Блізкія не вераць у негвалтоўную смерць Вітольда Ашурка

Два месяцы назад стала вядома пра смерць актывіста з Бярозаўкі Вітольда Ашурка. Палітвязень памёр у шклоўскай калоніі пры нявысветленых акалічнасцях. Сваякі мужчыны дасюль не атрымалі афіцыйных вынікаў судмедэкспертызы. «Белсат» паразмаўляў з блізкім сябрам Вітольда пра следства і высновы незалежнага эксперта, зробленыя перад пахаваннем.

69934855_2413990718868726_7543653040838934528_n.jpg

На пачатку ліпеня Андрэй Ашурак забраў братавы асабістыя рэчы з гарадзенскай турмы і Следчага камітэту ў Магілёве. Адзенне, гадзіннік, кнігі і стос лістоў, якія Вітольд, імаверна, не паспеў прачытаць у шклоўскай калоніі, куды яго этапавалі на пачатку траўня.
Родныя спадзяваліся атрымаць і дзённік палітвязня, пра які Вітольд не раз пісаў і які цытаваў у лістах на волю. Аднак дзённіка ў рэчах не знайшлося. Тады Андрэй Ашурак напісаў заяву на яго вяртанне, якую параіў скласці следчы ў справе смерці Вітольда. Блізкі сябра памерлага актывіста Віктар (імя змененае ў мэтах бяспекі. – Заўв. belsat.eu) расказаў «Белсату», што следчы пра дзённік не ведаў, але абяцаў наведаць калонію і пацвердзіць яго існаванне.
«Вітольд мне і шмат каму пісаў, што вядзе дзённік, дзе апісвае побытавыя ўмовы і тое, што з ім адбываецца. Наўрад ці ён наўпрост пісаў пра тое, што з ім робяць. Ён валодаў словам, быў начытаны і адукаваны. Думаю, тыя, хто ведаў яго, зразумелі б, пра што вядзецца. Але што ён пісаў насамрэч, невядома».

Незалежная экспертыза

Правяранне ў справе смерці Вітольда Ашурка трывае другі месяц. Следчы, паводле Віктара, папярэдзіў сваякоў, што экспертызы зоймуць шмат часу. У залежнасці ад іх вынікаў будзе вызначацца, ці распачнуць крымінальную справу аб смерці Вітольда. Аднак ці абнародуюць звесткі афіцыйных судмедэкспертаў і ці будуць яны праўдзівыя? Блізкія сумняюцца. Віктар кажа, што ўначы перад пахаваннем у дом маці Вітольда Ашурка запрасілі незалежнага эксперта, каб той агледзеў цела.
«Удалося зрабіць фота. Гэтая экспертыза таксама ў працэсе. Медык сказаў, што нос дакладна зламаны не ад падзення на падлогу, як пра гэта сказалі сваякам у моргу. Нос Вітольда хістаўся туды-сюды. Мы прыпадымалі павязку, але медык вырашыў не здымаць яе. Сказаў, баіцца, што можа не заматаць, бо ўжо былі прыкметы распаду тканак. Гэта ўскосна гаворыць пра тое, што ён мог памерці не 21 траўня, а раней».
Віктар сцвярджае, што незалежны адмысловец можа выказаць толькі здагадкі і асабістае меркаванне пра прычыны смерці Вітольда. Каб даказаць, што актывіста забілі, патрэбныя вынікі афіцыйных экспертызаў. Напрыклад, гісталагічнай. Ці пакажуць сваякам гэтыя дакументы, невядома. Віктар, як і іншыя сябры і блізкія, не верыць, што Вітольд памёр натуральнай смерцю.
«Мы схіляемся да таго, што яго забілі, як бы балюча гэта ні гучала. Забойства можа быць не наўпроставае. Катаванні голадам, бракам сну, – гэта забойства, крымінальнае злачынства. Вітольд быў спартовага целаскладу, жылісты, падцягнуты, на сэрца не скардзіўся. 25 апошніх гадоў не звяртаўся да дактароў. Нават на відэа з суда бачна, што ён крэпкі. Як і хто давёў яго да такога стану?»
Віктар узгадвае мантаваныя фрагменты відэа Следчага камітэту, у якім чалавек хістаецца і падае некалькі разоў. Мужчына кажа, што пазнаў Вітольда на ўсіх запісах, хоць шмат хто з блізкіх актывіста спачатку палічыў відэа пастановачным.
«Проста не хацелася верыць у тое, што з ім зрабілі. Але я пазнаю яго па форме галавы і сутуласці. Ён вельмі схуднелы, знясілены, скура ды косці. Уявіце, як выгружалі труну ў Доме развітання ў Бярозаўцы, усяго два чалавекі паднялі і паставілі яе на пастамент».
Вітольд быў бесканфліктны, некалькі разоў у размове паўтарае Віктар. У лістах да сябра актывіст пісаў, што да ўсіх ахоўнікаў звяртаецца «на вы», каб не губляць людскасці. Са Шклова ад Вітольда Віктару дайшло толькі два лісты.