Дзень Волі ў Віцебску пад пагрозай з-за «сезонных захворванняў»
Старшыня абласной арганізацыі Партыі БНФ Леанід Аўтухоў падаў заяўку ў Чыгуначную раённую адміністрацыю Віцебска, каб 25 сакавіка правесці мітынг на віцебскім стадыёне «Лакаматыў». Старшыня абласной структуры руху "За Свабоду" Хрыстафор Жаляпаў прапануе арганізаваць мітынг таксама 25 сакавіка, але ў Парку імя 30-годдзя ВЛКСМ.
Прадстаўнікі дэмакратычных сіл вырашылі, што аб'яднаюцца, калі хаця б адно з двух мерапрыемстваў дазволяць, піша Праваабарончы цэнтр "Вясна". У тым, што на заяўкі будуць станоўчыя адказы, ёсць сумневы. Абодва месцы — гарадскія паркі, дзе мясцовыя адміністрацыі праводзяць свае масавыя акцыі, кажа Леанід Аўтухоў, які не спадзяецца атрымаць афіцыйны дазвол на святкаванне Дня Волі.
— Улада... ўжо не кантралюе сама сябе. Ёсць пастанова віцебскага гарсавета, дазволеныя месцы вызначаны, можна праводзіць любыя палітычныя акцыі. Ёсць палітычная структура, якая афіцыйна зарэгістравана ў аддзеле юстыцыі Віцебскага аблвыканкама. Я раблю заяўку, а міліцэйскі чыноўнік мне адказвае: Я не буду з вамі заключаць дамову.
Адмовілі ў падпісанні дамовы і ў паліклініцы. Медыкі спаслаліся на тое, што ўсе брыгады "хуткай дапамогі" заняты ў сувязі з пікам сезонных захворванняў. І з міліцыі прыйшоў адказ, што дамова будзе заключаны толькі ў тым выпадку, калі мерапрыемства дазволіць раённая адміністрацыя. Апошняя акалічнасць абурыла арганізатараў: іх абавязваюць выконваць рашэнне гарвыканкама, дзе напісана пра дамоўленасць з міліцыяй як першачарговую ўмову задавальнення заяўкі.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота vitebskspring.org