праблемы ў выніку прыводзяць чалавека да псіхічнага захворвання.

Але, у асноўным, калі размова пра ашалеласць, то такога чалавека адразу ніколі не распазнаеш.

— Інакш кажучы, калі мы бачым, што чалавек паводзіць сябе як псіхічна хворы, то, хутчэй за ўсё, ён і ёсць псіхічна хворы?

— Правільна. Прабачце за параўнанне, але “беснаватых” мы часам можам убачыць на тэлеэкране — у пінжаку, сядзіць дзе-небудзь у парламенце, не кожны і зразумее.

— Пра галівудскіх зорак часам казалі, што яны прадалі душу д’яблу. Такое ёсць?

— Ёсць. Як сказана ў Евангелле, “па плодзе дрэва пазнаецца”. І не выпадкова жыццё многіх “зорак”, вядомых і папулярных людзей, заканчваецца жудасна. Гэта расплата.

Калі я яшчэ не быў экзарцыстам, то чытаў Аморта (адзін з самых вядомых экзарцыстаў каталіцкай царквы, былы экзарцыст Рымскай дыяцэзіі, — Заўв.). Яшчэ 25 гадоў таму ён гаварыў у інтэрв’ю, што ашалеласць — гэта рэдкія выпадкі. Але ў маёй асабістай невялікай практыцы ўжо падбіраецца пад дзясятак такіх прыкладаў. І гэта людзі рознага ўзросту, у тым ліку — дзеці. Вы запытаецеся, што ж такога маглі зрабіць дзеці? А ўсё ад сям’і. Чалавек не сам па сабе жыве, сям’я — гэта падабенства Троіцы, вобраз Божы ў нас. Таму ў сям’і — пачатак усяго.

— Вы заўсёды носіце з сабой незвычайны крыж…

— Гэта крыж святога Бенедыкта, яго носяць усе экзарцысты. Для мяне ён нават нейкі знак паклікання. Бо я быў яшчэ зусім маладым ксяндзом, калі адзін харызматычны польскі святар, божы чалавек, падарыў мне менавіта яго са словамі: “Змагайся са злом”. І гэты крыж са мной ужо дваццаць гадоў. Хаця і падумаць не мог, што некалі гэты крыж сапраўды стане крыжам экзарцыста. Ён у мяне ўжо не аднойчы развальваўся (дэманы яго разбіралі). І свой першы фінгал ад дэманаў я атрымаў таксама гэтым крыжам: я ім дабраслаўляў, заблізка падышоў да ашалелага — і атрымаў удар кулаком у адказ. Так што хадзіў з фінгалам, але дзякаваў Богу, што першы ўдар па твары атрымаў за малітву, за добрую справу.


— Мы гаварылі пра сувязь дзіцяці са сваёй сям’ёй. А ваша сям’я ў пакліканні дапамагла ці не спрыяла?

— Неяк напалову… Па лініі маці мая бабуля была зацятая каталічка. Дзякуючы ёй я пайшоў на першую споведзь. Яна мяне агітавала, казала: “Ты нейкі бальшавік удаўся…”

Я быў малодшым у сям’і (нас трое дзяцей — з сястрой розніца сем гадоў, з братам — пяць), савецкай школай, камунізмам прасякнуты, адказваў: “Бабуля, Бога няма, што ты чэпішся?”. Але яна настойвала: “Ты — малы-дурны, усё потым зразумееш. Рабі, што кажу”.

Так што бабуля нас і да хрышчэння прывяла, і да першай споведзі. Хаця мама першапачаткова не была досыць веруючай.

Я родам з Юрацішак (гэта Іўеўскі раён). Касцёла там тады не было, бо ў 50-я гады бальшавікі яго разабралі і пабудавалі клуб. Бліжэйшы касцёл знаходзіўся ў сямі кіламетрах ад нас, а ў Юрацішках — толькі праваслаўная царква. Помню, мама мяне малога ў яе вадзіла, таму што наша сям’я мешаная, і дзед праваслаўны. Памятаю старога бацюшку, 90-гадовага, мы доўга яго чакалі, ён доўга-доўга выходзіў з-за царскай брамы… Мне было так сумна, я і на падлогу ў царкве садзіўся, уставаў, і хадзіў… Вось такія ўспаміны.

І касцёла ў нас не было. На першую споведзь я ездзіў за чатырнаццаць кіламетраў, у Іўе. Шчыра кажучы — па прымусу бабулі, проста, каб яе супакоіць, каб адчапілася.

Так што не было ў мяне нейкага рэлігійнага асяроддзя, і маё пакліканне да веры гэта асобная тэма. Мама, як сказаў, не была практыкуючай каталічкай, тата не быў атэістам, але і веруючым не быў. У яго вышэйшая адукацыя, ён быў музыкантам, да рэлігіі ніяк не ставіўся. Святы мы адзначалі толькі з падачы бабулі: каляды, Вялікдзень, чырвоныя яйкі, — тым і абмяжоўвалася. Да таго ж, мае бацькі разышліся, тата пакінуў сям’ю, калі мне было сем-восем гадоў. Так што рос я без бацькі. І ўвогуле паміж маімі бацькамі былі складаныя адносіны, бо ў таты была алкагольная залежнасць. Мае дзіцячыя ўспаміны не вельмі шчаслівыя.

— Але зараз вы ўзначальваеце вялікую парафію, да вас звяртаюцца “ойча”… Як вы асэнсавалі такое сваё “бацькоўства”?

— Як асоба я “даспяваў” ужо будучы святаром, доўгія гады. Усе мае комплексы, мае праблемы заставаліся са мной. Не скажу, што з’яўляўся дрэнным святаром, але быў як быў. Больш — святаром правілаў: тое трэба зрабіць, гэта, каб усё было ясна, дакладна… Але Госпад даў мне некаторыя знакі, што трэба разабрацца з сабою. І гэты працэс дарастання да духоўнага бацькоўства быў няпростым. Але ў выніку я прымірыўся са сваім бацькам, перажыў вопыт даравання, і тады ўва мне — менавіта з гэтай кропкі адліку — пачало нешта нараджацца.

Так што як бы ў вас ні склаліся адносіны з бацькамі, якіх праблем з імі вы не перажылі — аднак галоўнае, што бацькі ў вас былі. Да мяне звяртаюцца розныя людзі (не толькі ашалелыя, не толькі тыя, каго “бесы” водзяць). І ў большасці выпадкаў прычынай праблем з’яўляецца менавіта праблема бацькоўства. Якраз зразумеў гэта, калі стаў экзарцыстам, Госпад даў мне перажыць такі досвед, калі я змагаўся за жыццё і душу маёй першай духоўнай дачкі.

nv-online.info

Поўны тэкст відэа размешчаны на Youtubе-канале магілёўскага дабрачыннага фонду «Адкрытыя сэрцы».