У Мінску на плошчы Свабоды масава затрымалі журналістаў

Усе журналісты, якія сёння, 27 жніўня, былі на плошчы Свабоды ў Мінску, затрыманыя.

Фота: Вадзім Заміроўскі, TUT.BY

Фота: Вадзім Заміроўскі, TUT.BY


Усіх журналістаў, якія прыйшлі асвятляць падзеі на плошчы Свабоды ў Мінску, затрымалі і адвялі ў міліцэйскі аўтобус для праверкі, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Паведамляецца, што ўсіх журналістаў вязуць у Кастрычніцкае РУУС.

Затрыманыя як мінімум 13 чалавек: Уладзь Грыдзін ("Радыё Свабода"), Захар Шчарбакоў і Сяргей Сацюк (БелаПАН), Вадзім Заміроўскі і Станіслаў Шаршукоў (TUT.BY), Васіль Фядосенка і Уладзімір Косцін (Reuters), Кацярына Андрэева і Максім Калітоўскі (Белсат), Надзея Бужан ("Наша Ніва"), Дзмітрый Лавецкі (AP), Сяргей Бабылёў (ТАСС), фатограф Аляксандр Васюковіч.

Прэс-служба МУС Беларусі у сваім тэлеграм-канале «ў сувязі з тым, што паступаюць звароты аб затрыманні ў цэнтры Мінска журналістаў», паведаміла: «Сёння журналісты дастаўленыя (не затрыманыя!) у Кастрычніцкае РУУС горада Мінска для праверкі дакументаў, якія пацвярджаюць законнасць іх прафесійнай дзейнасці. Журналісты зарэгістраваных СМІ, а таксама замежныя журналісты, акрэдытаваныя пры Міністэрстве замежных спраў, будуць адпушчаныя».