Беларуская дапамога ўкраінскім салдатам
Беларускія актывісты перадалі ахвяраванні, сабраныя ў Менску для параненых ўкраінскіх салдат.
Юрась Навіцкі, Тацяна Давыдзенка, Алесь Марчанка з беларускім сцягам у Кіеве каля станцыі метро «Алімпійская»
Сродкі, сабраныя на дабрачыннай акцыі салідарнасці з украінцамі «Мы любім украінскі боршч», перададзеныя Тацяне Давыдзенка з суполкі «Вайна і слова».
Дадаткова сабраныя па-за акцыяй 250 даляраў перададзеныя прадстаўніцтву «Валанцёрскай сотні» у Кіеўскім шпіталі.
Тацяна Давыдзенка — фатограф і выкладчык. Яна пачала займацца валанцёрскай працай 19 лютага. Спачатку збірала лекі і медычныя матэрыялы. Беларускі актывіст
Алесь Марчанка перадаў Тацяне Давыдзенка 704 даляры, 10 еўра і 65 грывень, сабраных на дабрачыннай акцыі салідарнасці з украінцамі «Мы любім украінскі боршч», якая
прайшла 9 верасня ў сядзібе Партыі БНФ. Валанцёрка шчыра падзякавала беларусам і распавяла некалькі слоў пра дзейнасьць сваёй суполкі:
«Калі пачалася вайна, я і мая сяброўка, жонка беларускага пісьменніка Сяргея Прылуцкага Алена Сцепаненка, мы зладзілі разавую акцыю — дабрачынны вечар, на
якім паэты чыталі свае вершы. Тады было сабрана больш за 5000 грывень. Мы з яшчэ некалькімі дзяўчатамі вырашылі праводзіць падобныя акцыі рэгулярна. Частку сродкаў збіраем праз такія акцыі, частку
нам ахвяруюць людзі. Вось толькі ўчора была на Форуме выдаўцоў ва Львове, размаўляла з Сяргеем Жаданам, які перадаў 12000 грывень. 1000 еўра пералічыў з Нямеччыны Юры
Андруховіч. Спачатку мы збіралі толькі на параненых, але зразумела, што бінтамі вайну не выграеш, мы збіраем грошы на ўсё, што трэба для нашых хлопцаў. Наш знаёмы Андрэй з сябрамі
разміноўваюць вызваленую зямлю ад тэрарыстаў. Цяпер з прыходам восені часта патрэбныя цёплыя рэчы», — кажа Тацяна Давыдзенка.
Дзяўчаты суполкі збіраюцца патраціць беларускія грошы на лекі і медычнае абсталяванне для параненых. Паводле Тацяны, шмат параненых у трох кіеўскіх шпіталях, а таксама ў Днепрапетроўскім, у
Львоўскім шпіталях. Частка лекаў і сродкаў будзе пераслана ў франтавыя шпіталі, дзе працуюць медыкі, якіх асабіста ведае Тацяна.
У Фэйсбуку створана адмысловая суполка «Вайна і слова». Там рэгулярна размяшчаецца празрыстая справаздача пра тое, куды расходуюцца сродкі. Яны ідуць на
экіпіроўку сапёраў, на лекі і медабсталяванне для параненых, побытавую тэхніку, у якой маюць патрэбу шпіталі (часта патрэбныя тыя ж пралкі). Купляюцца рацыі, дальнамеры. Для тых, хто хоча зрабіць
ахвяраванне з-за мяжы, ёсць міжнародны рахунак.
Яшчэ 250 даляраў, якія былі сабраныя для параненых украінцаў па-за акцыяй «Мы любім украінскі боршч» перададзеныя ў прадстаўніцтва «Валанцёрскай сотні», якая
месіцца ў Галоўным вайсковым клінічным шпіталі.
svaboda.org