Брэст: суд над незалежным журналістам Алесем Леўчуком адбыўся без яго ўдзелу
26 сакавіка ў судзе Маскоўскага раёна г.Брэста разглядалася адмінстрацыйная справа ў адносінах да Алеся Леўчука, але сам ён позвы на гэтае паседжанне не атрымаў і нават не здолеў даведацца, якое рашэнне прынятае судом.
Пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП быў складзены на незалежнага журналіста ўчастковым інспектарам РУУС Маскоўскага раёна г.Брэста Раманам Трафімуком.
Падставай для складання пратакола з’явілася публікацыя, змешчаная на інтэрнэт-старонцы тэлеканала “Белсат” за подпісам “А.Л.”.
Паводле слоў Алеся Леўчука, міліцыянт меў раздрукоўкі і іншых матэрыялаў са згаданага сайта, а таксама выпіскі з закона “Аб СМІ”. Раман Трафімук распавёў журналісту, што
аўтарства Ляўчука нібыта пацвердзілі суразмоўцы брэсцкага фрылансера, а таксама паведаміў, што суд паводле гэтай справы адбудзецца 26 сакавіка.
Аднак ніякай позвы на судовае паседжанне Алесь Ляўчук не атрымаў, а калі 26 сакавіка патэлефанаваў у суд Маскоўскага раёна г.Брэста, дык даведаўся, што справа ўжо разгледжана без яго ўдзелу.
Акрамя таго, журналісту адмовіліся па тэлефоне даць інфармацыю пра вынік судовага разгляду.
Алесь Ляўчук мяркуе, што ён зноў пакараны штрафам, як і напрыканцы мінулага года, калі суд Ленінскага раёна г.Брэста ўжо аштрафаваў незалежнага журналіста на 40 базавых велічынь (6 мільёнаў
рублёў). Тады таксама ўзгадвалася частка 2 артыкула 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, а Леўчука абінавацілі “ў незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ”.
spring96.org