Ціханоўская: Ці можна апраўдваць таго, хто выконвае злачынныя загады, тым, што ён — клапатлівы бацька і муж?

Святлана Ціханоўская пракаментавала жорсткія затрыманні падчас сённяшняга жаночага маршу.

Фота Дар'і Буракінай

Фота Дар'і Буракінай

«Сёння людзі ў балаклавах зноў груба затрымлівалі беларусак. Я паўтарала і паўтару зноў, што, як і ўвесь свет, захапляюся адвагай беларускіх жанчын усіх прафесій і ўзростаў. Вы моцныя і непераможныя.
Але што наконт саміх мужчын, якія, хаваючы абліччы, ужываюць сілу ў адносінах да жанчын? Ці можна спакойна жыць з такімі мужчынамі? Ці можна паважаць іх як мужоў — калі яны так абыходзяцца з намі? Ці можна апраўдваць таго, хто выконвае злачынныя загады супраць уласнага народа, тым, што дома ён — клапатлівы бацька і муж?
Ні адна жанчына не заслугоўвае быць затрыманай за праяву сваёй волі. Ні адна жанчына не заслугоўвае жыць з агрэсарам і гвалтаўніком. Ні адно дзіця не заслугоўвае бацькі, які, выходзячы з дому, затрымлівае чужых бацькоў і маці. Мы ўсе вартыя павагі ўласнай годнасці і нашых грамадзянскіх правоў. Мы гэта ведаем — і таму нас ужо не спыніць», — заявіла Святлана Ціханоўская.
Нагадаем, сёння падчас жаночага маршу, паводле праваабаронцаў, было затрымана амаль 80 чалавек, пераважна жанчын. Сярод іх, у тым ліку, журналісткі.