+7 новых палітвязняў: журналісты і аналітыкі

Затрыманыя журналісты «Белсат» і «Радыё Свабода», а таксама Таццяна Кузіна і Валерыя Касцюгова прызнаныя палітвязнямі. Усяго ў Беларусі зняволенымі па палітычных матывах прызнаны 577 чалавек.

photo_2021_07_20_19_14_49.jpg


29 чэрвеня ў Беларусі была затрыманая і змешчаная пад варту экспертка ў сферы дзяржкіравання «SYMPA», вядомая прадстаўніца экспертна-аналітычнай супольнасці Беларусі Таццяна Кузіна. 30 чэрвеня пасля ператрусу затрыманая і змешчаная пад варту Валерыя Касцюгава — палітолаг, аналітык, рэдактар рэсурса «Наше мнение».
16 ліпеня пасля ператрусаў былі затрыманыя журналісты «Радыё Свабода» Алег Груздзіловіч, Інэса Студзінская і Алесь Дашчынскі, якія шмат гадоў прапрацавалі ў гэтым СМІ, вядомыя па матэрыялах, што асвятляюць найважнейшыя грамадска-палітычныя падзеі ў Беларусі, а таксама журналісты Ганна Галёта з тэлеканала «Белсат» і Ігар Ільяш.
У сувязі з гэтым прадстаўнікі праваабарончай супольнасці заяўляюць: на працягу доўгага часу ўлады Беларусі мэтанакіравана праводзяць палітыку абмежавання правоў і свабод, падвяргаючы рэпрэсіям прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і абмяжоўваючы магчымасці грамадзян свабодна шукаць і атрымліваць інфармацыю. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года гэты працэс імкнецца да крытычнай кропкі: уладамі дэманстратыўна душыцца любое іншадумства, а любыя дзеянні, якія маюць легітымныя мэты ў адпаведнасці з артыкулам 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах — права бесперашкодна прытрымлівацца сваіх меркаванняў, права на свабоднае выказванне свайго меркавання, уключаючы свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усялякага роду інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова або шляхам друку або мастацкіх форм выказвання, ці іншымі спосабамі па сваім выбары, становяцца падставай для адвольнага крымінальнага пераследу.
Праваабаронцы з трывогай канстатуюць, што прагрэсіўны і дэмакратычны падыход да рэалізацыі права па артыкуле 19 МПГПП у Беларусі выцясняецца агрэсіўнай дзяржаўнай прапагандай, што навязвае афіцыйную ідэалогію, якая распальвае нянавісць у дачыненні да іншадумства, альтэрнатыўных палітычных пазіцый і пераваг і асобных сацыяльных груп.
«Такім чынам, мы лічым, што пазбаўленне волі Таццяны Кузінай, Валерыі Касцюгавай, Алега Груздзіловіча, Інэсы Студзінскай, Алеся Дашчынскага, Ігара Ільяша, Ганны Галёта было ўжыта выключна пра іх перакананні, а таксама ў сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабоды выказвання меркаванняў і інфармацыі, гарантаванай Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах і Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод, а іх саміх — палітычнымі зняволенымі», — заяўляюць праваабаронцы.
Яны патрабуюць неадкладна вызваліць палітвязняў Таццяну Кузіну, Валерыю Касцюгаву, Алега Груздзіловіча, Інэсу Студзінскую, Алеся Дашчынскага, Ігара Ільяша, Ганну Галёта і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх. А таксама неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.