Брэст: за нацыянальныя сцягі — адміністрацыйныя пратаколы
У Брэсце 20 сакавіка за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга складзены адміністрацыйныя пратаколы ў дачыненні да двух актывістаў дэмсіл — Уладзіслава Бароўскага і Яўгена Хазіахметава.
18 сакавіка прыкладна ў 11.10 на вуліцы Маскоўскай побач з паркам Воінаў-інтэрнацыяналістаў, дзе ў гэты дзень быў вывешаны бел-чырвона-белы сцяг на ўстаноўленым на пастаменце бронетранспарцёры,
супрацоўнікі міліцыі спачатку затрымалі Бароўскага і Хазіахметава, а затым Андрэя Шарэнду.
Усе яны былі дастаўлены ў Маскоўскі РАУС Брэста. У міліцыі ў актывістаў узялі тлумачэнні.
Бароўскаму, які не адмаўляў, што вывешваў бел-чырвона-белы сцяг на бронетранспарцёры, а таксама Хазіахметаву, які заявіў пра няўдзел у акцыі, а толькі яе фатаграфаванне, уручылі позвы
з'явіцца 20 сакавіка ў Маскоўскі РАУС. Шарэнда ўказаў у міліцыі, што ён проста гуляў у гэтым раёне горада.
А 16-й гадзіне затрыманых адпусцілі з аддзела ўнутраных спраў без складання пратаколаў аб адміністрацыйным правапарушэнні.
Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, 20 сакавіка ў Маскоўскім РАУС у дачыненні да Бароўскага і Хазіахметава былі складзены пратаколы паводле ч. 1 арт. 23.34 КоАП (удзел у правядзенні
несанкцыянаванага мерапрыемства).
Паводле слоў Кісляка, пратакол 17-гадовага Бароўскага будзе разглядаць камісія па справах непаўналетніх адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста, матэрыялы адміністрацыйнай справы Хазіахметава
— суд Маскоўскага раёна.
"Як вынікае са складзеных сёння пратаколаў, у пікетаванні без дазволу Брэсцкага гарвыканкама ўдзельнічалі Бароўскі, Хазіахметаў і Шарэнда. Гэта азначае, што да адміністрацыйнай адказнасці
хочуць прыцягнуць іх усіх", — сказала праваабаронца.
На яго думку, улады выкарыстоўваюць існае заканадаўства для пераследу любых публічных форм выказвання меркавання грамадзянамі.
"Ва ўмовах калі ў Брэсце фактычна немагчыма атрымаць дазвол на правядзенне масавага мерапрыемства, моладзь выказвае сваё меркаванне без такіх дазволаў", — адзначыў праваабаронца.
Ларыса Шыганава, БелаПАН