БАЖ патрабуе ад СК распачаць крымінальную справу за перашкоду законнай прафесійнай дзейнасці дзясяткаў журналістаў

ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" патрабуе ад старшыні Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь распачаць крымінальную справу па факце падзей 27 жніўня 2020 года, калі ў дачыненні да дзясяткаў журналістаў было ўчыненае злачынства, прадугледжанае арт. 198 КК Рэспублікі Беларусь ("перашкода законнай прафесійнай дзейнасці журналіста").

Фота: "Наша Ніва"

Фота: "Наша Ніва"

27 жніўня ў Мінску на плошчы Свабоды, на плошчы Незалежнасці, на праспекце Незалежнасці, а таксама ў Брэсце супрацоўнікамі органаў унутраных спраў былі затрыманыя дзясяткі журналістаў, якія працуюць у СМІ, у тым ліку і ў замежных. Гэтыя журналісты асвятлялі грамадска-палітычнае жыццё ў нашай краіне, адзначае БАЖ. Большасць затрыманых былі дастаўленыя ў РУУС Кастрычніцкага раёна Мінска. У дачыненні да большасці пратаколы аб затрыманні не складаліся, правы затрыманых не тлумачыліся.

Супрацоўнікамі міліцыі ў адвольным парадку знішчалі зыходныя матэрыялы здымак, якія ўяўляюць сабой інтэлектуальную ўласнасць журналістаў і СМІ.

Усё гэта суправаджалася пагрозамі пашкоджання або знішчэння прафесійнай тэхнікі журналістаў.

БАЖ звяртае ўвагу Следчага камітэта, што такія масавыя злачынствы з'яўляюцца перашкодай законнай прафесійнай дзейнасці журналістаў, прымусам іх да адмовы ад распаўсюджвання інфармацыі, учыненых з пагрозай прымянення гвалту, знішчэннем або пашкоджаннем маёмасці, ушчамленнем правоў і законных інтарэсаў журналістаў.

Паводле baj.by