Душылі пакетам, зрэзалі скуру на пятках. Фігурант «справы анархістаў» Дзмітрый Дубоўскі распавёў, як іх катавалі

Сястра Дзмітрыя Дубоўскага Юлія атрымала спатканне з братам. «Гэта не проста сустрэча праз 13 месяцаў ягонага зняволення. Гэта першая наша з ім сустрэча праз 11 гадоў!», перадае яе словы тэлеграм-канал a_partisans. Падчас спаткання Дзмітрый распавёў сястры пра катаванні, якія ўжываліся да фігурантаў "справы анархістаў", і што адбывалася ў першыя дні пасля іх затрымання. Ад пачутага Юлія знаходзілася ў шоку.

photo_2021_12_28_14_40_20.jpg


«Не ведаю як, але мы перайшлі на тэму іх затрымання, іх катаванняў. У той момант мяне накрыў жах ад пачутага і страх, што нас цяпер перапыняць і выведуць з пакоя спаткання. Але ніхто не перапыніў. Я памятаю ўсё сказанае, як быццам урыўкамі, як быццам мой мозг не даваў мне ўсё запомніць. Я магу быць не дакладная ў нейкіх дэталях. Ці рабілі гэта з нашымі хлопцамі амапаўцы або памежнікі. Брат казаў, але я не памятаю. Ці катавалі іх разам ці ў асобных пакоях. У мяне ў вушах гучыць, што майго брата душылі, надзяваючы на галаву пакет, ён неаднаразова губляў прытомнасць. Ён спрабаваў апісаць, як са звязанымі за спінай рукамі яго як быццам адрывалі ад зямлі. Ён нават спрабаваў успомніць, як называецца гэтае катаванне. Сказаў, што рукі ўсе былі апухлыя і ў крыві ад сцяжак. Некалькі дзён у СІЗА КДБ не мог рухацца з-за пашкоджаных рэбраў. Сказаў, што ў Ігара (Аліневіча — рэд.) зрэзалі скуру на пятках. Пачаў распавядаць пра Сяргея, што яму давялося парэзаць сабе руку. Я яго спыніла. Рашэнне пачаць даваць паказанні і супрацоўнічаць са следствам прыняў Дзіма. Ён сказаў, што яму стала шкада хлопцаў і трэба было неяк спыніць гэтыя катаванні. І заявіць аб сваіх дзеяннях і стаць героямі. Ігар у гэтым рашэнні яго падтрымаў. І таму так важна для хлопцаў, што іх прызналі палітвязнямі і пра іх не забываюць».


Паводле Юліі, Дзіма распавёў ёй, што Сяргей Рамана падаў заяву ў Вярхоўны суд аб катаваннях.
«Калі Сяргей быў на некаторых пасяджэннях у судзе, хацеў убачыць і запомніць тых, хто іх катаваў. Не памятаю, колькі выклікалі ў суд з гэтых садыстаў, але з'явіўся толькі адзін. Са слоў брата, ён прама тросся там. Сяргей і Дзіма яго пазналі. Дзіма з самага пачатку хацеў заявіць пра катаванні, але адвакат сказаў, што скажаш на судзе. Але суд зрабілі закрытым і мы не ведаем усіх падрабязнасцяў. Але ж усё гэта агучвалася ў судзе, запісвалася і, вельмі спадзяюся, усё захаваецца. Бо прыйдзе час, калі ўсе датычныя да катаванняў нашых хлопцаў адкажуць перад законам. Брат казаў, што ўсё вельмі нацягнута пад тэракт. Камусьці гэта было трэба — зрабіць з іх тэрарыстаў. Дзіма сказаў, што ў сюжэце які круцілі па ТБ, што КДБ правёў спецаперацыю і вось удалося затрымаць такіх небяспечных тэрарыстаў. Гэта ўсё глупства. Іх затрымалі выпадкова памежнікі, і калі б не гэта, КДБ ніколі не даведаўся б і ніякай спецаперацыі не было. І напэўна павесілі б на кагосьці іншага ... Яшчэ Дзіма сказаў, што яны трое (акрамя Сяргея Раманава) вырашылі назваць сябе: паўстанцы, фракцыя анархістаў групы "Чорны сцяг". Сяргей вырашыў ніяк сябе не пазначаць…
Дзіма верыць, што ўвесь тэрмін сядзець не будзе. Але калі прыйдзецца — пройдзе гэты шлях... Ён сказаў: "Я пражыў такія найцікавыя 10 гадоў у сваім жыцці... Але я не мог не вярнуцца, калі ўбачыў, што адбывалася..."»


Нагадаем, у ноч на 29 кастрычніка 2020 года Ігара Аліневіча, Дзмітрыя Дубоўскага, Сяргея Раманава і Дзмітрыя Рэзановіча затрымалі пры перасячэнні беларуска-ўкраінскай мяжы. Іх прызналі вінаватымі ў акце тэрарызму, незаконным абароце зброі і яе перамяшчэнні праз мяжу.
22 снежня 2021 яны былі асуджаныя на вялікія тэрміны: Ігар Аліневіч — 20 гадоў Дзмітрый Дубоўскі — 18 гадоў
Дзмітрый Рэзановіч — 19 гадоў
Сяргей Раманаў — 20 гадоў.
Сам суд праходзіў у закрытым рэжыме з прычыны «абароны персанальных дадзеных пацярпелых».