Апеляцыйная скарга Мікалая Дзядка будзе разгледжана ў студзені
Разгляд апеляцыйных скаргаў Мікалая Дзядка і ягонага адваката адбудзецца 25 студзеня 2022 года ў 9:30 у Вярхоўным судзе. Пра гэта «Новаму Часу» распавёў бацька Міколы Аляксандр Дзядок.
Нагадаем, прысуд блогеру, актывісту анархісцкага руху і аўтару «Новага Часу» Мікалаю Дзядку быў вынесены 22 лістапада 2021 года ў Мінскім гарадскім судзе. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках, захоўванні гаручых рэчываў і ў распаўсюджванні матэрыялаў у інтэрнэце і асудзілі да 5 гадоў калоніі.
Дзядок віну не прызнаў, і сказаў у апошнім слове: «А ўсім, хто мае дачыненне да палітычных працэсаў у маёй краіне, я хачу сказаць: "Не майце ілюзій. Ніякія напісаныя вамі паперкі, ніякі тэрор не спыніць развіццё і прагрэс. Мы ўсё роўна пераможам!"».
Да разгляду апеляцыі ў Вярхоўным судзе палітвязень знаходзіцца ў следчым ізалятары ў Магілёве.