Паўлу Вінаградаву прад'яўлена абвінавачанне па трох артыкулах КК

Вядомаму актывісту і блогеру Паўлу Вінаградаву прад'яўлена абвінавачанне па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 367 (паклёп у дачыненні прэзідэнта), арт. 130 (распальванне варожасці) і 342 (грубае парушэнне грамадскага парадку). Следства скончана, справа будзе накіравана ў пракуратуру для перадачы ў суд. Пра гэта паведаміла жонка палітвязня

pavel_vinahradau.jpg


Нагадаем, Паўла Вінаградава 22 снежня з дома ў Беразіно забраў АМАП. Падставай стаў травеньскі допіс Вінаградава ў сацсетцы, за які яго затрымлівалі раней. У допісе ён у іранічным ключы асуджаў заклікі некаторых палітыкаў выйсці на акцыі пратэсту 9 траўня.
Улетку Павел правёў 45 сутак на адміністрацыйным арышце, пасля чаго быў затрыманы па крымінальнай справе па арт. 367, але затым адпушчаны.
Па справе праводзіліся лінгвістычныя экспертызы. У канцы восені, як распавядаў Павел у сацсетцы, прыйшлі вынікі двух — яны ўстанавілі, што ў тэксце допісу не было паклёпу і заклікаў. 9 снежня Паўлу ў СК паведамілі, што прызначаная новая экспертыза з іншымі фармулёўкамі пытанняў і засакрэчаным імем эксперта. У СК абяцалі, што вынікі будуць гатовыя якраз да 20 снежня. 
Сёння Паўла Вінаградава праваабаронцы прызналі палітвязнем.